Гарачая серада…

IMG_7827Да сярэдзіны сакавіка ў краіне будуць праводзіцца пажарна-прафілактычныя мерапрыемствы. Не стаў выключэннем і наш раён. 30 студзеня адбыўся першы рэйд, удзел у якім прыняў амаль увесь афіцэрскі састаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Мэта акцыі – выявіць і выкараніць факты парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі.

Адна з груп у складзе супрацоўнікаў МНС, сацыяльнага педагога Пелішчанскай сярэдняй школы і карэспандэнта раёнкі накіравалася ў рэйд па Пелішчы і навакольных вёсках. Нашай мэтай было наведаць сем’і, якія адносяцца да разраду нядобранадзейных і шматдзетных; людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, і тых, хто ў мінулыя гады “засвяціўся” падчас праверак.

Першыя жыхары кватэры, у якую завіталі, сустрэлі нас добра. У ёй жыве жанчына, сужыцель і яго маці. У сям’і выхоўваецца сын-школьнік. У памяшканні цёпла, чыста і ўтульна. Пытанне: чаму сям’я нядобранадзейная? Жанчына сама прызналася, што часам выпівае. Што тычыцца пажарнай бяспекі – на першы погляд усё ў парадку: апавяшчальнікі працуюць, электраправодка правільна праведзена. Але позірк прафесіяналаў упаў на падаўжальнік, заматаны ў некалькіх месцах ізаляцыйнай стужкай, ды і з пробкамі ў электралічыльніку не ўсё ў парадку. На шчасце, жанчына пагадзілася з усімі з рэкамендацыямі і згадзілася заплаціць штраф (на першы раз ён складае 0,1% базавай велічыні).

У другую кватэру па суседстве зайшлі не таму, што ў ёй жывуць бацькі,  якія раней лічыліся нядобранадзейнымі. У сям’і – шасцёра рознаўзроставых дзяцей. У кватэры ідзе рамонт. Гаспадары запэўнілі, што ўсё ў іх добра. І сапраўды: апавяшчальнікі – рабочыя, з пробкамі – парадак. Вось толькі рамонт, па словах аднаго з інспектараў, цягнецца ўжо не першы год…

Па трэцім адрасе зазірнулі з той прычыны, што ў ім маці-адзіночка выхоўвае траіх дзяцей. Дом ўразіў сваёй непрывабнасцю адразу. У сярэдзіне – таксама нічога добрага. Адразу кінулася ў вочы тое, што на стале бляшанка з недакуркамі (вынік: кураць у доме. А як жа дзеці?) Пасля гэтага падаўжальнік з мноствам разетак ужо не здзівіў. Печка – у аварыйным стане, яшчэ і шкарпэткі сушацца! Праверылі лічыльнік, і тут, без сумненняў, нават неспецыялісту вузкага профілю было відаць яшчэ здалёк: сітуацыя крытычная. Слёзы “гаспадыні” ніяк не паўплывалі на строгага намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях – штраф без размоў. Яшчэ ў мінулым годзе было выказана патрабаванне тэрмінова замяніць лічыльнік і пробкі. Словы тыя, відаць, як аб сцяну гарох. Такі недагляд можа выліцца маладой гаспадыні яшчэ больш горкімі слязамі, калі сюды прыедуць прадстаўнікі сацапекі…

І ў наступны дом заехалі, бо там жыве мінулагодні “залётчык”. У 2012-м ён шчыра абяцаў выправіць усе непаладкі. Вось і праверылі. Падмануў. А цяпер у доме з’явіліся IMG_7824чацвёра дзяцей… Вердыкт – штраф.

Яшчэ некалькі адрасоў сустрэлі нас замкамі на дзвярах. Сям’ю, якая стаіць на ўліку, не ўдалося наведаць. Гаспадары, відаць, заўважылі актыўнасць непадалёк ад жылля і паспелі замкнуцца знутры. Няхай гэта будзе на іх сумленні, бо пытанні былі б адназначна. Хто не вінаваты, той не баіцца…

Апошні дом знаходзіўся ў суседніх Якубовічах. Туды прапанаваў заехаць сацыяльны педагог. Дом на ўскрайку вёскі, на доўгіх шнурках мноства памытай бялізны. Усё, здаецца, добра, але сустракала гаспадыня… нецвярозая. Зайшлі ў хату. Такога сёння яшчэ не было. Кухня, ля печкі гара дроваў, побач выбраны попел, перадтопачнага ліста няма. Наступны – пакой, дзе спяць дзеці-школьнікі. Слоў няма, адны эмоцыі… Пробкі ў лічыльніку дрэнныя, апавяшчальнікі зафарбаваныя гады тры таму, хаця гаспадыня бажылася, што мяняла батарэйку “буквально на днях”. Вынік: не дапамаглі ёй звароты “дарагі” ды “міленькі” да правяраючага, закон для ўсіх адзін. А сацыяльны педагог паабяцаў, што ў пятніцу прыедзе не адзін, а з прадстаўнікамі сацапекі – узнікла пытанне аб пазбаўленні гора-маці бацькоўскіх правоў.

Спачатку папярэджаннем, а потым і штрафам да 30-і базавых велічынь заканчваюцца для парушальнікаў правілаў пажарнай бяспекі такія рэйды-праверкі. У раёне яны будуць праводзіцца кожную сераду. Асаблівая ўвага – шматдзетным сем’ям, адзінокім састарэлым людзям, а таксама нядобранадзейным сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

Ратаўнікі не перастаюць нагадваць гаспадарам дамоў, каб сачылі за спраўнасцю праводкі, пячнога і газавага ацяплення, не курылі ў ложку і не пакідалі дзяцей без нагляду. Няхітрыя правілы. Але як часам цяжка дабіцца іх выканання! Аднак многае залежыць ад саміх віноўнікаў вогненных трагедый і ад тых, хто жыве побач. І толькі аб’яднаўшы намаганні, можна застрахавацца ад такіх сітуацый.

Андрэй ПАРАФЯНЮК,

Генадзь КОХНЕНКА,

супрацоўнікі райаддзела

па надзвычайных сітуацыях;

Наталля ГРЫЦУК,

карэспандэнт “НК”.

1 thought on “Гарачая серада…

Добавить комментарий