Горад запальвае агні

IMG_2277Вечаровыя вуліцы Каменца і Высокага напярэдадні, у час навагодніх святаў і пасля іх так і клічуць аматараў прагулак блукаць, любавацца і здзіўляцца! Безліч зіхоткіх агеньчыкаў… На будынках устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый, прыватных дамах, агароджах. Нябачныя ў паўзмроку ніці, на якіх трымаюцца агні, уплецены ў галіны дрэваў (не толькі ёлак!). Так два гарады нашага раёна сустракалі Новы 2013 год.

На пачатку яго падводзілі вынікі конкурсу на лепшае навагодняе афармленне прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Каменца і Высокага, аб’яўленага папярэдне на старонках “НК”. Уважлівая камісія праехала вячэрняю парой па вуліцах гарадоў, каб вызначыць, хто ж пераўтварыў месца жыхарства ці працы ў навагоднюю казку.

Каменец

За лепшае навагодняе афармленне ў групе прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і індывідуальных IMG_2318прадпрымальнікаў першага месца ўдастоена ААТ “Камянецкі райаграсэрвіс” (узнагарода – пяць базавых велічынь), другога – “Камянецкае ПМС” (тры), трэцяга – аддзел культуры райвыканкама (дзве).

Сярод гаспадароў уласных жылых дамоў і кватэр за бязмежную фантазію і любоў да прыгажосці адзначана сям’я Анатолія Карпавіча і Тамары Іванаўны Пашковічаў, што жывуць па вул.Кіжаватава, д.5 (іх узнагарода за першае месца – тры базавыя велічыні). На другую прыступку святочнага п’едэстала паднялася сям’я Уладзіміра Уладзіміравіча і Галіны Іванаўны Уласюкоў, дом №26 па вул.Леніна (дзве базавыя), а на трэцюю – сям’я Сяргея Уладзіміравіча і Таццяны Мікалаеўны Ладуцькаў – вул.Гастэлы, д.8 (адна базавая).

Камісія адзначыла афармленне адміністрацыйных будынкаў і вытворчых тэрыторый: інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па раёне, аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ, райспажыўтаварыства, ЖКГ, фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, ПМК-14, раёна электрычных сетак, райгаза, каапнарыхтпрамгандлю, ПГУП “Гермес Трэйд”, архітэктуры, СПМК-19;

а таксама крэатыўнасць падыходу да аздаблення наступных прыватных жылых дамоў і прыдамавых тэрыторый: д.д.1, 7, 10, 11 па вул.Піянерскай, д.37 па вул.Брэсцкай, д.4 кв.1, д.8 кв.1, д.8 кв.2 па вул.Кастрычніцкай, д.43 па вул.1 Мая, д.1 кв.2 па вул.Леванеўскага.

IMG_2280Высокае

У групе прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў лепшым стаў філіял “Высокаўскае ДРБУ-137” КУП “Брэстаблдарбуд” (пяць базавых велічынь).

Другое і трэцяе месцы камісія вырашыла не прысуджаць у сувязі з недастатковым святочным афармленнем адміністрацыйных будынкаў і прылеглых вытворчых тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый горада.

Сярод уласнікаў асабістых жылых дамоў і кватэр першае месца заняла сям’я Сяргея Аляксеевіча і Аляўціны Мікалаеўны Багнюкоў, што жыве па вул.Славянскай, д.14 (тры базавыя велічыні), другое – сям’я Уладзіміра Уладзіміравіча і Вольгі Анатольеўны Жалнерчыкаў, завулак Заслонава, д.13 (дзве базавыя), трэцяе – Уладзіміра Мікалаевіча і Наталлі Сяргееўны Пастарнакаў, вул.Славянская, д.1 (адна базавая).

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий