Пра Ваўкастаў (так раней называлі Ваўкаставец) ходзіць шмат легенд, і няцяжка здагадацца, што ўсе яны звязаны з ваўкамі. Ёсць у народзе і такая…
Даўным-даўно вяртаўся бравы салдат з доўгай службы. Абышоў ён шмат краін, пабачыў нямала на сваім шляху і па дарозе дадому вырашыў зазірнуць у госці да сваякоў, якія жылі недалёка ад Ваўкастаўца. Пакуль ён ішоў, пачало змяркацца, а як стаў падыходзіць да вёскі, і наогул сцямнела. Заспела яго ноч у дарозе, а вяла яна прама праз могілкі, дзе мясцовыя жыхары баяліся бываць, распавядалі, што дзеецца там д’ябальшчына, а то і постаці з’яўляюцца. Але салдат мала верыў у забабоны – вырашыў ісці далей. Толькі прайшоў трохі, як адчуў, што валасы шапку падымаюць, бо крыж стары паволі пачаў перад ім нахіляцца. Схаваўся салдат і назірае з-за дрэва.
Расступілася зямля з трэскам, вылез адтуль нябожчык і пайшоў кудысьці касцямі пастукваючы. Ажно стала цікава салдату і вырашыў ён дачакацца пачвары, залез у магілу і паліць папіроску. Чакаў доўга, але як толькі праспявалі трэція пеўні, нябожчык вярнуўся. Убачыў салдата, аж сківіца апусцілася. Напалохаў яго ваяка, што не пусціць назад у магілу і не будзе яму месца на зямлі, пакуль той не раскажа, куды хадзіў і што тварыў. Пагадзіўся нябожчык, распавёў: “Былі ў мяне тры браты, не сябравалі мы пры жыцці, злы я на іх, вось і вырашыў пакараць. Пайшоў у вёску, дзе якраз вяселле гулялі, выманіў братоў на двор і ператварыў у ваўкоў – паквітаўся з імі”. Зразумеў салдат, што трэба ратаваць няшчасных і стаў патрабаваць у нябожчыка-ваўкалака сакрэт, як гэта зрабіць. “Вазьмі трэску ад маёй дамавіны і абкуры ёю добра братоў, стануць яны зноў людзьмі». Так салдат і зрабіў: прыйшоў у вёску, дзе вяселле гулялі, а там плач замест песень і скокаў, знайшоў братоў-ваўкоў і вызваліў іх ад злых чараў. Так і сталі называць тое месца Ваўкастаў, бо «ваўком стаў»…
Расказвае пра свае дзіцячыя гады Вольга Рошчанка, ураджэнка сяла: «Пойдзем мы на балота па журавіны. Па адным, памятаю, не хадзілі, ох, і ваўкоў там было, таму заўсёды з кімсьці са старэйшых ішлі. А балота тое Ваўцагурскім называлі. Збіраеш журавіны і адчуваеш, што глядзіць на цябе нехта. І невядома, ці то воўк, ці то ваўкалак…”
Пабачыла вёска на сваім шляху нямала гора. У часы першай сусветнай вайны засталася яна бязлюднай – жыхароў выправілі ў бежанства. Вольга Іванаўна ўспамінае, як ёй маці распавядала: «У час першай сусветнай прыйшлі немцы ў вёску і далі жыхарам 24 гадзіны на тое, каб яны выехалі, – інакш усіх расстраляюць. Падзецца не было куды, усе сабраліся, узялі толькі тое, што змаглі забраць, дзетак малых – і паехалі ў Расію. Плакалі усе, ад малога да вялікага, не хацелі ехаць. Там, у Расіі, вайну і перажылі. Калі вярнуліся, зноў плакалі, бо ўсё было разрабавана, есці не было чаго, гаспадаркі ніякай. Пойдзе мама ў лес, губы прынясе, гэта грыбы так называлі, наварыць на вадзе. Ясі іх, ясі, а там вада адна. Плакалі дзеці, прасілі, што назад у Расію хочуць, там хоць нешта было, а тут – нічога. Але паволі, зярнятка да зярнятка, курачка, авечка – і мы сталі нармальна жыць”. А потым і другая сусветная вайна не менш страшна прайшла па роднай зямлі…
Перажывае зараз вёска не лепшыя свае часы і лічыцца неперспектыўнай. Больш за ўсё жыхароў – 260 чалавек – было тут у 1940 годзе, а ў 1976-м – 113. У пасляваенны час у вёсцы працавала пачатковая школа, у 1948 годзе ў ёй вучыліся 47 школьнікаў. Сёння ж тут 34 жыхары. Ёсць крама – асноўны сацыяльны аб’ект. Іншая неабходная інфраструктура адсутнічае. Транспартная сувязь з «вялікай зямлёй» – маршрутны аўтобус, які заязджае сюды па панядзелках і пятніцах.
Пра Ваўкаставец шмат аптымістычнага казалі, калі будавалі аб’язную дарогу, пачатак якой павінен быў быць менавіта тут, але планы змяніліся. Праўда, новая шаша даволі блізка ад вёскі, і некалькі хат, якія доўга пуставалі, гараджане купілі, каб мець магчымасць пабыць з прыродай сам-насам, і ў той жа час – з разлікам на перспектыву, якую абяцае сучасная дарога вакол пушчы.
Каля вёскі, прыгожа абрамленай лесам, ёсць цудоўнае возера. Але каму з патэнцыйных інвестараў вядома аб гэтым возеры? Тут можна паставіць некалькі хатак для турыстаў ці нават пабудаваць цэлы турыстычны комплекс: прырода прыгожая, першародная, хвоі цягнуцца да неба – яны неверагодна высокія, такія, здаецца, завуць карабельнымі. Надзеі на адраджэнне Ваўкастаўца пакуль застаюцца марай…
Дар’я ДЗЯМЯНКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
В Каменце прошел пикет по сбору подписей для выдвижения в кандидаты в Президенты
-
В Высоковском аграрном колледже прошла встреча «МнениЯ на равных»
-
На производстве «Беловежских сыров» побывали высокопоставленные гости
-
Пошаговая инструкция: как подключить жилой дом (стройплощадку) к электросети в Каменецком районе
-
Депутаты идут в народ. Екатерина Поздяйкина пообщалась с высоковчанами