Высокае зноў вітае сяброў!

IMG_2929Весь мир – мой храм,

Любовь – моя святыня,

Вселенная – Отечество моё.

27 студзеня… Ці не здаецца вам знаёмай гэтая дата ў дачыненні да Высокага, паважаныя чытачы? Правільна, год таму яна ўжо з’яўлялася на старонках раённай газеты, абяцаючы нешта светлае, незвычайнае, што мелася адбыцца менавіта ў гэты дзень у самым заходнім горадзе краіны. “Гаворка, відаць, пра канцэрт-прысвячэнне!” – успомніць нехта і будзе мець рацыю.

“Горад збірае сяброў, ці Добрыя сустрэчы-2”. Шматабяцальна гучыць, ці не так? Колькі ж сяброў у Высокага? Безліч! І ўсе яны – таленавітыя людзі. Знаёмцеся! Салістка Белдзяржканцэрта Ганна Місевіч, аўтар і выканаўца песень Аляксандр Шчасюк з Жабінкі, сямейны ансамбль Алы, Сяргея і Ванэсы Карпавых і Анастасія Жачык з Белавежскага, брастаўчане Анатолій Ламачэўскі і Алеся Васілеўская, кіраўнік-саліст ансамбля песні і гумару “Калына” Юрый Носаль (Валынь), высакаўчане Павел Сухараў, Ганна Пацяйчук, Алена Зайцава, Аліна і Кацярына Крук, Вікторыя Гарбачук і Святлана Васільева, Дзмітрый Корсак з Макарава, Ганна Храмянкова, Вераніка Невар і Вікторыя Цыбулевіч з Відамлі, камянчанка Таццяна Гурко, Юлія Максімук з Войскай, квартэт “Рамонкі” з Брэста, народны ансамбль сучаснага танца “Тандэм” (кіраўнік Ларыса Табольчык) і ўзорны ансамбль эстраднага танца “Капрыз” (Валянціна Крывец) з Каменца, праваслаўная музычная студыя “Радасць мая” з Высокага. Многія артысты з гэтага пераліку добра знаёмыя не толькі высакаўчанам.IMG_2854

Разам, парамі і паасобку з’яўляліся на сцэне вядучыя (Таццяна Кітаеўская, Ірына Вярэніч, Ірына Васілеўская, Яўгеній Вярэніч, Маргарыта Кузьміч, Сняжана Курбанава, Ганна Праснова і Алег Грыпічук). Яны не толькі запрашалі да мікрафона артыстаў, але і самі станавіліся імі: чыталі вершы, маналогі ў прыгожых дэкарацыях.

Канцэрт працягваўся пяць (!) гадзін, але слова, утворанае ад “цягнуць”, ужываю з неахвотаю, бо больш правільна было б сказаць: канцэрт праляцеў, як імгненне. Ніякай стомы, ніводнага пустога крэсла ў зале. Гледачам не ставала часу сумаваць. Яны то частаваліся варэнікамі, пра якія так “смачна” спяваў Юрый Носаль, то рваліся ў скокі з “Капрызам” і “Тандэмам” (асабліва ўразілі цыганскія матывы апошніх), то з заміраннем сэрца слухалі светлую песню пра анёлаў дабрыні ў выкананні студыі “Радасць мая”, то захапляліся музыкай: з баянам выступіў Яўгеній Вярэніч, з акардэонам – Дзмітрый Корсак. Павел Сухараў упершыню вывеў на сцэну сваю маленькую дачушку Леру, а песня ў яго выкананні расказвала пра дзіцячыя малюнкі…

Напрыканцы канцэрта-прысвячэння на сцэну падняўся начальнік аддзела культуры Камянецкага райвыканкама Мікалай Громік, чый саксафон проста зачараваў высакаўчан. З яго рук артысты атрымлівалі дыпломы. Лаўрэатам у намінацыі “Адкрыццё ХХ стагоддзя” стаў Аляксандр Шчасюк, якому нядаўна споўнілася 50. Ад дырэктара Высокаўскага ГДК аўтар і выканаўца песень атрымаў яшчэ і арыгінальны медаль. Ушанавалі таксама Ганну Місевіч, квартэт “Рамонкі”, Аліну і Кацярыну Крук, ансамбль “Тандэм”. “Дараваннем 2013 года” названа юная Вераніка Невар, што займаецца ў студыі “Забава” ў Відамлі, а кіраўнік гэтай студыі Ірына Вярэніч стала “Адкрыццём 2013 года” (для Высокага). У намінацыі “Адкрыццё ХХ стагоддзя” адзначаны “Капрыз”… “Сёння гэтая зала стала малой для Высокага, – слушна заўважыў Мікалай Канстанцінавіч. – Свята атрымалася! А дзякаваць за яго трэба Алегу Грыпічуку – дырыжору гэтага цудоўнага канцэрта”.

А яшчэ шчырую ўдзячнасць неабходна выказаць і спонсарам: СААТ “Белавежскія сыры”, аддзелу культуры райвыканкама, Высокаўскаму ўчастку ЖКГ, сям’і Лазеба – гаспадарам магазіна “Світанак”, Марыне Сопінай (УП “Міхмар”, магазін “Фартуна”), Ірыне Водневай з Каменца, Сяргею Багнюку з Высокага, ПГУП “Высокаўскае”. Пачастункі і напіткі апошняга былі вельмі дарэчы, ля іх у антракце (нібы ў сапраўдным тэатры!) збіралася нямала людзей. А на памяць аб свяце можна было набыць сувеніры.

Канцэрт завяршыўся рознакаляровым дажджом паветраных шароў. Сумна было развітвацца, але, на шчасце, гледачы пачулі-такі жаданае: “Да сустрэчы 26 студзеня 2014-га!” Добрай традыцыі – добры шлях!

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

IMG_2897

Добавить комментарий