Выкананне пастаўленых задач – залог поспеху

На мінулым тыдні Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Уладзімір Пузырэўскі сустрэўся з працоўнымі калектывамі Камянеччыны: ДПУ НП “Белавежская пушча”, Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы, ДРБУ-137 у Высокім, ААТ “Белавежскі” і “Усход-Каменец”.

Падчас сустрэч Уладзімір Іванавіч паведаміў працаўнікам аб сітуацыі ў краіне, вобласці і раёне, агучыў задачы, што стаяць перад краінай у гэтым годзе. Такія сустрэчы вельмі важныя, бо здымаюць шэраг пытанняў, якія ўзнікаюць толькі з-за недастатковай інфармаванасці насельніцтва. Гэта датычыцца літаральна ўсіх сфер жыцця.

Гаворачы пра агульную сітуацыю ў краіне, Уладзімір Пузырэўскі адзначыў, што, нягледзячы на наступствы мінулага года, які выдаўся даволі складаным, сёлета эканоміка развіваецца добрымі тэмпамі. Гэтая станоўчая дынаміка дасягнута за кошт выканання задач, якія абазначыў Прэзідэнт у штогадовым пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Сапраўды, мадэрнізацыя эканомікі, прыцягненне інвестыцый, імпартазамяшчэнне і арыентаванне эканомікі на экспарт, развіццё інавацый далі добры плён. Таксама важнай задачай застаецца павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай галіны. Дарэчы, калі гаварыць пра сельскую гаспадарку Брэстчыны, то яна ў ліку лепшых у краіне. Камянецкі раён, у сваю чаргу, дае добры ўнёсак у абласную скарбонку, асабліва ў мяса-малочнай галіне. Таксама сярод прыярытэтаў быў названы курс на захаванне стабільнасці нацыянальнай валюты.

Яшчэ адзін важкі накірунак – жыллёвае будаўніцтва. Сёння перагледжаны ўмовы выдзялення льготных крэдытаў. Як адзначыў Уладзімір Пузырэўскі, сітуацыя, што склалася раней, спараджала злоўжыванні. У прыватнасці, не кожны, хто атрымліваў льготныя крэдыты, меў у іх патрэбу. Як вынік, дзяржава выдаткавала банкам больш за 7,5 трлн. рублёў на пагашэнне працэнтных ставак. Цяпер гэтыя недахопы ўхілены, і жыллёвае будаўніцтва працягваецца ўжо на новых умовах.

Памочнік Прэзідэнта зазначыў: нягледзячы ні на што, наша краіна застаецца сацыяльна-арыентаванай дзяржавай, і рост дабрабыту грамадзян, іх сацыяльная абарона – яе прыярытэт. Менавіта таму і была пастаўлена задача павелічэння заработнай платы да памеру 500 долараў ЗША. Аднак, гэтую зарплату трэба зарабіць. Іншымі словамі, рост зарплаты павінен адпавядаць прадукцыйнасці працы. Толькі ў такім выпадку ён будзе абгрунтаваным.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий