20-гадовая Кацярына Пяшкова працуе дыспетчарам адкрытага акцыянернага таварыства “Каленкавічы” з ліпеня мінулага года.
Нарадзілася дзяўчына ў Іванаве Брэсцкай вобласці. 11 гадоў вучылася ў мясцовай СШ №3, дзе ў пачатковых класах выкладала любая матуля. Кацярына – сярэдняе дзіця ў сям’і (ёсць старэйшыя брат і сястра і малодшыя – таксама брат і сястра). У жыцці стараецца заўсёды быць у цэнтры ўвагі. Безумоўна, гэта тычыцца толькі станоўчых сітуацый.
Калі яшчэ была вучаніцай, то часта прымала ўдзел у школьнай мастацкай самадзейнасці, але ніколі не было думак звязаць сваё жыццё з артыстычнай дзейнасцю. У школе Каця паказала сябе як мэтанакіраваны чалавек, заўсёды ішла наперад з канкрэтнымі думкамі. Калі прыйшоў час выбіраць далейшы шлях, то аказалася на раздарожжы. У атэстаце былі добрыя адзнакі, таму і вучэбная ўстанова была выбрана дастойная – Столінскі аграрна-эканамічны каледж. Па сакрэту дзяўчына падзялілася, што з дзяцінства марыла быць кандытарам, уяўляла сабе тое салодкае жыццё, якое, як яна думала, чакала яе наперадзе. А калі падрасла, то зразумела, што прафесія павінна быць не толькі салодкай, але і карыснай. Па гэтай прычыне быў зроблены выбар на карысць бухгалтэрыі.
Гады вучобы ў каледжы праляцелі хутка. Прыйшоў час размеркавання. На выбар у дзяўчыны былі гаспадаркі многіх раёнаў вобласці, аднак Каця спынілася на “Каленкавічах”. Крытэрыі выбару? “Камянецкі раён знаходзіцца найбліжэй да Іванава”, – патлумачыла Кацярына.
Першы раз яна трапіла сюды яшчэ ў чэрвені мінулага года падчас пераддыпломнай практыкі. І калі Кацярына Пяшкова прыехала ўжо на работу, то было ёй не так страшна, як некаторым сакурснікам.
Пасля прыезду Каці адміністрацыя гаспадаркі адразу выдзеліла маладому спецыялісту камфартабельны пакой у мясцовым інтэрнаце, дзе якраз заканчваўся рамонт. Забяспечылі штомесячнай матэрыяльнай дапамогай, а гэта з’яўляецца нямалаважным фактарам, асабліва, калі ты малады…
Што галоўнае на такім важным этапе кожнага маладога спецыяліста? Правільна, калектыў. Бо, кажуць, як сядзеш, так і паедзеш. Кацярыне пашанцавала: людзі, з якімі яна зараз працуе, прынялі гасцінна. Асабліва дапамагала асвоіцца Святлана Громак, якая і вучыла (ды і зараз дапамагае парадай ці проста добрым словам) дзяўчыну ўсім тонкасцям дыспетчарскай справы.
І хоць Кацярына працуе не па спецыяльнасці, але з гэтай нагоды не сумуе: “Для мяне галоўнае, што падабаецца тая справа, якой займаюся. Не бяда, што крыху не супадае спецыфіка працы…” – вось такі пазітыўны адказ. У абавязкі дыспетчара ўваходзіць збор аператыўнай інфармацыі з усёй гаспадаркі, і пачынаецца працоўны дзень з 7 (а то і раней) гадзін. Але гэта не засмучае Кацярыну. “Сумна ад таго, што выхадны ў мяне толькі адзін, а летам іх зусім не бывае. З-за гэтага да матулі езджу вельмі рэдка…”
У будучым дзяўчына марыць атрымаць вышэйшую адукацыю, толькі што гэта будзе за спецыяльнасць, Каця пакуль трымае ў сакрэце. І, вядома, самая галоўная мара маладой дзяўчыны – знайсці сваё шчасце і стварыць моцную сям’ю, дзе будуць панаваць мір, любоў і спакой…
Наталля ГРЫЦУК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Фоторепортаж. В Каменце прошло мероприятие «Наш животновод»
-
В Каменецком районе продолжается череда субботников по благоустройству
-
ОГАИ КАМЕНЕЦКОГО РОВД ПРИВЕЛИ СТАТИСТИКУ ДТП В РАЙОНЕ
-
Пенсионерке из Каменецкого района в телеграм посредством видеосвязи позвонил”сотрудник ДФР”
-
Акция «Поздравь боевую подругу» проходит на Каменетчине