Вера і Станіслаў: 50 гадоў побач

getImageПерадгісторыя першая. Вера

Неабсяжная прастора, зямля, што ўдалечыні дакранаецца да неба, рэдкія таполя ці асіна… «Степь да степь кругом, путь далек лежит…» Менавіта гэтыя словы знакамітай песні найлепшым чынам характарызуюць мясцовасць, у якой прайшло маленства гераіні нашага аповеду Веры Айрых.Яна скончыла ў свой час Кузьмінскую сямігодку (Паўладарская вобласць у Казахстане) і адразу пайшла працаваць – падбіраць на полі каласы. Вялікай сям’і (чацвёра дзяцей, з якіх Вера была другой па ліку) неабходна была дапамога. Па вясне сеяла разам з бацькам, а ўлетку завіхалася з граблямі на пакосах. Падлеткам Вера скончыла аўташколу. Гэтыя веды сталі добрай падмогай, калі ўладкавалася ў зернесаўгас “Чырвона-Украінскі” шафёрам на ГАЗ-51. Адвозіла зерне ад камбайнаў на ток, у тым ліку і ад машыны старэйшага брата Андрэя. Пазней працавала на Жалезінскай аўтабазе №20. Узімку, калі селянін заслужана адпачываў пасля цяжкай працы, Вера дапамагала маці Паліне Андрэеўне, што працавала даяркай. Неўзабаве маладой работніцы даверылі 25 кароў. Было цяжка, рабілі тады ўсё ўручную, уставалі рана, дабіра­ліся зімой на працу, трымаючыся за вяроўку, нацягнутую ад найбліжэйшага да фермы дома, так змагаліся са снежнымі завеямі, ветрам, што валіў з ног. Ды і з хаты без рыдлёўкі не выйдзеш. У сям’і мелі іх некалькі, каб адначасова чысціць снег да дома і хлявоў. Дапамагалі суседзям. Вось такая яна, Вера, – бясстрашная, вынослівая, правераная ў цяжкасцях.

Перадгісторыя другая. Станіслаў

Пасля заканчэння вучылішча механізацыі ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына, што на Гродзеншчыне, маладога спецыя­ліста Станіслава Фіялкоўскага накіравалі на два гады на цаліну (такі тады быў парадак). Праз шэсць дзён няпростага падарожжа ў Паўладары чакаў сюрпрыз: сонечны сакавік Беларусі растаў, як сон, а на змену яму прыйшлі марозная зіма і засыпаны снегам горад. У грузавым таксі палілі печ-буржуйку, каб хоць неяк сагрэцца. Цаліна больш не была той рамантычнай казкай, якою здавалася здалёк. Саўгасы чакалі працаўнікоў… Нялёгка даводзілася маладым спецыялістам. Многія вярталіся дадому. Тым часам, надыходзіла вясна. Снег сыходзіў, з-пад яго вызваляліся… велізарныя палі – па 250-600 га. Са сваімі, роднымі, не параўнаеш! Паступова наладжвалася жыццё.

Лёсавызначальная сустрэча

Адбылася яна ў клубе, куды Станіслаў і іншыя хлопцы, што вытрымалі выпрабаванне цаліною, выбіраліся адпачыць. Прыгожая Верачка з прамяністымі вачамі запала ў душу героя нашага аповеду. Запрасіў на танец, а хутка ўжо і дня не мог пражыць без сустрэчы са сваёй чараўніцай. Радавала і тое, што ўзімку Веры і Станіславу выпала працаваць на адной ферме. Увесну дзяўчына ездзіла на выпасы, а хлопец праводзіў дні за рычагамі свайго трактара. І не было вечара, каб яны не сустрэліся. Глядзелі кіно, а потым танцавалі пад вясёлы баян Паўла Ганчарова. Праводзіны дадому завяршаліся доўгімі, заду­шэўнымі размовамі, якія вялі на вуліцы і ў снег, і ў дождж (пра тое, каб зайсці ў хату, і гаворкі не было – нельга!)

Нараджэнне сям’і

У 1963 годзе на Вадохрышча зладзілі вяселле. Доўгачаканае свята атрымалася вельмі цёплым, толькі адно псавала яго – немагчымасць абвянчацца (па­блізу ніводнай царквы). Не бы­ло і заручальных пярсцёнкаў, але хіба гэта галоўнае? Самае неабходнае – каханне – прысутнічала. Распісаліся толькі вясной, калі змаглі дабрацца да найбліжэйшага сельсавета.

Пяцьдзясят гадоў – адно імгненне

Як добрую працаўніцу Веру Багданаўну Фіялкоўскую неўзабаве абралі дэпутатам. Ферму яна не пакінула, бо адчувала адказнасць: маладыя вучыліся ў вопытнай даяркі. Прыба­вілася работы, калі нарадзіўся сынок. А тут яшчэ і мужа, Ста­ніслава, забралі ў армію. Стом­ленай вярталася жанчына пас­ля работы, распальвала печ, га­тавала вячэру сыну, а потым доўга пісала за кухонным сталом чарговы ліст каханаму. Тады ж райкам ВЛКСМ накі­раваў выдатную працаўніцу Ве­ру Фіялкоўскую на злёт у тагачасны Цалінаград, дзе ёй уручылі медаль “За асваенне цалінных земляў”. Уявіце толькі, як прыемна было мужу чуць такія добрыя весткі пра жонку адразу пасля вяртання са службы! У 1970-м сям’я пераехала на поўдзень Казахстана. Веры Багданаўне знайшлася работа на цагельным заводзе, якую асвоіла хутка, за што і атрымала ганаровае званне “Ударнік каму­ністычнай працы”. Ста­ніслаў Ба­ляслававіч шчыраваў мулярам у міжкалгаснай будаў­нічай арганізацыі. Агульнымі сямейнымі намаганнямі збудава­лі цагляны дом у райцэнтры Мі­хайлаўка, але непаседлівасць і ўлюбёнасць у родны азёрны край клікалі Фі­ялкоўскіх на Беларусь… Спачатку жылі і працавалі ў Каменцы, пазней з сынам і дачкой перабраліся ў Белавежскі. Ужо 30 гадоў пасёлак – іх родны дом. 2013-ы – асаблівы год для сям’і Фіялкоўскіх. Менавіта сёлета Станіслаў Баляслававіч і Вера Багданаўна святкавалі залатое вяселле. Як маглі не далучыцца да бацькоў у такі дзень сын Уладзімір (ваенны пенсіянер), дачка Вольга (бухгалтар фін­ад­дзела ААТ “Белавежскі”) і тры ўнукі?! Паўстагоддзя побач? Гэта вельмі многа і адначасова вельмі мала. Аднак бачыш свой працяг у наступных пакаленнях…

Настасся НАРЭЙКА. Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий