Весна. Ремонтируем дороги, меняем знаки…

25 красавіка на тэлефоннай “Прамой лініі” быў начальнік аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі Яўгеній Канстанцінавіч Пісарчук.
Звяртаюся да Вас вось па якім пытанні. Нядаўна ў нашай вёсцы адрамантавалі праезную частку дарогі. Пры правядзенні палявых работ праз вёску рухаецца сельскагаспадарчая тэхніка, разбураецца гравійнае пакрыццё, ва ўсе бакі ляцяць салома, сілас, утвараецца гразь. Ці нельга забараніць рух такой тэхнікі па нашай вёсцы?
Жыхар в. Бабічы.
– Мы правядзем абследаванне дарожнага руху па вашай вёсцы. І калі будзе магчымасць руху сельгастэхнікі вакол Бабічаў, выдадзім прадпісанне ДРБУ-137 на ўстаноўку адпаведных дарожных знакаў.
На вуліцы Леванеўскага знешні выгляд дарожных знакаў жадае быць лепшым. Ці нельга іх замяніць?
Н.Н. Семянюк,
жыхар Каменца.
– Пры падрыхтоўцы да абласнога свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2012” пачаўся рамонт вуліцы Леванеўскага. Тут пакладуць новы асфальт, тратуар, абсталююць стаянкі каля магазіна “Гермес” і стадыёна. Таксама будуць заменены дарожныя знакі.
На дарозе, што вядзе да Мурыноў Вялікіх, і на праезнай частцы ў самой вёсцы пасля зімы ўтварыліся ямкі. Пасадзейнічайце, калі ласка, каб іх нейкім чынам закрылі.
Н.Н. Сілюк,
жыхар Мурыноў Вялікіх.
– Пры правядзенні ў маі вясенняга агляду дарог выдадзім прадпісанне кіраўніцтву ДРБУ-137 на ямкавы рамонт ў Вашай вёсцы.
У мяне быў “Масквіч”, 1973 г. в. Падчас эксплуатацыі ён прыйшоў у непрыгоднасць і доўгі час стаяў у двары. Нядаўна здаў яго на металалом. А куды паклаў рэгістрацыйныя знакі, не памятаю. Падкажыце, як зняць аўтамабіль з уліку?
А.В. Сцепанюк,
жыхар Пелішча.
– Вам неабходна звярнуцца да нас з заявай, выдадзім Вам даведку для зняцця з уліку транспартнага сродку.
Патлумачце, калі ласка, якія дакументы трэба мець пры сабе для таго, каб кіраваць скутарам, і ці патрэбна страхоўка.
В.В. Алексяюк,
жыхар г. Высокае.
– Для таго, каб кіраваць мапедам (скутарам), неабходна вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “АМ”, таксама трэба зарэгістраваць мапед у МРЭА ДАІ, прайсці тэхнічны агляд ва ўстаноўленым парадку. Заключаць дагавор страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў на мапед не трэба.
Для асоб, у якіх увогуле няма вадзіцельскага пасведчання, каб яго атрымаць катэгорыі “АМ”, неабходна здаць тэарэтычны экзамен у МРЭА ДАІ г. Брэст. У каго ёсць вадзіцельскае пасведчанне любой катэгорыі або пасведчанне трактарыста-машыніста, трэба звярнуцца ў МРЭА ДАІ Брэста і Вам выпішуць пасведчанне катэгорыі “АМ” без экзаменаў.

Добавить комментарий