Внук избил родного деда

Унук дзеда біў…
Пракурорам раёна 16 мая ўзбуджа­на крымінальная справа ў адносінах 28-гадовага жыхара вёскі Шастакова, раней судзімага, які месяц таму назад наўмысна нанёс менш цяжкія цялесныя пашкоджанні свайму 72-гадоваму дзядулю. Гэты гора-ўнук у той дзень быў нецвярозы і ў час сваркі з дзедам нанёс таму не менш аднаго ўдара нагой у грудзі, у выніку ў старога зламаны два рэбры, утварыўся кровападцёк на правай палове грудной клеткі. Адкуль такая жорсткасць у маладога чалавека, высвятляе следства. Артыкул 149 Крымінальнага кодэкса за падобныя дзеянні прадугледжвае пакаранне ад штрафа, папраўчых работ да абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.
Захацеў парасяціны?
13 мая, як сцямнела, жыхар Белавежскага, 1974 г.н., раней судзімы за крадзяжы, у вёсцы Мыкшыцы  Раснянскага сельсавета забраўся ў гаспадарчую пабудову на адным з падворкаў і ўкраў двух парасят. А спачатку палкай забіў сабаку, каб не брахаў… Парасят аднёс у хлеўчык пустуючага дома непадалёк. Аднак, на наступны дзень міліцыя адшукала зламысніка, вярнулі гаспадыні і яе парасят. Доўга, відаць, аматару парасяціны яшчэ будзе ў вушах пішчаць, бо за крадзеж давядзецца адказваць перад судом.
Падманулі-падвялі…
Гэта адбылося 11 мая ў вёсцы Багачы. Да пенсіянеркі перад абедам зайшлі дзве смуглянкі: прапанавалі купіць нейкія коўдры, цюлі… Але бабулька нічога не выбрала, значыць, і грошы не даставала. Тады лоўкія гандляркі прыдумалі новы ход: маўляў, мы ад Чырвонага Крыжа, перапісваем пашпартныя даныя тых, каму патрэбна дапамога. Старэнькая дастала пашпарт, а там і грошы ляжалі. Тут адна з “валанцёрак” заўважыла, што бабуля выглядае хваравіта, павярнула яе туды-сюды, нібыта аглядала, як урач. Таго моманту, пэўна, хапіла, каб забраць грошы з пашпарта. Ва ўсякім разе, вечарам, як прыехалі ўнукі, 700 тысяч рублёў не аказалася… Падазроныя ва ўчыненні крадзяжу смуглянкі затрыманы і далі паказанні следству. Вядома, іх віну ўстановіць толькі суд. А ўсіх жыхароў раёна, асабліва састарэлых, яшчэ раз даводзіцца папярэджваць: асцерагайцеся махлярак, якія ходзяць па дамах,  нешта прадаюць, гадаюць ці прадстаўляюцца сацыяльнымі работнікамі. Памятайце: сацыяльныя работнікі не заходзяць без мясцовых прадстаўнікоў улады, а прадстаўнікі розных службаў павінны прад’яўляць свае дакументы. Тых смуглянак увогуле нельга было пускаць у дом, а калі такія з’явяцца ў вашым двары, неадкладна паведамляйце ў міліцыю.
Падборку падрыхтавалі супрацоўнікі райаддзела Следчага камітэта:
старшыя следчыя Андрэй БІЛЕВІЧ,
Васілій МІХАЕВІЧ і следчы Ігар КАЛІНОЎСКІ

Добавить комментарий