Ганарымся Валянцінай

З 7 па 10 лістапада ў Мінску прайшоў фестываль “Ружа вятроў Hair-2012”, які праводзіцца для папулярызацыі прафесій цырульніка, візажыста, фатографа, майстра па манікюры і педыкюры, выяўлення маладых талентаў, абмену прафесійным вопытам з майстрамі іншых краін, развіцця эстэтычнага густу моладзі і прафесійнага развіцця па ўсіх накірунках цырульніцкага майстэрства. Акрамя таго, можна выбраць лепшых майстроў, з якіх будзе сфарміравана зборная каманда ад Мінска для ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі “Стыль і прыгажосць” і нацыянальная зборная Беларусі па цырульніцкім майстэрстве.

У фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі. Цырульнікі выконвалі крэатыўную прычоску, класічную стрыжку з укладкай, модную прычоску на доўгіх валасах, вячэрнюю прычоску, модную салонную стрыжку, стваралі поўны жаночы і мужчынскі вобразы і інш. Сярод намінацый для візажыстаў – вясельны, подыумны і фантазійны макіяж, бодзі-арт. Майстры па манікюры выконвалі мадэляванне пазногцяў па гелевай і акрылавай тэхналогіі, дэкаратыўны фрэнч… Адбыўся конкурс сярод фатографаў.

Прайшло і каманднае першынство сярод салонаў Беларусі на кубак Мінска па цырульніцкім мастацтве, дэкаратыўнай касметыцы, пазногцевым сэрвісе і фота, а таксама – індывідуальнае першынство на званні “Лепшы майстар года” і “Лепшы візажыст года”.

Ад нашай вобласці ў фестывалі ўдзельнічала неаднакратны чэмпіён рэспубліканскіх, абласных і міжнародных конкурсаў высакаўчанка Валянціна Семянюк. Яна вырашыла працаваць у намінацыях крэатыўная прычоска (дзённая і вячэрняя) і модная прычоска на доўгіх валасах, а таксама змагацца за званне “Лепшы майстар года”. Мадэлямі для чароўных рук Валянціны Мікалаеўны сталі яе дачка і аўтар тых радкоў.

“Барацьба была нежартоўная, – расказвае Валянціна Семянюк, – усе сапернікі – сур’ёзныя канкурэнты. Я не першы раз удзельнічаю ў падобных конкурсах і заўсёды стараюся годна паказаць тое, да чаго рыхтавалася, з чым прыехала.”

Яна выходзіла на сцэну шэсць разоў, а ў агульным заліку ў намінацыі “Лепшы майстар года” заняла 4 месца. Наш гонар за Валянціну не мае межаў!

Таццяна ПЕРКАВЕЦ,

настаўніца фізічнай культуры Высокаўскай санаторнай школы-інтэрната.

Добавить комментарий