Уладзіміру Бядулі – 85. Паўвека нязменны старшыня калгаса, дэлегат XIII і XXVII з’ездаў КПСС, народны дэпутат Саюза ССР (1989-1992), дэпутат Вярхоўнага Савета БССР – 7-га і 11-га скліканняў, член праўлення Савецкага фонду міру, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу РБ, узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, ордэнам Францыска Скарыны, ганаровы акадэмік Міжнароднай акадэміі арганізатарскіх і кіраўніцкіх навук, заслужаны работнік культуры Беларусі… З характарам даступнага і звышпатрабавальнага чалавека, дробязей для якога не існавала, – усё гэта пра яго, Бядулю. Нястомна, з маладым запалам, з магчымасцямі аўтарытэтнага кіраўніка імкнуўся ўнікаць у складанае і простае, светлае і не зусім радаснае, прыемнае і агіднае, зразумелае і не вельмі… З душою адгукаўся на праблемы калгаснікаў. Хоць, бывала, памылкі і няўдачы старшыні помніліся намнога даўжэй, чым добрае. Што ж, такі лёс кіраўніка… Аднак, не адно дзесяцігоддзе самавітыя раснянцы былі за сваім старшынёю, як за сцяною, цвёрда ведалі: папрацуеш – будзеш мець. І нямала. Шэраг гадоў толькі славутая “трынаццатая” зарплата ў “Савецкай Беларусі” чаго была вартая! У разгар жніва ён мог турбавацца аб мэблі ў новую кватэру механізатара ці турыстычнай пуцёўцы для даяркі. “Падыход да людзей толькі тады правільны, калі ён строга індывідуальны” – не раз чулі калегі ад Бядулі.
Настальгічныя згадкі пра эпоху, увасабленнем якой ён стаў, часам выклікаюць у маладых іранічную ўсмешку. Але ж былі, былі сялянскі разлік і рацыяналізм, работа на эфектыўнасць і эфектнасць, натуральныя парывы калектывізму і рамантызму, падмацаваныя рэальнымі вынікамі…
Уладзімір Бядуля, які ўжо сёмы год на адпачынку і цяпер жыве ў Высокім, з сям’ёй дачкі Святланы, згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.
– Уладзімір Лявонцьевіч, з якімі адчуваннямі сустракаеце 85-годдзе?
– Сустракаю свой юбілей з добрым вясновым настроем. Любуюся прыродай, якая ажыла, добрым выглядам пасеваў, асабліва – азімых. Радуюся разам з блізкімі мне людзьмі. Чытаю шмат перыёдыкі, таму заўжды ў курсе ўсіх спраў, што адбываюцца ў краіне і ў свеце. Радкі з песні «жила бы страна родная – и нету других забот» па-ранейшаму мае любімыя.
– З калейдаскопа Вашых успамінаў што найбольш яркае?
– За пяцьдзясят год старшынёўства шмат было запамінальных падзей. Аднак, найбольш хвалюючымі былі моманты, калі гаспадарка атрымлівала перадавыя сцягі за высокія вытворчыя паказчыкі. Яркай падзеяй былі здымкі ў Расне “Песні года-87” – упершыню ў СССР у вёсцы. Не менш прэстыжнымі для нас былі адкрыццё першай у раёне сельскай музычнай школы, ясляў-сада, першага рэстарана, збудаванага па індывідуальным праекце Дома культуры, у якім выступалі хоры Пятніцкага, Свешнікава, Святаслаў Рыхтэр… Асаблівую радасць прыносіла мне аздараўленне калгаснікаў на лепшых курортах Савецкага Саюза…
– З вышыні 85-га дня нараджэння многае, пэўна, бачыцца па-іншаму. Калі б была фантастычная магчымасць штосьці змяніць у мінулым, што іменна перайначылі б?
– Лічу, што жыццё маё ўдалося. Адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, бо займаўся любімай справай – сельскай гаспадаркай, рабіў людзям дабро, ды і ўмовы былі для гэтага. Шмат будавалі за кошт гаспадаркі. Дарэчы, сорак гадоў не карысталіся крэдытамі. Цяпер упэўнены, што гэта было не зусім правільна…
– Уладзімір Лявонцьевіч, хай доўга яшчэ жыццё прыносіць асалоду, добрымі будуць кожныя раніца і вечар, хай радуюць унукі і праўнукі і не траціцца сэнс кожнага дня. З юбілеем Вас!
Галіна НОВІК
Это может быть интересно:
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Бизнес-идея высоковчан одержала победу в «Молодой стартап академии»
-
Грандиозная «перестройка» Высоковской больницы. Что известно на данный момент?
-
Сегодня состоялась встреча с активной молодежью Высоковского колледжа
-
МЧС ПОБЫВАЛО В ГОСТЯХ В ВЫСОКОМ