…Восем лісоўчыцкіх актывістаў арыштавалі раніцай 10 верасня 1942 года. Іх гналі немцы пад канвоем праз усю вёску, вывелі на дарогу, якая ішла ў бок Войскай. За арыштаванымі беглі іх маленькія дзеці, не зусім, пэўна, разумеючы, што адбываецца. Жонкі плакалі і малілі Бога, каб злітаваўся з іх мужыкоў, таму што надзеі на літасць тых, хто ішоў з аўтаматамі наперавес, не было ніякай…
Дзясятага верасня гэтага года дзеці арганізатараў калгаса «Новае жыццё», расстраляных фашыстамі, сабраліся ля помніка, каб ускласці вянкі і хвілінай маўчання ўшанаваць памяць сваіх бацькоў. Настаяцель Войскай Свята Троіцкай царквы айцец Іаан адслужыў ліцію па людзях, якія аддалі свае жыцці за веру і Бацькаўшчыну, і асвяціў помнік. Са словамі ў памяць забітых выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Войцык.
Сын аднаго з актывістаў Сяргей Якаўлеў прыехаў з дачкой і ўнучкай з Мінска. І ў гэты дзень з першых вуснаў зноў прагучала гісторыя, якая доўгім рэхам праносіцца праз дзесяцігоддзі:
– Роўна семдзясят гадоў назад з сябрам, быўшы дзецьмі, пераганялі кароў на пашу. Але хутка павярнулі назад, – вёска была акружана нямецкімі салдатамі. Праз некаторы час мы бачылі, як нашых бацькоў арыштавалі і павялі праз вёску. І мы кінулі статак, пабеглі за імі. Праз некалькі сотняў метраў ад Лісоўчыц немцы звярнулі арыштаваных з дарогі. Я ўбачыў расстаўленыя кулямёты і закрычаў: «Тата, тата!». Бацька абярнуўся, але адгукнуцца не паспеў, таму што з лютым брэхам на мужчын кінуліся аўчаркі. Ударылі стрэлы. Спрабаваў бегчы да бацькі, але немцы сталі страляць па нас, і я прыпаў да зямлі. Потым, калі нашы бацькі былі ўжо мёртвымі, іх целы дзёрлі сабакі. Я, рыдаючы, паддаўся ў той бок. Фашысты не сталі чапаць мяне.
Пазней хацелі расстраляць і сем’і актывістаў, але цудам гэтае рашэнне не было выканана.
Пахаваць забітых па хрысціянскім звычаі немцы не дазволілі. Усіх закапалі ў яму, недалёка ад дарогі. І толькі пасля вайны васьмі па-зверску расстраляным землякам калгаснікі паставілі сціплы помнік. Дзеці загінулых і мясцовыя жыхары абнаўлялі яго, але ён з часам разбурыўся. Кіраўніцтва калгаса «Колас» вырашыла пабудаваць новы помнік, добраўпарадкаваць тэрыторыю поруч з ім, зрабіць падсыпку ад дарогі і выкласці праход пліткай. Старшыня гаспадаркі Канстанцін Асапрылка не стаў чакаць, калі помнік уключаць у план будаўніцтва. Сам з будаўнікамі зрабіў праект і знайшоў патрэбныя матэрыялы. Апошні раз помнік быў пераўсталяваны сельвыканкамам ў 2008 годзе.
На мерапрыемстве прысутнічала таксама паэтка Ніна Папова, якая прыехала з Пружан. Яна – дачка аднаго з вывезеных з вёскі мужчын. Дагэтуль жанчына шукае магілу бацькі, не губляючы надзеі. Яе вершы, напоўненыя журбой, адлюстравалі горыч і боль выключанай з жыцця вясны.
…Лідзія Вялічка, Ніна Паўлючук і Сяргей Якаўлеў не без слёз успаміналі сваё дзяцінства, апаленае вайной. І пасаджаныя імі ліпы, нібы ўслухоўваючыся ў іх смутак, без стомы шамацелі лісцем.
Ганаровая варта школьнікаў ля мемарыяльнай пліты яшчэ раз нагадала, што ніхто не забыты і нішто не забыта…
Анастасія ЯНКІНА.
Фота аўтара.