Военной атрибутике посвящается

У першы тыдзень мая ў Высокаўскім гарадскім Доме культуры ладзілася персанальная выстава ваеннай атрыбутыкі, якую прадаставіў старшы прапаршчык аддзялення пагранічнага кантролю “Пясчатка” Андрэй Перадумаў.
Для даведкі. 38-гадовы Андрэй Вячаслававіч родам з Іркуцкай вобласці. Нарадзіўся ў сям’і ваенных. Закончыў Львоўскі тэхнікум сувязі. Тэрміновую службу праходзіў у пяхоце. З 1992 года перайшоў на звыштэрміновую службу пагранвойскаў РБ.
Калекцыяніраванне шаўронаў і нашывак – сігнуманістыка – даволі малады від збіральніцтва. Тэрмін утвораны ад лацінскіх слоў signum (знак) і manus (рука). Выстава ўключала ў сябе наведванне з аповядам пра ваенную атрыбутыку гаспадара калекцыі і паказ мастацкага фільма пра вайну “Брэсцкая крэпасць”. Дарэчы, сваю калекцыю Андрэй Перадумаў збірае ўжо 17 год. Для цікаўных адзначу, што ж такое шаўрон. Само слова “шаўрон” мае французскае паходжанне (chevron). У класічным разуменні гэта нашыўка вугольнай або іншай формы з галуна, шнура або тасьмы звычайна на рукавах форменнага адзення для пэўных воінскіх званняў, а таксама для абазначэння колькасці год службы. У Еўропе яны вядомы з XVI стагоддзя. З часам значэнне шаўрона некалькі пашырылася. Цяпер ён служыць для вызначэння не толькі воінскага звання, а і прыналежнасці да канкрэтных арганізацый і ведамстваў, воінскіх фарміраванняў, грамадскіх аб’яднанняў.
Як зазначыў сам аўтар калекцыі, вытворчасць шаўронаў і нашывак у Беларусі пачалася з абвяшчэння незалежнасці краіны, г. зн. з 1992 года. У асноўным яны выкананы метадам тэрмапрасавання, але ёсць і вышытыя. На сёння ў калекцыі Андрэя Перадумава больш за 2000 экземпляраў. На выставе ў Высокім былі прадстаўлены каля 400 адзінак, а таксама нашыўкі, пагоны, фуражкі, берэты, пілоткі, кепкі.
Чым былі ўражаны школьнікі, якія наведвалі выставу? Гэта не толькі магчымасцю пачуць, убачыць, але і прымерыць, апрануць і сфатаграфавацца з атрыбутамі. У такія хвіліны хлопчыкі і дзяўчынкі станавіліся бравымі танкістамі, адчайнымі дэсантнікамі, спецназаўцамі і вопытнымі разведчыкамі. Я ўпэўнены, што ў каго-небудзь з іх закралася думка пайсці служыць – стаць абаронцам Айчыны, як некалі іх дзядулі і прадзеды, якія выратавалі ўвесь свет ад карычневай фашысцкай чумы.
Выстава доўжылася тры дні, але яны праляцелі як адно ваеннае імгненне, якое ахапіла ўвесь зямны шар. Бо прадстаўлены былі шаўроны многіх краін: Расіі, Украіны, Германіі, Казахстана, Таджыкістана, Туркменіі, Малдовы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Манголіі, Швецыі, Швейцарыі, Ізраіля і практычна ўсе шаўроны, што ёсць у Беларусі. Наведалі выставу каля 600 чалавек. Магчыма, гэта і няшмат, але вельмі ж хацелася, каб высакаўчане акунуліся ў атмасферу армейскай супольнасці і воінскага духу.
І яшчэ. Па дамоўленасці з Андрэем Перадумавым і камандаваннем АПК “Пясчатка” вырашана арганізаваць у верасні-кастрычніку яшчэ адну выставу ваеннай атрыбутыкі, дадаць у яе ваеннае абмундзіраванне – форму абаронцаў Айчыны. Прыходзьце, будзе цікава!

Алег ГРЫПІЧУК,
дырэктар
Высокаўскага ГДК
Фота аўтара

Добавить комментарий