Аграгарадок Камянюкі – “візітная” картка мясцовага сельсавета. Праз яго амаль штодня едуць турысты ў Белавежскую пушчу. Каб не сорамна было перад гасцямі, пытанні добраўпарадкавання знаходзяцца на кантролі сельвыканкама. З 17 красавіка гэтага года яго ўзначаліў 36-гадовы Сяргей Багалейша.
Родам Сяргей Сяргеевіч са Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “інжынер-тэхнолаг”. У нашым раёне ён з 1999 года, пачынаў майстрам цэха па перапрацоўцы драўніны СП “Белар”, потым працаваў у Нацыянальным парку “Белавежская пушча”, Камянецкай ПМК-14. З’яўляецца дэпутатам Камянюцкага сельскага Савета дэпутатаў. За работу ў сельвыканкаме ўзяўся з ахвотаю. Спасцігае “навуку” органаў мясцовага самакіравання напорыста. На працягу пяці месяцаў на абранай пасадзе Сяргей Сяргеевіч ужо не раз прымаў удзел у мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўняў, расказваў аб практыцы работы сельвыканкама з насельніцтвам і Нацыянальным паркам “Белавежская пушча”. Пра наладжванне цесных сувязяў з прыродаахоўнай установай рупілася і ранейшы старшыня Алена Мазгова, да яе за парадай звяртаецца цяпер Сяргей Сяргеевіч. А яшчэ яму пашанцавала, што багаты вопыт мае кіраўнік спраў сельвыканкама Святлана Шахалевіч. Яна і падкажа, і надзённыя пытанні дапамагае вырашаць, і стварае ўмовы для самарэалізацыі маладога старшыні. Паператворчасці ў яго рабоце шмат. Каму якую даведку выпісаць, правільна арганізаваць прыём, правесці сход з насельніцтвам… – параду дасць Святлана Георгіеўна.
У Камянюках вельмі прыгожа, наводзіцца парадак. Тут жыць дастаткова камфортна. Нямала для прыгажосці зроблена калектывам настаўнікаў і вучняў.
– Ці можна гаварыць аб завершанасці добраўпарадкавання? – спытала ў старшыні сельвыканкама.
– Вядома, не. Гэта справа не аднаго дня. Яно будзе працягвацца. І першае, што мяркую добраўпарадкаваць, – невялічкі парк насупраць Цэнтра культуры і рамёстваў, каб маладыя маці з каляскамі мелі магчымасць пагуляць, падыхаць свежым паветрам. А яшчэ – зрабіць дзіцячую гульнёвую пляцоўку…
– Сяргей Сяргеевіч, Камянюцкі сельсавет сёння – гэта…
– 17 населеных пунктаў, у якіх жывуць 1286 чалавек, у Камянюках – 1071, з якіх 582 – працаздольныя, 161 – дзеці да 16 гадоў. Ёсць амбулаторыя, аддзяленне сувязі, сярэдняя школа, дзіцячы сад, аддзяленне “Беларусбанка”, Цэнтр культуры і рамёстваў, комплексны прыёмны пункт, 4 магазіны (2 прадуктовыя, прамысловы і гаспадарчы) Нацпарка і 1 прыватны – прадуктовых тавараў, кацельня Камянецкай ЖКГ. Нацыянальны парк “Белавежская пушча” працуе аўтаномна.
– Якую ўвагу адчуваюць да сябе жыхары невялічкіх вёсак?
– На тэрыторыі сельсавета 16 вёсак, у якіх жывуць па 50, 20, 15 чалавек… Больш людзей – на цэнтральных сядзібах лясніцтваў: у Белай (Бялянскае лясніцтва), Пашуцкай Будзе – Пашукоўскае і г.д. Значная доля апякунства над старэнькімі ўскладзена на лясніцтвы, больш дакладна, на ляснічых, якія з’яўляюцца дэпутатамі сельскага Савета. Пытанні абкошвання тэрыторый, нарыхтоўкі паліва на зіму, вулічнага асвятлення і іншыя знаходзяцца пад іх кантролем. Адзінока пражываючым пажылым людзям дапамагаюць сацыяльныя работнікі. А калі каму-небудзь спатрэбіцца прыехаць у Камянюкі, можна скарыстацца аўтобусам Нацпарка, які возіць школьнікаў і рабочых. Сувязным звяном паміж вяскоўцамі і сельвыканкамам з’яўляюцца старасты вёсак. Іх у нас 9. Самая маладая – з 1936 года – Надзея Антонаўна Чарэнда на Белай. Сёлета выбралі новых у Камянюках і Ляцкіх: Васілія Уладзіміравіча Рэбіка і Таццяну Яўгеньеўну Брынявец адпаведна. Вяскоўцы задаволены іх работай, скаргаў няма.
– Сельвыканкам – тая ўлада, да якой людзі ідуць у першую чаргу.
– Так, каб чалавек не думаў, ці званіць старшыні райвыканкама, ці ехаць на прыём да губернатара, павінен валодаць інфармацыяй старшыня сельвыканкама. Лічу, што менавіта старшыня, не здымаючы з сябе адказнасці, павінен расказаць людзям, што данясе іх праблемы да таго ж старшыні райвыканкама або райсавета. Так сказаць, трэба працаваць на апярэджанне.
– З якімі пытаннямі вяскоўцы звяртаюцца часцей за ўсё?
– Іх хвалююць пытанні законнасці і парадку, работы транспарту, добраўпарадкавання населеных пунктаў, рамонту і будаўніцтва жылля. Даволі доўга чакалі ў мясцовай амбулаторыі зубнога ўрача. Пытанне вырашана. Цяпер мясцовым жыхарам не патрэбна ехаць з зубным болем у райцэнтр або Брэст.
– На кантролі Савета і ўмовы, у якіх жывуць дзеці.
– Удзяляем увагу сем’ям з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Нядаўна разам са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама выязджаў на месцы, знаёміўся з умовамі быту нядобранадзейных сем’яў.
– Атрымліваецца, што галоўнае для старшыні – работа з насельніцтвам.
– Я толькі вучуся гэтай рабоце. Але лічу, што рабочы дзень на гэтай пасадзе павінен пачынацца з сустрэч з вяскоўцамі, размоў з імі. Тады стане зразумелым, у які дом не трэба часта наведвацца, а каму патрэбна дапамога, накіраваць туды сацыяльнага работніка, а куды ўчастковага або спецыяліста па супрацьпажарнай бяспецы. Калі старшыня не вывучыць людзей, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета, то гэта будзе бяздзеяннем. Ён павінен ведаць, што цікавіць вяскоўцаў, а што непакоіць. Калі ведаеш, дык заваюеш давер’е. А калі яшчэ зможаш дапамагчы рашыць узнятыя праблемы, ніхто не пойдзе са скаргай у вышэйстаячы орган. Вось такі, думаю, старшыня патрэбны.
Вера ІВАНЮКОВІЧ.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
ГДЕ И КОГДА В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ ПРОЙДУТ ПИКЕТЫ ПО СБОРУ ПОДПИСЕЙ?
-
РЕСПУБЛИКАНСКИЙ ПРОСВЕТИТЕЛЬСКИЙ ПРОЕКТ «ПРЕЗИДЕНТСКАЯ РЕСПУБЛИКА» В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ!
-
В Беларуси с 1 декабря вступят в силу изменения по оплате ЖКУ: что нужно знать
-
Подписаться на “Навіны Камянеччыны” можно не выходя из дома!
-
Александром Лукашенко внесены изменения в Указ «Об оплате труда работников бюджетных организаций»