Пад такой назвай два гады курсіраваў па маленькіх вёсках Брэсцкай вобласці праект грамадскага аб’яднання аматараў мастацтва рэгіёна “Белавежская пушча” і Брэстчыны «Тур». Пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду «Памяць, адказнасць, будучыня» і Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Паразуменне» ўвасобілі яго ў жыццё старшыня арганізацыі Анатоль Туркоў і яго намеснік, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, Ларыса Быцко. Мэтаў у «Вёскі…» многа, у значнасці кожнай з іх сумнявацца не прыходзіцца: рэабілітацыя пажылых людзей шляхам аптымізацыі іх сацыяльнай актыўнасці, перадача і захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей і далучэнне грамадскасці да праблем адзіноты пажылых людзей, знікаючых вёсак.
У праекце прымалі ўдзел мастакі, пісьменнікі, этнографы, ансамблі і майстры народнай творчасці – усе тыя, хто, зацікаўлены ў захаванні традыцый нашай багатай талентамі краіны. Бо захаванне фальклорнай спадчыны – чыстай некранутай культуры беларускай зямлі – дарагога вартае. І сабраныя аўтэнтычныя матэрыялы, у якія ўдыхнулі другое жыццё, леглі ў аснову выставы, знайшлі сваё адлюстраванне ў запісах і іншых матэрыялах.
Каманда ўдзельнікаў на чале з Ларысай Быцко з майстар-класамі і канцэртнымі праграмамі наведала чатыры знікаючыя вёскі Кобрынскага, Камянецкага, Драгічынскага і Бярозаўскага раёнаў. Акрамя таго, былі выезды ў іншыя населеныя пункты. І жыхары кожнага з іх з цёплай падзякай прымалі рэдкія ў гэтых мясцінах «святы», якія напомнілі ім бурлівую маладосць, наскрозь прасякнутую народнымі песнямі. Бабулі і дзядулі ўспаміналі пражытае, знаёмілі ўдзельнікаў з асаблівасцямі сваіх рамёстваў. Усяго залучана ў праект 528 чалавек, з іх – 27 вязняў Другой сусветнай вайны.
Немагчыма абмежаваць праведзеную «Турам» работу. І усё ж галоўнае тут – чалавечы фактар. Успамін аб тым, як прыехалі пад Новы год у вёску Стойлы Пружанскага раёна, у якой жыве ўсяго адзін чалавек – народны майстар Мікалай Тарасюк, адлюстроўвае вялізную значнасць «Вёскі…». Ці можаце ўявіць сябе на месцы гэтага майстра? Адчуць шчасце творчага чалавека, якое прынеслі ў яго хату на руках песеннай калыскі ўдзельнікі праекта? І такія запамінальныя сустрэчы праводзіліся ва ўсіх наведаных вёсках.
Падводзілі вынікі праекта 10 лістапада ў Камянецкай бібліятэцы за круглым сталом «Месца сустрэчы – дыялог». У абмеркаванні прынялі ўдзел кіраўнікі праекта, пісьменнік Алесь Паплаўскі, мастакі, фалькларысты, народныя ўмельцы і іншыя члены аб’яднання. Найперш была прэзентацыя, якая азнаёміла прысутных з работай, праведзенай у рамках праекту. Тут жа адбылася выстава карцін і фатаграфій, прадстаўленая ў сарака работах удзельнікаў праекта, якую сааўтар «Вёскі…», мастак Мікалай Чэркас, асвятліў як адно імгненне сельскага жыцця. Прысутныя абменьваліся ўражаннямі і думкамі, дзяліліся новымі ідэямі.
Выказацца змаглі ўсе. Як высветлілася, самым балючым было тое, што з вясковымі людзьмі прыходзілася расставацца. У час сустрэчы вырашылі пасылаць «сваім» вяскоўцам паштоўкі-фатаграфіі, зробленыя падчас паездак. Было вырашана прыцягваць яшчэ больш удзельнікаў, разнастаіць канцэртныя праграмы. Вядома, многа слушных парад паступіла наконт таго, што варта змяніць або дадаць ужо ў другую палову «Вёскі…», бо праект заслужана падоўжылі яшчэ на два гады. Удзельнікі аб’яднання наведаюць Жабінкаўскі, Маларыцкі і Іванаўскі раёны.
Мяне ўразіла, наколькі апантана гэтыя людзі ставяцца да справы. Ва ўсіх ёсць сем’і, пастаянная работа, але ж знаходзяць яны час для таго, каб нагадаць іншым аб святах для душы, самі робяць гэтыя святы, з’яўляюцца захавальнікамі беларускіх нацыянальных традыцый. Анатоль Туркоў, Ларыса і Аляксандр Быцко і ўсе тыя, каму неабыякава будучыня нашага культурнага мінулага, – ад іх добрых спраў свет становіцца лепшым.
Анастасія ЯНКІНА.
Это может быть интересно:
-
Юная художница из Каменца — в тройке лидеров престижного конкурса
-
В Каменце прошла премьера фильма о Государственных символах Республики Беларусь
-
Группа «Дрозды» поздравили каменецких аграриев с праздником
-
Афиша мероприятий в Каменецком районе 7-11сентября (+кинотеатр)
-
В Каменце прошла интеллектуально-спортивная игра