Верасень. Высокае. Абноўленая школа

IMG_2876“Усё пачынаецца ў верасні”. Такія справядлівыя словы сталі лейтматывам урачыстай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў, што прайшла ў Высокаўскай сярэдняй школе. Сёлетні верасень стаў для вучняў гэтай установы адукацыі асаблівым. Цікаўныя і пакуль нясмелыя першакласнікі, іх старэйшыя сябры, для якіх сцверджанне “школа – родны дом” доказаў ужо не патрабуе, і будучыя выпускнікі-2016 атрымалі да свята цудоўны падарунак – капітальна адрамантаваны, утульны будынак школы з усім неабходным для вучобы абсталяваннем.

Раздзяліць з вучнямі, бацькамі і настаўнікамі бясспрэчную радасць не прамінулі старшыні абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, раённага выканаўчага камітэта Андрэй Пісарык і Высокаўскага гарвыканкама Мікалай Сачык, а таксама начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму раённага выканаўчага камітэта Віктар Грыцук і кіраўнік КУП “Брэсцкі гарадскі рамонтна-будаўнічы трэст” Мікалай Наско. Менавіта гэтае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства ўсе летнія месяцы шчыравала ў школе. На капітальны рамонт яе, праведзены ў межах Праграмы развіцця Высокага на 2013-2016 гады, пайшло каля 16 мільярдаў рублёў. Дарэчы, дзякуючы гэтай Праграме ў самым заходнім горадзе РБ зроблена многае, і на дасягнутым спыняцца не будуць.

Падчас урачыстай лінейкі першакласнікі атрымалі з рук Сяргея Ашмянцава падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра IMG_2871Лукашэнкі – кнігі пра Радзіму. А дырэктар Высокаўскай СШ Валянціна Патрабенка ўручыла прэмію спецыяльнага фонда Прэзідэнта бацькам выпускніцы, сённяшняй студэнткі 1 курса Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Вольгі Васілюк.

Валянціна Леанідаўна з хваляваннем прыняла сімвалічны ключ ад школы з рук Мікалая Наско, а потым разам з гасцямі перарэзала
чырвоную стужку. Па чарзе, пачынаючы з самых малодшых, класы пераступалі парог абноўленай школы, аглядалі новы інтэр’ер, прымерваліся, як будуць абжываць светлыя класы, прасторныя калідоры…

Няхай жа граніт навукі стане для вучняў Высокаўскай школы мядовым пернікам! Так вобразна выказаўся Мікалай Кот, які выступаў на лінейцы ад імя ўсіх бацькоў. Далучаюся да яго пажаданняў…

 

З першых вуснаў

Сяргей АШМЯНЦАЎ:

– Няма ніводнай сям’і, якая не спрычынілася б сёння да Дня ведаў. Нехта праводзіў у школу дзяцей, нехта – унукаў. Дзякуючы спрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыі і стабільнас­ці ў нашай суверэннай краіне, дзе асабліва клапоцяцца аб падрастаючым пакаленні, сё­лета за парты села немалая колькасць школьнікаў.

1 верасня 2015-га ўвойдзе ў гісторыю Высокага. Тут расчыніла дзверы абноўленая школа. Асабліва пашанцавала першакласнікам. Віншую ўсіх са святам. Беражыце той каштоўны падарунак, які атрымалі да яго.

Андрэй ПІСАРЫК:

– Перш-наперш шчыра дзякую высакаўчанам за цярпенне, за тое, што чакалі і дачакаліся прыгожай, утульнай школы. Дзякуючы агульным намаганням яна сустракае сёння сваіх маленькіх гаспадароў. Цяпер патрэбна старанна вучыцца, каб паказаць з цягам часу, што з гэтых сцен выходзяць адукаваныя, разумныя людзі. Заставайцеся грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, юныя высакаўчане, любіце бацькоў, свой родны дом і сваю школу.

Валянціна ПАТРАБЕНКА:

– Шматгадовая мара высакаўчан аб капітальным рамонце школы спраўдзілася! Дзякую ад усяго сэрца абласной і раённай уладзе, будаўнікам, якія ўсё лета шчыравалі тут, настаўнікам, што не лічыліся са сваім вольным часам, рыхтуючы школу да сустрэчы з вучнямі.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий