Вольнага часу амаль не бывае…

Пра работу Воўчынскага сельскага

Савета і не толькі – інтэрв’ю з яго старшынёй

Канстанцінам Якубовічам.

Канстанцін Аляксандравіч, Вы шмат гадоў працавалі ў сельскай гаспадарцы, а цяпер займаеце пасаду старшыні сельскага Савета. Скажыце, калі ласка, дзе больш плённа працуецца?

– У сельскім Савеце працую крыху больш за два гады – з 1 сакавіка 2010-га, а ў сельскай гаспадарцы адпрацаваў 33, з іх 5 гадоў быў галоўным інжынерам і 2 – намеснікам старшыні ў калгасе імя Леніна ў Пагранічнай. А вось 25 гадоў з’яўляўся старшынёй калгаса імя Свярдлова – зараз СВК “Стаўскі”. Дзе больш плённа? Цяжка адказаць. Але магу сказаць адно: усюды трэба працаваць, і сваёй працай прыносіць людзям дабро, і вырашаць іх пытанні.

Вядома, што да старшыні звяртаюцца з самымі рознымі пытаннямі. А з якімі часцей за ўсё прыходзяць да Вас?

– Сельскія жыхары звяртаюцца да нас па розных пытаннях. Часцей за ўсё прыходзяць за дапамогай па набыцці паліва. Бываюць пытанні, вырашэнне якіх знаходзіцца не ў нашай кампетэнцыі. Таму прыходзіцца звяртацца і падключаць іншыя службы і арганізацыі раёна, і нават вобласці. Напрыклад, зараз вырашаюцца пытанні аб прыпынку аўтобуса ў Вялічкавічах і выраўноўванні адной з дарог у Воўчыне. Па апошнім сваё рашэнне павінна вынесці кіраўніцтва аднаго з брэсцкіх дарожных упраўленняў.

Колькі на тэрыторыі Воўчынскага сельсавета вёсак, аб’ектаў сацкультбыту?

– Наш сельсавет у 50-і кіламетрах ад раённага цэнтра і ў 44-х – ад абласнога. У складзе – 18 населеных пунктаў. Навасёлкі і Ставы – аграгарадкі. У вёсках жывуць амаль 2200 чалавек. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца тры школы – Воўчынская сярэдняя, Навасёлкаўская і Стаўская базавыя, два дзіцячыя садкі, тры Дамы культуры, два фельчарска-акушэрскія пункты і адна амбулаторыя, аптэка, магазіны… Працуюць два сельгаспрадпрыемствы – ААТ “Усход-Каменец” і СВК “Стаўскі”. Акрамя таго, на воўчынскіх землях – Прыбужскае падземнае сховішча газу і Брэсцкі ўчастак Маладзечанскага ўпраўлення буравых работ.

Як наладжана мясцовае самакіраванне?

– Мясцовае самакіраванне ў сельсавеце – гэта 10 старастаў населеных пунктаў, 13 дэпутатаў і вулічны камітэт вёскі Воўчын. А лепшыя – гэта старшыня камітэта Наталля Прысада – яна ж і дэпутат сельскага Савета, старасты Панікваў, Вялічкавічаў і Воўчына Вольга Барысюк, Зінаіда Сахарчук і Рыгор Жэлінгоўскі адпаведна. Апошні, дарэчы, таксама дэпутат. Усе яны – першыя памочнікі старшыні сельсавета па пытаннях добраўпарадкавання, закупу малака ў насельніцтва і іншых.

А якія каштоўнасці, на Ваш погляд, – самыя галоўныя ў жыцці?

– Лічу, што самыя галоўныя – гэта сумленнасць, справядлівасць, прыстойнасць і мэтанакіраванасць.

Вы шмат часу праводзіце на працы. Як да гэтага адносіцца Ваша сям’я?

– Сапраўды, большую частку часу прыходзіцца знаходзіцца на працы. Асабліва гэта праяўлялася, калі працаваў старшынёй у сельскай гаспадарцы – камандзіроўкі, сяўба, уборка… Сям’я да гэтага ўжо прызвычаілася. Ды і з сям’і засталася толькі жонка – дзеці выраслі, ўжо і самі звілі свае гнёзды…

І апошняе пытанне. Ці маеце вольны час на адпачынак і чым любіце заняцца?

– Зараз вольны час з’явіўся па выхадных днях. Выкарыстоўваю яго па-рознаму: люблю папрацаваць на агародзе, летам – з’ездзіць на рыбалку, а лепей за ўсё – па грыбы, калі яны, безумоўна, ёсць. Часцей жа едзем з жонкай да дзяцей і ўнукаў.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий