Гарачы ліпень 44-га

У музеі баявой і працоўнай  славы СШ №1 г.Каменец захоўваецца нямала матэрыялаў аб баявых дарогах 50-й Гвардзейскай Данецкай двойчы Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі. І ў 1944-м гэтыя дарогі прывялі мужных воінаў на камянецкую зямлю. Прывялі не проста так. Ім суджана было стаць Вызваліцелямі нашымі. А Вызваліцеляў трэба ведаць у твар…

Іх подзвіг апісваецца на старонках, надрукаваных на машынцы. Вось некаторыя вытрымкі, што тычацца менавіта вызвалення Каменца і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў:

“Далёка за спінай засталіся вызваленыя Баранавічы і Пружаны, рака Лясная Левая, якую ўдалося фарсіраваць. Па левым яе беразе 148-ы полк 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі працягваў наступленне на Крыўляны і Падрачаны. Да сыходу 19 ліпеня 150-ы і 152-і палкі фарсіравалі Лясную Правую ў раёне Чарнакоў і Шышова. Прыклад смеласці і мужнасці паказала аддзяленне 150-га палка пад кіраўніцтвам Ігошына: пад моцным агнём ворага прабраліся па багне да ракі, перайшлі яе ўброд, уварваліся ў траншэю ворага ў Шышовай. Сяржант Ігошын з ручнога кулямёта знішчыў больш за 25 немцаў і пратрымаўся з аддзяленнем да падыходу сваёй роты. Пасля гэтага ўдалося выйсці на подступы да Каменца.

Раніцай 20 ліпеня, пры падтрымцы агню артылерыі і авіяцыі, пяхота і 30 танкаў перайшлі ў атаку на ўчастку 148-га палка. Наносячы ўдар на Чамяры-2 і Крыўляны, немцы спрабавалі збіць частку дывізіі з плацдарма ў раёне Крыўлян і Падрачан. Увесь дзень воіны палка Сіненкі, артылерысты знішчальна-процітанкавага дывізіёна Волкава і дывізіёна Рабаконя адбівалі атакі. Панёсшы страты, немцы вярнуліся ў зыходнае становішча, ноччу перагрупаваліся, падцягнулі свежыя сілы і раніцай 21 ліпеня пяхота і 50 танкаў зноў перайшлі ў наступленне ў накірунку Прускі Багуслаўскай. Як і ў папярэдні дзень, асноўны ўдар наносіўся ў накірунку 148-га палка. Варожыя самалёты без канца бамбілі яго пазіцыі. Стралковыя батальёны прапускалі праз свае пазіцыі варожыя танкі і вялі бой з пяхотай, якая ішла за імі. Артылерысты дазвалялі танкам наблізіцца і сустракалі іх агнём. Батарэя старшага лейтэнанта Левашова і бранябойшчыкі сяржанта Галоўчанкі 148-га палка знішчылі 8 танкаў. Калі пушкі і процітанкавыя стрэльбы выйшлі са строю, яны білі немцаў з аўтаматаў і гранатамі. Мужнасць праявілі воіны батальёна маёра Калача і роты аўтаматчыкаў старшага лейтэнанта Сямёнава. Да апошняга чалавека вялі бой гвардзейцы знішчальна-процітанкавага дывізіёна Волкава. Батарэю капітана Паўлава атакавалі 11 танкаў, узвод лейтэнанта Грыгор’ева – больш за 20. Нягледзячы на колькасную перавагу ворага, гэты ўзвод знішчыў некалькі танкаў. Калі ўсе гарматы былі пашкоджаны, лейтэнант Грыгор’еў з тымі, хто застаўся жывым, вёў бой з пяхотай. У адной з батарэй каля гарматы засталіся толькі наводчык Губараў і зараджаючы Хадакоў. Яны знішчылі 2 танкі. Сяржант Кавальчук і яфрэйтар Малачэнка падбілі 3. Таксама адзін застаўся ля гарматы радавы Плахатнік, які страляў па танках да той пары, пакуль не падышоў на дапамогу кулямётны разлік старшыны Платухі.

Загінулі амаль усе батарэі знішчальна-процітанкавага дывізіёна, але вораг не змог знішчыць плацдарм на левым беразе ракі Лясная Левая.

Полк і кавалерыйскія часці 4-га кавалерыйскага корпуса пайшлі ў наступленне на Каменец. Да сыходу 21 ліпеня полк заняў Тапалі і лес ля Падрачан. У 7.00 22 ліпеня батальёны палка ўвайшлі ў Каменец.

27 ліпеня было вызвалена Высокае, а ўжо 30-га 50-я дывізія знаходзілася на мяжы нашай краіны.”

Вызваліцелі пайшлі далей, бо недзе зусім блізка пакутавала пад фашысцкім ботам іншая зямля. Яны пакінулі за сабой вызваленыя вёскі і гарады, жыхары якіх ніколі не забудуць, каму абавязаны воляй. Яны пакінулі за сабой магілы аднапалчан і пакляліся памятаць. І памяталі, і расказвалі дзецям сваім, калі скончылася вайна. І ўсё адно многа імёнаў засталіся невядомымі. Тым больш трэба берагчы памяць пра тых, чые імёны нам вядомыя. Вось толькі восем Вызваліцеляў нашай зямлі, якія загінулі на полі бою 19-23 ліпеня 1944 года…

Молатаў Пётр Аляксандравіч, радавы ваеннай часці пяхотнага палка 92966. Загінуў 19.07.1944 г.

Корсун Канстанцін Цімафеевіч, гвардыі радавы штаба 148-га гвардзейскага стралковага палка. Загінуў 19.07.1944 г.

Лагун Валянцін Фёдаравіч, радавы 371-га стралковага палка. Загінуў 20.07.1944 г.

Цыганкоў Рыгор Данілавіч, малодшы сяржант 371-га стралковага палка. Загінуў 20.07.1944 г.

Арахоўскі Іван Максімавіч, старшы сяржант пяхотнага палка 81180. Загінуў 21.07.1944 г.

Абросімаў Анатолій Сяргеевіч, радавы 646-га стралковага палка. Загінуў 21.07.1944 г. (на здымку злева).

Ботаў Іван Васільевіч, радавы пяхотнага палка 33375. Загінуў 22.07.1944 г.

Кушнір Лук’ян Паўлавіч, радавы. Загінуў 23.07.1944 г.

А нехта памёр у шпіталі ў вёсцы Шчэрбава крыху пазней: у канцы ліпеня – пачатку жніўня…

Цішчанка Якаў Дзямідавіч, радавы. Памёр ад ран 25.07.1944 г.

Яравенка Пётр Давыдавіч, радавы 154-га стралковага палка. Памёр ад ран 26.07.1944 г.

Беражны Пётр Сяргеевіч, радавы 59-га аддзялення медсанбата. Памёр ад ран 26.07.1944 г. (на здымку справа).

Ільінскі Аляксей Аляксандравіч, малодшы сяржант 664-га стралковага палка. Памёр ад ран 27.07.1944 г.

Уліцін Іван Фёдаравіч, радавы пяхотнага палка 04040. Памёр ад ран 29.07.1944 г.

Абраменка Мікалай Іванавіч, радавы. Памёр ад ран 29.07.1944 г.

Кузьменка Рыгор Мацвеевіч, радавы. Памёр ад ран 31.07.1944 г.

Берагавы Пётр Фёдаравіч, радавы эвакашпіталя 5193. Памёр ад ран 17.08.1944 г.

Шаснаццаць чалавек. Маленькая кропля ў моры. Але яна важыць больш, чым зямны шар, на якім былі яны – Вызваліцелі.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота з архіваў музея баявой

і працоўнай славы СШ №1 г.Каменец.

Добавить комментарий