Вынікі падвёў лістапад

Абласное свята, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, прайшло 16 лістапада ў Камянецкім Доме культуры. Фае ДК ў гэты дзень нагадвала прадстаўнічую прэзентацыю – мужчыны ў дарагіх касцюмах, жанчыны ў шыкоўных туалетах, гучала жывая музыка… Разыначка “прэлюдыі” праграмы – дэгустацыя прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў раёна. І па праўдзе, там сабраліся лепшыя з лепшых, можна сказаць, “зоркі” сваёй справы…

Каменцу пашчасціла двойчы ў гэтым годзе сустракаць працаўнікоў вёскі вобласці – падчас «Дажынак-2012» і прафесійнага свята сельскіх работнікаў і перапрацоўшчыкаў. На апошнім былі названы тыя, хто дасягнуў лепшых паказчыкаў па нарыхтоўцы травяных кармоў, вырошчванні цукровых буракоў, бульбы, піваварнага ячменю, алейнага насення рапсу, насення кукурузы, шматгадовых траў і ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. На свяце аграрыі вобласці былі адзначаны за высокія вытворчыя паказчыкі.

Як паведаміў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, Брэсцкая вобласць прызнана пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва па вырошчванні збожжавых і зернебабовых. Пасля дапрацоўкі разам з кукурузай на Брэстчыне ўпершыню сабралі збожжа больш за 1,4 мільёна тон агульнай вагой. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у Бярозаўскім, Брэсцкім, Іванаўскім, Камянецкім і Пружанскім раёнах перавысіла 40 цэнтнераў з гектара. У баранавіцкіх і ляхавіцкіх гаспадарках на круг сабрана амаль 50 цэнтнераў. Прыемна было, што Камянецкі раён неаднаразова згадваўся як лідар.

На ўрачыстым сходзе Канстанцін Сумар таксама адзначыў: «Кардынальна мяняецца сітуацыя ў жывёлагадоўлі. Наша вобласць на ўзроўні рэспублікі мае самую высокую шчыльнасць жывёлы на сто гектараў сельгасугоддзяў. У параўнанні з мінулым годам на 8,5 працэнта вырасла вытворчасць малака. Жабінкаўскія, маларыцкія, іванаўскія, бярозаўскія і камянецкія гаспадаркі ў гэтым годзе плануюць мець у сярэднім ад каровы больш за 5 тысяч кілаграмаў малака, у Брэсцкім раёне – 6,4 тысячы кілаграмаў. Такіх “малочных” паказчыкаў Брэстчына не мела ніколі. Гэта ўзровень развітых еўрапейскіх краін, на які павінны раўняцца астатнія».

Сельская гаспадарка развіваецца і атрымлівае добрыя вынікі. Высокія паказчыкі былі зафіксаваны на палях і фермах, гэта дало магчымасць дастаткова забяспечыць неабходнай прадукцыяй перапрацоўчыя прадпрыемствы. На 14 працэнтаў больш, чым летась, выраблена натуральнамалочнай прадукцыі, на 19 – сыроў, на 7 – мяса і субпрадуктаў, на 8 – вэнджаных вырабаў. Палова вырабленай перапрацоўшчыкамі прадукцыі рэалізавана ў іншых краінах. За дзевяць месяцаў гэтага года ў параўнанні з адпаведным узроўнем мінулага мясныя і малочныя экспартныя пастаўкі павялічыліся на 11 адсоткаў і склалі 432 мільёны долараў ЗША. А ў цэлым харчовых тавараў за межамі краіны па выніках года будзе рэалізавана больш як на 1 мільярд долараў.

Усе гэтыя паказчыкі дасягнуты дзякуючы намаганням людзей, якія не пакладаючы рук працуюць на палях і фермах. Таму на свяце ў Каменцы было ўручана шмат узнагарод. Работнікам многіх гаспадарак Канстанцін Сумар уручыў граматы абласнога выканаўчага камітэта і грашовыя прэміі. Узнагароджаны таксама кіраўнікі раёнаў, якія забяспечылі найлепшыя паказчыкі ў вытворчасці сельгаспрадукцыі.

Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі адзначаны заатэхнікі, ветурачы, загадчыкі фермаў, аператары па адкорме буйной рагатай жывёлы і свіней, дзякуючы намаганням якіх леташнія вынікі працы былі значна палепшаны.

Канстанцін Сумар зазначыў: «Не так цяжка заваяваць добрыя пазіцыі, а самае галоўнае – утрымаць іх. І ўжо сёння неабходна закладваць аснову, каб у 2013 годзе мець добрыя вынікі».

Сапраўдным падарункам для дэлегатаў з гаспадарак вобласці стаў святочны канцэрт. Працаўнікоў вёскі парадавалі Брэсцкі гарадскі аркестр духавой і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля, вакальны ансамбль «Акколада» і народны ансамбль «Рыцкі куфэрак» з Маларыты, народны ансамбль народных інструментаў «Камянецкія музыкі» і другія.

Дар’я ДЗЯМЯНКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий