“Здароўе – яшчэ не ўсё, але без здароўя ўсё – нішто”. Раней ці пазней гэтую мудрасць прымае кожны з нас. Але ж здаровая нацыя не тая, якая не хварэе (ва ўмовах сучаснасці такое проста немагчыма), а тая, якая ўмее сябе лячыць. Наколькі ўмеюць лячыць у галоўнай вясковай медустанове, пра ўзровень медабслугоўвання і наогул – адносіны да людзей у белых халатах, напярэдадні прафесійнага свята медыкаў мы высвятлялі ў Пелішчанскай участковай бальніцы. Нагода для гэтага была: па выніках у ахове здароўя за 2011 год сярод сельскіх медустаноў рэспублікі Пелішчанская ўчастковая атрымала дыплом “Лепшая ўчастковая бальніца”.
– А наш галоўны доктар на вучобе ў Мінску, вернецца якраз напярэдадні прафесійнага свята, – патлумачыў па тэлефоне прыемны жаночы голас, калі дамаўляліся аб сустрэчы. – Але прыязджайце, раскажам, пакажам…
І вось мы ля вясковай медустановы ў цэнтры аграгарадка. Утульны, чысценькі дворык з падкошанай травой і рознымі па памерах і вышыні туямі, асфальтаваныя сцежкі, некалькі прыступак да дзвярэй пад прыгожым навесам і пандус для зручнасці. Усё ў сучасным стылі: белы сайдынг на будынку пад чырвоным дахам, еўравокны. У адным памяшканні аб’яднаны амбулаторыя, бальніца, аптэчны пункт. На парозе сустрэлі жанчыну з ветлівай усмешкай.
– Наталля Уладзіміраўна Вайновіч, – прадставілася яна. – Фельчар. На перыяд ад’езду галоўнага ўрача выконваю яго абавязкі, спалучаю іх з прыёмам пацыентаў.
Знаходзіць кантакт з людзьмі для Наталлі Уладзіміраўны не праблема, да ўсіх падыход – з усмешкай. Але, відаць, не толькі дзякуючы гэтаму “прыжылася” у Пелішчы гэтая жанчына. Вяскоўцы даўно ацанілі і яе сумленныя адносіны да працы, і чалавечнасць, і прафесіяналізм. Жонка былога ваеннага, яна прыехала з мужам на яго радзіму з Далёкага Усходу больш за 23 гады назад. Пачынала медсястрой, хоць па спецыяльнасці фельчар. Цяпер у час прыёму дапамагае доктару. А калі таго няма, сама прымае людзей, абслугоўвае выклікі дома. Дарэчы, вяскоўцы могуць выклікаць урача ці фельчара па тэлефоне ў любы час сутак. Усім стараюцца дапамагчы Іван Браніслававіч Гамзюк і Наталля Уладзіміраўна Вайновіч.
– Пелішча цяпер – аграгарадок. Насельніцтва становіцца больш, маладзее вёска, – заўважыла Наталля Уладзіміраўна. – І ў нас самыя жаданыя пацыенты, гэта, бясспрэчна, – дзеці. З 1834 чалавек, якія на абслугоўванні ў амбулаторыі, 338 менавіта дзеці да 18 год, з іх 12 – да аднаго года.
У лячэбную ўстанову людзі ідуць з рознымі праблемамі здароўя. Штодзённа яе наведваюць шмат тых, хто стаіць на дыспансерным уліку. Бо тут не толькі можна атрымаць кансультацыю, купіць лекі, але і палячыцца на дзённым стацыянары. І па фізіяпрацэдуры ехаць нікуды не трэба, усё на месцы. Бывае, у дзень сюды прыходзяць да 30 чалавек. І не толькі з аграгарадка, а і з Якубавічаў, Соснаў, Стралёў, Індычаў, Беразнякоў, Ранёў, Шчэрбава, Падбрадзян, Прускі – вёсак сельсавета.
Бальніца ў Пелішчы не пустуе ніколі. Разлічаная на 20 ложкаў, яна пад сваім “крылом” аказвае медпаслугі не толькі мясцоваму насельніцтву, але і пацыентам, якіх накіроўваюць сюды на лячэнне з Каменца, Відамлі, Турны, іншых населеных пунктаў. Людзі задаволены абслугоўваннем тутэйшых медыкаў. Лекаў у бальніцы дастаткова, кормяць добра. Прадукты сюды дастаўляюць цэнтралізавана з Каменца.
У 2007 годзе быў праведзены капітальны рамонт медустановы. Амбулаторыю, што знаходзілася ў іншым месцы, размясцілі ў былым будынку бальніцы, а для апошняй узвялі новую прыбудову.
– Усё, што хацелі, было зроблена, усё, што заказвалі, – атрымалі, – проста расказвае пра “капітальныя” змяненні фельчар і не перастае радавацца. Палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база, набыта новае медыцынскае абсталяванне ў лабараторыю, у працэдурны і стаматалагічны кабінеты, новы апарат для ЭКГ, камп’ютар. Новыя ложкі ў палатах, ёсць палата для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, светлая сталовая, санпрапускнік, пакой адпачынку…
Радуюцца і вяскоўцы.
– Гэта наш доктар, Іван Браніслававіч Гамзюк так стараецца і клапоціцца як пра ўмовы работы для свайго калектыву, так і пра ахову здароўя мясцовага насельніцтва, – зазначылі пацыенты, што чакалі сваёй чаргі на прыём.
І не прамінулі выказаць яму ўдзячнасць за чулае сэрца, добрую душу, уважлівыя адносіны да пацыентаў і ўвогуле ўсіх людзей, якія яго акружаюць. Ён у любы час гатовы прыйсці, каб выслухаць чалавека і па магчымасці аблегчыць яго пакуты – дапамагчы не толькі лекамі, але і добрым словам.
– Кажуць, ёсць медыкі ад Бога. У іх ліку і наш доктар. Гэта не проста прыгожыя словы. Гэта яго асабістая чалавечнасць, умелага, вопытнага медыка, чулага да чужога болю, – заўважыла адна з пастаянных пацыентак гэтай медустановы. – І ўвесь медперсанал тут самааддана працуе, верны сваёй прафесіі.
У штаце амбулаторыі і бальніцы 20 чалавек. Сярэдні ўзрост калектыву – 30 гадоў. Большасць жанчын прыйшла сюды працаваць разам з Іванам Браніслававічам, калі той перайшоў на работу ў бальніцу з санаторыя-прафілакторыя “Лясны”, што дзейнічаў для працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў свой час у маляўнічым сасновым лесе ў ваколіцах Пелішчаў.
Мясцовыя медыкі ўважліва сочаць за прафілактычнымі аглядамі насельніцтва. Адзін раз у год іх праходзяць механізатары і аператары машыннага даення. А з вынікамі аналізаў, зробленых у мясцовай лабараторыі Ірынай Шамчук (фота на першай старонцы), вяскоўцы едуць на прыём да гарадскіх урачоў. Маладыя маці прыводзяць дзяцей на прышчэпкі да патранажнай медсястры Алы Шабунько. У фізкабінеце старшая медсястра Ганна Мядведзь аказвае працэдуры ультрагукам, электрафарэз, солюкс, дарсанваль і іншыя. Стаматолаг Святлана Сцепанюк аблегчыць зубны боль. Медсёстры спрытна зробяць уколы, паставяць кропельніцу, дадуць таблеткі…
Усе яны выбралі самую гуманную прафесію – ратаваць жыцці, дапамагаць людзям вяртаць здароўе і лячыць словам. Ці не гэта самае святое? У тым і заключаецца асаблівасць іх прафесіі – быць заўсёды “на баявым пасту”, гэта значыць, на працы.
Вера Іванюковіч
Фота Міколы Шума
Это может быть интересно:
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF: Green – ФК «Высокое»
-
Профессий много, а надо сделать выбор в пользу одной
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF. Первый матч. Агро-Пелище — Мясокомбинат
-
МОШЕННИКИ ИСПОЛЬЗУЮТ ИМЯ КОМПАНИИ «БЕЛТЕЛЕКОМ» ДЛЯ РАСПРОСТРАНЕНИЯ ФЕЙКОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
-
«Эрудиты» из Пелищ заняли 3 место в интеллектуально-развлекательной игре от БРСМ