Высокаўскі ГДК у асобах

IMG_8705Па выніках мінулага года Высокаўскі ГДК прызнаны лепшым сярод дамоў культуры і сельскіх клубаў раёна. Вынікі яго працы заўсёды перад вачамі: канцэрты, святы, дыскатэкі, выставы… А ці задумваліся вы, што, а калі дакладней – ХТО, стаіць за ўсім гэтым? Давайце паназіраем…

Дырэктар ГДК Алег Грыпічук сустракае нас ля ўваходу і адразу ж прапаноўвае пазнаёміцца з адной са сваіх супрацоўніц. Ніна Карпук сціпла паказвае сваю выставу, арганізаваную тут жа. Руплівымі рукамі жанчыны адноўлены інтэр’ер вясковай хаты з печчу і багатым сталом.

– Рэчы для гэтай выставы большасцю сваёй узяты ў маёй маці, – расказвае Ніна Пятроўна. – Тое-сёе прынеслі высакаўчане. Калі сустракаю цікавую рэч з гісторыяй, адразу пачынае працаваць фантазія. Так і бачу, да чаго яна падыдзе, якую кампазіцыю зможа ўпрыгожыць.

Ідэй у маёй суразмоўцы – не злічыць! Ужо знайшлі сваіх удзячных гледачоў выставы, што прысвячаліся Новаму году, савецкаму дзяцінству, казачным героям. Апошніх дзеці ахвотна разглядалі, бралі ў рукі – дзе яшчэ такое дазволена? А пытанняў колькі было! Ніна Карпук не паспявала адказваць.

Наперадзе – Вялікдзень, да якога жанчына плануе “накрыць” у фае ГДК святочны стол, за якім пры самавары будуць сядзець дзеці, а побач маці са старэйшай дачкой зоймуцца фарбаваннем яек. (Дарэчы, стравы, што прымаюць удзел у выставах, самыя сапраўдныя!) Планаў – безліч. На два гады наперад хопіць.

Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, напрыклад, Ніна Карпук зрабіла такую цікавую даярку, што з ёй фатаграфаваліся госці свята. Акрамя таго, таленавітая жанчына піша вершы, у тым ліку і пра любімую работу…

Ідзём далей. Мастацкі кіраўнік ГДК Інга Дзідух, народная ўмеліца Юстына Цітова і балетмайстар Сняжана Курбанава становяцца наступнымі нашымі знаёмцамі. Пра кожную Алег Барысавіч распавядае з гумарам і павагай адначасова.

Юстына Цітова займаецца рознымі відамі рукадзелля, у прыватнасці, пляце з папяровых трубачак. І вырабы яе ахвотна набываюць як жыхары горада, так і яго госці.

Сняжана Курбанава кіруе танцавальным калектывам “Магія”.

– Яна – наш “ветэран”, – усміхаецца Алег Барысавіч. – 13 гадоў працуе ў Доме культуры.

А Інга Дзідух вядзе заняткі гуртка дзіцячых вырабаў “Смекалик” і пасяджэнні клуба аматараў кіно “СІНЕМА” (раз на месяц). Акрамя таго, яна займаецца ўсходнімі танцамі і паспяхова вучыць гэтаму мастацтву высакаўчанак. Сёння іх 15.

Падчас размовы да нас далучылася яшчэ адна супрацоўніца Дома культуры Алена Несцерава. Гісторыя яе з’яўлення тут яшчэ раз даказвае простую ісціну аб тым, што ў жыцці няма нічога выпадковага.

Аднойчы Алене патрэбна было зрабіць ксеракопію дакументаў. Не асабліва спадзеючыся на поспех, яна прыйшла з гэтай просьбай у ГДК. Алег Грыпічук згадзіўся дапамагчы і звярнуў увагу на дыплом работніка культуры, з якога здымаў копію.

– Ці не хочаце працаваць у нас? – спытаў ён.

– Ды хто я такая? – сумелася ад такой прапановы Алена…

Сёння яна кіруе вакальным гуртком эстрадных спеваў і клубам аматараў музыкі. А яшчэ сама выступае на сцэне, радуючы слухачоў цудоўным голасам…

Знаёмімся таксама з інжынерам па эксплуатацыі памяшканняў і пабудоў Алегам Гайдуковічам і рэжысёрам па сцэнічным святле Віталіем Цітовым. На здымку паміж імі – дачка Віталія і Юстыны Вікторыя. “Магчыма, будучы дырэктар Дома культуры”, – жартуе Алег Барысавіч.

Тым часам нас ужо гатова вітаць Вера Лук’янюк, якая працуе ў швейным цэху ГДК. Касцюмы артыстаў, занавес і многае-многае іншае – справа яе рук. Нават адзенне для лялек, што сядзяць на выставе ў фае, шыла Вера Мікалаеўна.

Праходзім па памяшканнях Дома культуры… Трэнажорная зала. Стол для масажу. Тэнісны стол у фае, ля якога па вечарах пятніцы і суботы разгараюцца сапраўдныя “баталіі” (моладзь ахвотна карыстаецца магчымасцю бавіць час з карысцю замест таго, каб бадзяцца па вуліцы, а работнікі культуры ідуць насустрач; для яе ладзяцца і тэматычныя дыскатэкі). Стэнд з сотняй фатаграфій з пяці “Добрых сустрэч”. У асобным памяшканні выстаўлены карціны мастакоў-удзельнікаў двух рэгіянальных беларуска-польскіх пленэраў памяці беларускага жывапісца Фёдара Дарашэвіча за 2012 і 2013 гады, кнігі пра Камянеччыну, Польшчу і не толькі. Таксама тут размясцілася імправізаваная “Сувенірная лаўка”, ля якой мы сфатаграфавалі Алега Грыпічука. Ёсць у ГДК і свой “прэс-цэнтр”, дзе праводзяцца сходы, і гасцявы пакой, на сценах якога – шматлікія афішы артыстаў, што выступалі тут. А колькі ўзнагарод у Дома культуры!

Цікаўлюся планамі… Алег Барысавіч пералічвае мерапрыемствы, што ўжо адбыліся: святы да Дня абаронцаў Айчыны, 8 Сакавіка, канцэрт Сяргея Славянскага, конкурс “Містэр і міс школы” (для вучняў мясцовай СШ). Усе яны прайшлі на ўра. А што наперадзе? 12 сакавіка адбудзецца свята праваслаўнай кнігі, 19-га – артысты высокаўскай зоны пройдуць адбор на конкурсы і фестывалі, 22-га – праваслаўныя вернікі збяруцца ў ГДК на “Трапезу любові”, 14 мая высакаўчане стануць удзельнікамі першага ў гісторыі горада фестывалю фарбаў. Акрамя таго, дырэктар ГДК адкрыў мне таямніцу. Пасля Вялікадня плануецца канцэрт, удзельнік якога пакуль трымаецца ў сакрэце. Пачакаем – пачуем.

Дык ці заслужана Высокаўскі гарадскі Дом культуры названы лепшым у раёне? Як думаеце?

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий