Вот так ферма!

Зараз многа ўвагі ўдзяляецца пытанням жывёлагадоўлі, а менавіта фермам. Адны з іх яшчэ толькі будуюцца, і праца ў іх будзе на 100% механізавана, другія – рэканструіруюцца. Але і ў першым, і ў другім выпадку дырэктары і старшыні маюць надзею на тое, што будуць дасягнуты высокія паказчыкі.
На малочнатаварнай ферме “Кунахавічы” на сённяшні дзень 523 галавы буйной рагатай жывёлы, з іх 405 – асноўны дойны статак.
Некалі ферма адносілася да калгаса “Расія” і была непрыметнай. Але пасля далучэння гаспадаркі да адкрытага акцыянернага таварыства “Белавежскі” ўсё змянілася, і ў пазітыўны бок. Як кажуць, з’явіўся стымул, каб працаваць лепш, бо за добрыя вынікі тут шчодра плацяць, у тым ліку і натурай. І, мабыць, у “Кунахавічах” стымул быў і ёсць вялікі, бо па падведзеных выніках работы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна за 2011 год, паводле рашэння райвыканкама, працоўны калектыў фермы занесены на раённую Дошку гонару. І было за што: надой ад каровы за мінулы год склаў 6945 літраў. А якім можа быць паказчык, калі тут працуюць два лепшыя аператары машыннага даення ў раёне. Іх прозвішчы неаднаразова ўзгадваліся на старонках нашай газеты. Але, лічу, што не будзе лішнім яшчэ раз іх нагадаць: Марыя Шубіч (надаіла за год 9950 літраў малака ад кожнай рагулі) і Святлана Русакевіч (9612 літраў). Але ўсё гэта было летась. Сёлета паказчыкі будуць яшчэ вышэйшымі (ніхто не сумняваецца). Ужо за чатыры месяцы 2012-га сярэднясутачны надой ад каровы склаў 2217 літраў, на 101 літр больш, чым за леташні аналагічны перыяд. У плюсе і сярэднясутачная прывага. Сёлета яна склала больш за 1 кілаграм, а па ферме ўвогуле – 714 грамаў. Валавая прывага – амаль 27 тон.
Асноўную частку (62%) складае малако класа “экстра”, астатняе – вышэйшага.
Круглы год каровы знаходзяцца на бяспрывязным утрыманні (без глыбокага падсцілу) пад уважлівым наглядам вопытных спецыялістаў і работнікаў фермы. У калектыве 24 чалавекі, 9 з іх – аператары машыннага даення. Брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Алена Вярчук (яна з’яўляецца загадчыцай малочнатаварнай фермы ўжо тры гады) зазначыла: “Вельмі добрыя ў нас аператары машыннага даення. Усе яны адказныя, і, самае галоўнае, што заўсёды могуць знайсці выхад са складанай сітуацыі.” Нягледзячы на тое, што рабочы дзень пачынаецца з пяці гадзін раніцы, а заканчваецца каля дзесяці вечара, жанчыны паспяваюць і дома весці гаспадарку, і прыглядаць за прысядзібнымі ўчасткамі…
З малочнатаварнай фермы “Кунахавічы” два малакавозы вывозяць каля 8-і тон вячэрняга і ранішняга малака. А адпраўляюць яго на высокаўскі сыраробны завод.

Наталля ГРЫЦУК
Фота аўтара

Добавить комментарий