На пачатак лістапада у раёне налічвалася 77 беспрацоўных – прыкладна на мінулагоднім узроўні (89). Дзяржава імкнецца палепшыць іх лёс. Для гэтага існуе некалькі варыянтаў. Беспрацоўным, асабліва маладым, прапануюць за кошт дзяржаўных сродкаў атрымаць іншую, больш патрэбную сёння спецыяльнасць на курсах; заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю; пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў сельскую мясцовасць. І, нарэшце, удзельнічаць у грамадскіх работах, дзе крыху можна падзарабіць. Але ўсе гэтыя варыянты ў жыцці не заўсёды прымальныя.
На самой справе беспрацоўных больш. Не ўсе, хто не мае работы, звяртаюцца ў аддзел занятасці. Некаторыя не становяцца на ўлік, каб не прымаць удзел у абавязковых грамадскіх работах. Тым больш, што дапамога невялікая (162920 рублёў), ды і тая большасці беспрацоўных выплачваецца толькі на працягу 26 каляндарных тыдняў у год.
Дык як жывецца цяперашняму беспрацоўнаму? Якія праблемы стаяць перад ім? Каб высветліць гэта, мела тэлефонныя размовы з гараджанамі і вяскоўцамі, якія страцілі работу, маючы вышэйшую адукацыю. Яны зарэгістраваліся на ўлік беспрацоўных у верасні гэтага года. Пераважна жанчыны. Па-рознаму мае субяседнікі ўспрымаюць свой нязвыклы і непрыемны статус беспрацоўнага.
Маладая жанчына з Абяроўшчыны, якая адна выхоўвае двух дзяцей-школьнікаў, па прафесіі настаўніца. Яна расказвае:
– Выкладала мову і літаратуру 6 гадоў у Воўчынскай сярэдняй школе. На працу дабіралася аўтастопам. Прасіла ў аддзеле адукацыі, каб далі работу у Расне ці ў вёсцы, куды можна даехаць аўтобусам. Але кантракт са мной не прадоўжылі. Засталася без работы. І ўсё ж упэўнена, што і адзінокая жанчына, у якой ёсць дзеці, абавязана і здольна пракарміць іх, даць належнае выхаванне. Дзе бяру сродкі? Аліменты атрымліваю, дапамогу па беспрацоўі. Спадзяюся, што па накіраванні аддзела занятасці ў наступным годзе пайду на курсы, каб атрымаць патрэбную ў раёне спецыяльнасць. Няма жадання больш настаўнічаць.
Не захацеў больш працаваць па набытай у маладосці спецыяльнасці агранома другі мой субяседнік, камянчанін. Яму ідзе 57-ы год. Не змог наладзіць працоўныя адносіны з кіраўніцтвам НП “Белавежская пушча”, звольніўся. Стаў на ўлік як беспрацоўны. Работу прапанавалі ў Камянецкім аддзеле Дэпартамента аховы МУС РБ… вартаўніком. Пагадзіўся.
23-гадовая дзяўчына, па прафесіі псіхолаг, працавала пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы інспектарам па кадрах у рэгіянальнай аптова-пасрэдніцкай фірме. Звольнілася па ўзгодненасці бакоў. Хацела адкрыць сваю справу, таму зарэгістравалася ў якасці беспрацоўнай у Каменцы. Але змяніліся жыццёвыя абставіны, пераехала ў Брэст, уладкавалася працаваць у дашкольнай установе.
– У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, якія атрымала на платнай аснове, – зазначыла яшчэ адна суразмоўца з Белавежскага. – Па прафесіі эканаміст. Не магу знайсці работу, адмаўляюць па прычыне адсутнасці вопыту. Але ж дзесьці трэба пачынаць яго набываць. Хто дапаможа? І навошта вучыцца, калі спецыялісты не патрэбны? А хацелася б працаваць у калектыве на якім-небудзь прадпрыемстве. Чаму не патрэбны мае веды? Усведамляць такое крыўдна.
Праблема беспрацоўя глыбокая і шматбаковая. Яна здольная стаць трагедыяй для сям’і, калі без работы застаецца яе кармілец, трагедыяй для адзінокага чалавека, які ці то па стане здароўя, ці то па складзе характару не здольны ўвайсці ў рыначныя адносіны. Дзе ўзяць сродкі для пражыцця? Гэтае пытанне далёка не рытарычнае. Для людзей разумовай працы адсутнасць работы – яшчэ і цяжкі маральны ўдар. Яны нярэдка адчуваюць страту павагі ў грамадстве, сярод сяброў, знаёмых, у сваёй сям’і. Шмат намаганняў, здароўя, сродкаў трэба патраціць, каб атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі, з якім маладыя звязваюць свае надзеі на цікавую, высокааплачваемую работу па набытай прафесіі. І як горка ім усведамляць, што мары былі дарэмныя, набытыя веды нікому непатрэбныя. Маладому беспрацоўнаму спецыялісту з вышэйшай адукацыяй даводзіцца ўладкоўвацца рабочым, прыбіральшчыцай ці брацца за іншую некваліфікаваную працу. Напэўна, чалавеку з дыпломам у кішэні лепш працаваць хоць бы дзе, чым не працаваць увогуле. Усё ж для сям’і – заробак, для грамадства – нейкая карысць. Але ж з другога боку, ці заўсёды гэта разумна з дзяржаўнага пункту гледжання? Чалавек з дыпломам на сваім месцы, згодна з атрыманай спецыяльнасцю, напэўна, прынёс бы карысці непараўнальна больш, чым на працы некваліфікаванай. А ці рацыянальна траціць сродкі на тое, каб вучыць спецыяліста з вышэйшай адукацыяй іншай спецыяльнасці на кароткатэрміновых курсах? За некалькі месяцаў вучобы высокакваліфікаваным спецыялістам не станеш, а канкурэнцыя на рынку працы з кожным годам узрастае.
Вядома, аддзел занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама аказвае даволі значную дапамогу людзям, якія страцілі работу. Было б памылкай недаацэньваць яго ролю ў працаўладкаванні, прафесійнай падрыхтоўцы і перакваліфікацыі незанятага насельніцтва, прыцягненні беспрацоўных у прадпрымальніцкую дзейнасць. У выніку рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў рэгіструемы ўзровень беспрацоўя ў раёне склаў 0,5% да эканамічна актыўнага насельніцтва пры заданні 1,3%. Але вырашыць праблему беспрацоўя аддзел занятасці не можа. Для гэтага патрэбна пашыраць вытворчасць, адкрываць новыя рабочыя месцы з дастойнай зарплатай. У нашым раёне ў гэтым накірунку ўсё ж такі нешта робіцца. А значыць, ёсць надзея на тое, што попыт на разумныя галовы, веды і ўмелыя рукі будзе расці. І кожнаму, хто хоча працаваць, знойдзецца работа.
Вера ІВАНЮКОВІЧ.
Фота Міколы ШУМА.
За 10 месяцаў 2012 года ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за садзеяннем у працаўладкаванні звярнуўся 571 чалавек. Статус беспрацоўнага атрымалі 432. На 1 лістапада на ўліку стаяць 77 беспрацоўных, у тым ліку у сельскай мясцовасці – 49.
Это может быть интересно:
-
Единый день информирования населения прошел сегодня в СШ №2 Каменца имени А.И. Самуйлика
-
Профилактическая акция «Пешеход» прошла на территории Каменецкого района
-
Первые достижения юных дзюдоистов в новом году
-
Когда взрослые снова верят в чудо: новогодние поздравления принимал ОАО «Беловежский»
-
Рождество вновь собрало друзей в Каменецком РДК