Высокаўскі кураж

241235323 снежня прайшоў апошні ў гэтым годзе, трэці, тур першынства раёна па футболе.

І зноў не без сюрпрызаў. Здавалася, 14 галоў у адны вароты – гэта “потолок”. Але куды там. Высакаўчане ў чарговым туры пабілі свой жа рэкорд, накалаціўшы “Гатча-Осаўскаму” ўжо 17 мячоў. Больш за іншых расстараўся Станіслаў Ляўко. У яго актыве чатыры мячы. Шэсць футбалістаў адзначыліся дублямі – Сяргей Ярома, Андрэй Братэнка, Аляксандр Раманюк, Андрэй Каралюк, Андрэй Шостак, Андрэй Храмко. Таксама адным трапным стрэлам папоўніў скарбонку Сяргей Андраюк. Адзіны гол (вызначыўся Аляксей Вырва), які забілі “осаўцы”, наўрад ці мог парадаваць каманду з Жабінкаўскага раёна.

Не даставіла праблем “Ніве” і каманда “Без праблем”. Лік, праўда, у сустрэчы гэтых сапернікаў быў зафіксаваны не такі жудасны. Тым не менш, перамогу з лікам 8:1 можна лічыць больш чым упэўненай. За “ніваўцаў” вызначыліся двойчы Дзмітрый Немцаў і Павел Шаўчук. Хет-трыкам “разрадзіўся” Андрэй Замулка. У Сяргея Васілюка – адзін гол. У “беспраблемаўцаў” другі матч запар забівае за каманду Вадзім Іванюк.

Нарэшце як след настроіўся на гульню “Белавежскі”. У гульні з “Савушкіным прадуктам” каманда вырвала нічыю. Хоць па ходу паядынку і вяла ў ліку пасля ўдара Васілія Лесіка. Затым два мячы (Дзяніса Абрамчука і Дзмітрыя Антоненкі) ледзь не пакінулі “белавежцаў” ля разбітага карыта. Выручыў Дзмітрый Якуш. Менавіта пасля яго ўдару мяч затрапятаў у сетцы варот “малочнікаў”. Хто выйграў, хто прайграў ад такога выніку, пакажа час. Адзначу толькі, што калі б футбалісты “Савушкінага прадукта” не растрачвалі столькі эмоцый на спрэчкі з арбітрамі, то, магчыма, у скарбонцы былі б тры ачкі, а не адно.

P. S. 25 снежня быў згуляны перанесены матч першага тура паміж “Нівай” і “Савушкіным прадуктам”. Перамогу ў гэтым супрацьстаянні з лікам 3:2 атрымала дружына з Доўбізна.

 

* * *

У мінулую нядзелю ў межах рэгіянальнага міні-футбольнага турніру “Эліт-Ліга” адбыліся матчы пятага, перадапошняга, тура.

Нарэшце выйграла “Ніва”. Ахвярай каманды стаў “Фламенга”. Але перамога з лікам 2:1 так і не дазволіла “ніваўцам” змясціцца з апошняга чацвёртага месца. Тым не менш, вылет з “эліткі” ўжо бачыцца для каманды з Доўбізна малаверагодным. Паражэнне “Усхода” ад “Брэстхлебапрадукта” (2:4) усё роўна захавала шанцы каманды на выхад у накаўт-раўнд. Трэба толькі браць ачкі ў апошнім туры.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Добавить комментарий