Некалі бязлюднае Вяжное і яго ваколіцы сёння не пазнаць. Узбоч новай аб’язной дарогі – інфармацыйны шчыт са звесткамі аб старадаўнім храме, да якога з паўкіламетра. Свята-Мікалаеўская царква – ёй ужо 240 гадоў – не закрывалася нават у гады багаборства. Гэтую мясціну ў свой час аблюбавалі сестры манастыра, які ў Брэсце, для будаўніцтва манастырскага падвор’я. І ў 2006-м тут, у апусцелай вёсцы на мяжы Пружанскага і Камянецкага раёнаў, пачалася будоўля Свята-Нікольскага скіта. Яго сэрцам і стаў тутэйшы храм у вянку вяжнянскіх векавых соснаў. Ён усё яшчэ мае статус прыходскага. У вызначаныя дні сюды прыязджае свяшчэннік з Пружаншчыны, службы чаргуюцца з манастырскімі.
У скіт мы трапілі з дазволу і благаславення ігуменні Аляксандры (Жарын), настаяцельніцы Свята-Ражства-Багародзічнага манастыра, адноўленага на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, а суправаджала нас па падвор’і маці Іўліанія (ігумення паехала па справах у Маскву). Раніца для насельніц скіта, якіх тут ужо дваццаць, пачынаецца з малітоўнага правіла а 7-й гадзіне, вячэрняе правіла – у 20 гадзін, акрамя таго, круглыя суткі, па чарзе, чытаецца няўсыпная Псалтыр.
Днём у кожнай з сясцёр сваё паслушэнства, свае абавязкі. Сёння тут маюць пчальнік, даглядаюць дзве каровы, некалькі свіней (рабочыя просяць страву з мясам), ёсць дзе-што з тэхнікі. Бо скіт, або па-сучаснаму – філіял, неабходны для манастыра, каб весці гаспадарку, каб было з чаго гатаваць страву ў трапезнай. Акрамя сясцёр, тут харчуюцца і паломнікі, і работнікі, што працуюць на тэрыторыі. Манастыр увогуле даў не адзін дзясятак рабочых месцаў для міран; у Свята-Нікольскім скіце сустрэлі і будаўнікоў з Каменца. Манастыр жыве за кошт ахвяраванняў. Манахам таксама патрэбны адзенне, абутак, лекі. З тых жа сродкаў ідзе і будаўніцтва скіта ў Вяжным.
Маці Іўліанія – светлы чалавек – свой манаскі шлях пачынала 14 гадоў назад у Спаса-Еўфрасіньеўскім манастыры ў Полацку, затым быў Свята-Ражства-Багародзічны манастыр у Брэсце, а не так даўно атрымала новае паслушэнства – была пераведзена ў скіт, у Вяжное. Адносна паклікання да манаскага жыцця ад яе пачула:
– Немагчыма выказаць словамі, як чалавек адчувае, што нешта кліча яго туды, што ён шукаў. Гэты выбар як дар ад Бога. Хтосьці адчувае патрэбу выйсці замуж, а мы, сестры манастыра, пакідаем свецкае, каб ісці далей да служэння людзям, дзякуючы духоўнаму ўзрастанню. Не верце таму, хто сцвярджае, што манастыр – прыстанак няшчасных і абяздоленых. Не. Гэта душа цягнецца да Бога, выбрана для Вечнасці. І ў манастыры галоўнае – паслушэнства. Малітва і праца. Ёсць рэжым дня, які трэба выконваць. Ёсць абавязак духоўнага дбання пра сябе: чытанне святога пісання, асабістая малітва, рахунак сумлення, споведзь, удзел у службах…
На тэрыторыі скіта – новы сястрынскі дом і іконапісная майстэрня, дом для паломнікаў, трапезная. Недалёка будуецца яшчэ адна гасцініца на 19 месцаў. Па другі бок дарогі плануюцца толькі манастырскія збудаванні, у тым ліку багадзельня – дом для састарэлых, адзінокіх і нямоглых жанчын з міран, а яшчэ – для манахіняў, з невялікім манастырскім храмам. Скіт – гэта і больш адасобленае месца для малітвы. Таму, пэўна, большасць насельніц тут – пажылыя жанчыны. Кожную з іх свая сцежка прывяла сюды.Але раней, па-за сценамі манастыра, аб’ядноўвала адно – адзінота. Цяпер іх не палохае, што яны самотныя, бо аддалі сябе пад апеку Бога, жывуць у вялікай і дружнай духоўнай сям’і, у іх шмат сясцёр, разам рыхтуюць свае душы для вечнага жыцця з Богам. Аказваецца, сучасны свет і манастыр патрэбныя адзін аднаму. Праўда, паломнікаў у скіце бывае пакуль нямнога. У асноўным прыязджаюць знаёмыя і блізкія яго насельніц, але ўжо іх знаёмыя пачынаюць цікавіцца гэтай дзівоснай мясцінай.
Цяпер няпроста паверыць, што ў былой паміраючай вёсцы некалі заставалася толькі адна жыхарка (Ганна Андрэева і сёння жыве побач з манахінямі і паслушніцамі і не нарадуецца такому суседству). Але, як кажуць насельніцы скіта, работы яшчэ непачаты край. Аднак і зроблена нямала.
На падмогу сестрам часам прыязджаюць і здалёк людзі, а часцей – з Кобрына і Каменца. Труднікі. Камянецкія задаволены, што цяпер у любы дзень тыдня сюды можна прыехаць маршрутным таксі “Брэст – Каменец – Пружаны”, а ў пятніцу, суботу і нядзелю таксі робіць па тры рэйсы.
Недалёка ад прыпынку грамадскага транспарту – асвячаная крыніца. Яна таксама пад апекай сясцёр Свята-Нікольскага скіта. У планах – добраўпарадкаванне крынічнай мясціны, абавязкова з абгрунтаваным навуковым падыходам. Каб не нашкодзіць прыродзе. Гэта таксама мудры клопат ігуменні Аляксандры. Як і ўсё іншае, што зроблена для ўладкавання скіта. Ураджэнка Кобрыншчыны, дачка сельскага святара, яна з дзяцінства ўвабрала ў сябе Боскую чысціню і строгасць праваслаўнай веры, галоўнае вызначэнне якой – Любоў. У Свята-Нікольскім скіце, на ўчарашнім хутары, дзе наладжваецца манастырскае жыццё і дзе ўсё робіцца з любоўю, нібы адчуваеш яе дотык, як Боскі пацалунак. Сапраўды, каб жыць у манастыры, трэба вельмі любіць жыццё.
Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Фоторепортаж. Районные соревнования «Снежный снайпер» в Каменце. День первый
-
Единый день информирования прошел в Высоковском аграрном колледже
-
Ола – трагедия и боль белорусской нации
-
Тренинг для руководящего состава участковых избирательных комиссий прошел сегодня в Каменецком районе
-
Профилактическая акция «Пешеход» прошла на территории Каменецкого района