Гаспадарлівасць

Ужо не адзін дзясятак год працуе вадзіцелем Васілій Якавук, які лічыць, што “трэба быць простым чалавекам, тады да цябе пацягнуцца людзі”…

Нарадзіўся будучы вадзіцель у вёсцы Юўсічы. Бацькі працавалі ў калгасе (маці – поварам, бацька – механізатарам). Калі быў у старэйшых класах, то працаваў памочнікам камбайнера. Разам са сваім старэйшым таварышам займалі першыя месцы на ўборцы.

Пасля школы пайшоў у армію. Трапіў у далёкі Севастопаль, дзе праслужыў тры гады. Калі армейскія будні скончыліся, вярнуўся ў родную вёску, а на работу ўладкаваўся ў тагачасны калгас “Праўда” вадзіцелем аўтамабіля ГАЗ-53. На ім з’ездзіў не адну сотню кіламетраў да 1997 года. Пасля гэтага была праца вадзіцелем, але ўжо легкавушкі – вазіў кіраўнікоў гаспадаркі.

У тым жа годзе Васілій Якавук змяніў статус “халасты” на “жанаты”. Знайшоў сваю другую палавінку ў суседніх Каленкавічах. З тых часоў нікуды любую Святлану далёка не адпускае. У сям’і расце дачушка Таццяна, якая радуе бацькоў добрымі адзнакамі ў школе. Калі ўтварылася новая маладая сям’я, гаспадарка адразу забяспечыла яе домам у Юўсічах…

Цяпер Васілій Якавук працуе на ГАЗе-53. Падчас майго прыезду мужчына шчыраваў на адвозцы бульбы на крухмальны завод.

На маё пытанне, чым жа любіць займацца Васілій Васільевіч у вольны час, ён з усмешкай адказаў: “Галоўным заняткам у такую хвілінку з’яўляецца ўласная гаспадарка. Акрамя таго, побач з домам – прысядзібны ўчастак, які таксама патрабуе да сябе ўвагі”. З гутаркі таксама стала вядома, што любіць мужчына пабалаваць сваю сям’ю смачнымі стравамі – а гэта сёння вельмі рэдкі выпадак.

Добавить комментарий