Галоўнае – паспець…

65643Утаймоўванне агню, ратаванне людзей, ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый – справа жыцця пажарных, працаўнікоў МНС. Для іх увайсці ў палаючы будынак – не гераізм, а звычайная работа.

Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях штогод удзельнічаюць у ліквідацыі каля 10 тысяч пажараў на тэрыторыі нашай дзяржавы, аварый і катастроф, якія адбываюцца па-за межамі яе. У прыватнасці, ратаўнікі Камянецкага РАНС прымаюць удзел у ліквідацыі наступстваў ураганаў і паводак на тэрыторыі вобласці, аказваюць дапамогу насельніцтву па прыбіранню старых, пагражаючых падзеннем дрэў, у рамонце пабудоў, прымаюць актыўны ўдзел у навучанні грамадзян і падрыхтоўцы вучняў школ да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях.

За 2012 год нашы супрацоўнікі выязджалі на месцы здарэнняў 42 разы. Удалося выратаваць не толькі дамы і хлявы, але і людзей, якія апынуліся ў бядзе. На жаль, не абышлося без ахвяр. У мінулым годзе ў агні загінулі 9 чалавек. Амаль усе яны сталі ахвярамі з-за халатнасці ў адносінах да сваіх жыццяў і тых, хто жыве побач.

Гераічная прафесія патрабуе ад кожнага супрацоўніка органаў і падраздзяленняў у надзвычайных сітуацыях мужнасці і вытрымкі, смеласці і знаходлівасці, гатоўнасці ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду.

Па выніках работы за 2012 год сталі лепшымі Каленкавіцкі пажарны пост, камандзір паста – Аляксандр Домніч; граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях узнагароджаны старшы пажарны ПАСЧ-2 г.Высокае Сяргей Юзвук, граматай абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях – вадзіцель ПАСЧ-1 г.Каменец Міхаіл Яромкін, граматай райвыканкама – вадзіцель ПАСП-11 в.Каленкавічы Аляксандр Пшонка, граматай раённага Савета дэпутатаў – намеснік начальніка райаддзела па кадравай і ідэалагічнай рабоце Аляксандр Грыцук.

Без добрай фізічнай формы ў ратаўнікі шлях забаронены, і гэта не жарт: уся амуніцыя важыць 15 кілаграмаў. А колькі патрэбна прылажыць сілы, каб перамясціць 40-кілаграмовы рукаў. Менавіта таму ў аддзеле вялікая ўвага фізічнай падрыхтоўцы састава.

Ратаўнікі – людзі, якія заўсёды напагатове. Ім прыходзіцца працаваць у самых цяжкіх умовах і аказвацца ў самых неверагодных сітуацыях: яны адважна ратуюць пацярпелых у пажарах, пад вадой, сярод руін і завалаў, часта рызыкуючы сабой. Ратаўнік часта сутыкаецца з чужым болем. І ніводны чалавек не ўтрымаецца ў такой цяжкай прафесіі, калі не адчуе ў ёй сапраўднай патрэбы.

Кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях ганарыцца сваімі работнікамі, сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі нашай Радзімы. Віншую ўсіх калег са святам, дзякую за працу, уменне суперажываць, дапамагаць людзям. Няхай у вас у доме заўсёды будуць мір і згода, шчасце і радасць, а таксама спакой, сагрэты радасцю і любоўю. Са святам!

Уладзімір ІВАНЮКОВІЧ,

начальнік Камянецкага раённага аддзела

па надзвычайных сітуацыях.

Добавить комментарий