Гордость матери и радость учителей

“Спартсменка, камсамолка і проста прыгажуня,” – гэта не толькі цытата з кінафільма. Так можна сказаць пра выпускніцу СШ №1 г.Каменец Юлю Грысевіч. Вашай увазе – гутарка з ёю.
Ведаю, што ты актыўна ўдзельнічаеш ў грамадскім жыцці школы. Раскажы, калі ласка, падрабязней.
– У нашай школе дзейнічае пярвічка ГА “БРСМ”, якая называецца школьным аб’яднаннем «Мы». Мне даручана быць яго прэзідэнтам. Разумею ўсю меру адказнасці, стараюся не падвесці. Мы пастаянна праводзім розныя мерапрыемствы і акцыі, робім добрыя справы, не чакаючы за іх нічога. Напрыклад, разам з раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа мы наведвалі Пелішчанскі сацыяльны прытулак. Разам з дзецьмі, якія выхоўваюцца там, не так даўно хадзілі ў басейн. У мяне нават з’явілася добрая сяброўка – трынаццацігадовая Каця. Ведаеце, вельмі добрая дзяўчынка! Спадзяюся, што ўсё ў яе ў жыцці складзецца ўдала. Дарэчы, Каця нават ў госці ў нашу школу прыязджала.
Якія ў цябе захапленні?
– Музыка, танец, спевы. Скончыла ў свой час Камянецкую дзіцячую школу мастацтваў па класе “цымбалы”. Не планую звязваць сваё жыццё з музыкай, але для агульнага развіцця, думаю, такія веды зусім не перашкодзяць. Памятаю першыя гады навучання – загарэлася не на жарт! А потым ужо азарт спаў. Кідаць не думала, давучылася, атрымала пасведчанне і ніколькі не шкадую. Акрамя цымбалаў, асвоіла яшчэ і гітару, самастойна навучылася іграць. Сябры кажуць, што атрымліваецца. Яшчэ хадзіла некалі ў царкоўны хор. Мы разам ездзілі ў Мінск і Польшчу, дзе, дарэчы, занялі першае месца.
– А як наконт танцаў?
– Дзесяць гадоў займаюся ва ўзорным ансамблі эстраднага танца «Капрыз». Заняткі мне вельмі падабаюцца, дзякуй за тое нашаму кіраўніку – Валянціне Валянцінаўне Крывец. Цяпер, у сувязі з паступленнем і экзаменамі, давялося больш часу адвесці на вучобу. Разумею, што трэба ахвяраваць захапленнямі дзеля галоўнага.
Умееш што-небудзь рабіць сваімі рукамі?
– Тое-сёе ўмею. Хадзіла ў розныя гурткі цэнтра пазашкольнай работы. Займалася лепкай, саломкай, батыкам, бісерапляценнем, спрабавала сябе на тэатральнай сцэне. Нечым захаплялася доўга, з нечым проста знаёмілася. Хачу яшчэ паспрабаваць роспіс па шкле. Гэта вельмі прыгожа.
Як лічыш, твае поспехі – гэта вынік бацькоўскага выхавання ці тваіх уласных намаганняў?
– Усе мае дасягненні – гэта заслуга бацькоў. Я і сёння памятаю, як прыходзіла са школы і вельмі не хацела садзіцца за ўрокі. Цягнула на вуліцу, да сяброў. Але тут на дапамогу прыходзіў тата, літаральна прымушаў рабіць хатнія заданні, справа даходзіла часам нават да слёз! Сядзела, плакала, але займалася. Цяпер я, вядома, разумею, што менавіта старанні і намаганні бацькоў дапамаглі мне дасягнуць поспехаў. З часам мяне ўжо не трэба было прымушаць рыхтаваць урокі, я ведала сама, што трэба вучыцца, успрымала гэта як належнае.
Куды думаеш паступаць?
– Збіраюся ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на бізнес-адміністраванне. Ужо вырашыла для сябе таксама, дзе буду працаваць па заканчэнні яго, але гэта – сакрэт.
Чаму ж Брэст? З тваімі ведамі і жыццёвай пазіцыяй можна і сталіцу пакарыць.
– Я дамашні чалавек, мне хочацца быць бліжэй да дома, сям’і. А самае галоўнае: у мяне хутка будзе малодшая сястрычка, пра якую даўно марыла. Я вельмі шчаслівая. Такі падарунак! Куды ж ехаць, калі дома будзе чакаць сястрычка? Увесь вольны час прысвячу ёй. І маме зараз як ніколі патрэбна мая дапамога, бо хто, калі не я? Бацькі з дзяцінства прывівалі мне працавітасць: памыць посуд, папрасаваць бялізну, дапамагчы на агародзе – для мяне гэта нескладана.
Рыхтуешся да выпускнога балю?
– А як жа! Не хочацца развітвацца са школай, але што зробіш. Буду сумаваць… Я нават верш напісала пра гэта, а там і музыка прыйшла. На выпускным выканаю сваю песню. Хочаце паслухаць – прыходзьце. Вершы я, між тым, пішу больш для сябе. Калі шмат эмоцый ці здараецца нешта важнае, цікавае, бяру ў руку аловак – і словы льюцца на паперу. Удзельнічала ў раённым літаратурным конкурсе маладых талентаў “Дэбют”, была адной з пераможцаў.
– Ці ёсць у цябе цяпер прадчуванне нечага новага?
– Ёсць, безумоўна. Страшна крыху, баюся не паступіць. А там яшчэ і новы калектыў, давядзецца будаваць адносіны з нуля. Я так прызвычаілася да сваіх аднакласнікаў!
Раскажы пра іх…
– Мне пашанцавала, бо наш клас вельмі актыўны. Нікога не трэба прымушаць нешта рабіць, некаму дапамагчы. Не так даўно мы наведвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай, каму на агародзе падмога патрэбна, каму – дома. Займаліся таксама добраўпарадкаваннем парка, збіралі смецце. Ведаеце, калі побач з табой сябры, гэта вельмі дапамагае.
І напрыканцы што ты пажадаеш выпускнікам?
– Хачу пажадаць здзейсніць тое, што запланавалі, дасягнуць жаданага. І заўсёды памятаць: ваша мара – гэта толькі ваша мара, няважна, хто і што на гэты конт гаворыць. Змагайцеся за мару, і ўсё ў вас атрымаецца!

Гутарыла Кацярына БОЛДЫШ
Фота аўтара

Добавить комментарий