Круглы год для механізатара знаходзіцца работа. Вясной і восенню гаспадару і яго стальному багатыру адводзіцца роля аратага. Пасля заканчэння ворыва яны прымаюцца за баранаванне палёў, потым трактарыст “упрагае” сваю тэхніку ў многарадковыя сеялкі…
Дарога да любога прафесійнага поспеху пракладваецца ўпартай працай і добрасумленнымі адносінамі да сваёй справы. Не па чутках ведае гэта трактарыст Віктар Карпук з адкрытага акцыянернага таварыства “Александрыя-Агра”, які самааддана шчыруе на палях гаспадаркі.
Віктар Сцяпанавіч нарадзіўся ў Войскай у 1972 годзе, а ў 79-м сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Агароднікі. Тут і закончыў школу, потым была вучоба ў Высокаўскім ПТВ-158. Далей – служба ў арміі, якую праходзіў недалёка, у Брэсце.
Пасля вяртання на Камянеччыну ў снежні 1993 года ўладкаваўся на працу ў колішні калгас “Дружба”. Тады Віктар сеў за руль грузавога аўтамабіля, на якім прарабіў да 2005-га. Потым была Высокаўская ЖКГ… Амаль два гады таму мужчына вярнуўся на працу ў роднае ААТ, але не вадзіцелем, а механізатарам. Мінулай восенню Віктар Сцяпанавіч працаваў на трактары з прэсам, цяперашнюю сустрэў на “кіраўцы”. Зараз механізатар падымае зябліва…
Самы вялікі гонар мужчыны – яго сям’я: жонка і дзве дачушкі. Старэйшая, Даша, ужо закончыла школу і стала студэнткай адной з вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. Малодшая, Насця, яшчэ вучыцца ў сярэдняй школе ў Высокім. Дзяўчына іграе на піяніна, нядаўна перамагла ў музычным конкурсе ў Львове, потым – у Друскінінкаі. Ну чым не гонар для бацькоў?!
У вольны час, якога выпадае вельмі мала, Віктар Карпук любіць заняцца дрэваапрацоўкай. “Працэс выклікае ў мяне сапраўдную цікавасць, – зазначыў мужчына. – Вядома, калі б часу было крыху больш, то, можа, нават заняўся б гэтай справай сур’ёзна. А пакуль так, дзеля інтарэсу…” Такім чынам Віктар Сцяпанавіч сам зрабіў у доме падлогу, ды і паліца дзе-якая для яго не праблема.
Аб марах і перспектывах на будучае механізатар адказаў некалькімі словамі: “Дом набыў, стварыў любімую сям’ю – самае галоўнае ўжо ёсць. Аб чым марыў з дзяцінства – збылося”.
Не магла не запытаць аб тым, што, на яго думку, з’яўляецца залогам поспеху ў любой рабоце. “Асноўнае – настойлівасць і цвярозы падыход да справы. Не трэба забываць і пра тое, што ў добрай працы ніхто і ніколі не шукае “халявы”. І яшчэ – у любой сітуацыі трэба заставацца людзьмі… Работа павінна падабацца, і тады ўсё будзе атрымлівацца. Мне, напрыклад, мая работа даспадобы, я люблю зямлю, на якой жыву і шчырую…”
Усім сваім калегам у прафесійнае свята Віктар Карпук жадае ніколі не адступаць, як бы ні было цяжка. “Дабрабыту вам і вашым сем’ям, а таксама – павагі адзін да аднаго…”, – зычыць ён.
Наталля ГРЫЦУК.