Ванэса Карпава з Белавежскага працуе 2D-мастаком у ІТ-кампаніі ў сталіцы

Мяне заўсёды цікавілі людзі з рэдкімі, незвычайнымі імёнамі – ёсць у іх нейкая загадка. Так атрымалася і з Ванэсай Карпавай з Белавежскага, з якой пазнаёмілася (спярша павярхоўна) на адным з выступленняў узорнага фальклорнага аб’яднання “Белавежская цявінка”, што дзейнічала на той момант пры школе ў названым аграгарадку.

Помню дзяўчынку ў доўгай сіняй спадніцы з кантраснымі палоскамі па падоле, белай вышытай чырвоным кашулі, з чырвонымі ж стужачкамі, уп­леценымі ў косы, як насілі дзяўчаткі ў старадаўнія часы. Ванэса разам з іншымі ўдзель­нікамі калектыву спявала пес­ні на дыялекце сваёй мясцо­вас­ці і танцавала народныя тан­цы, адноўленыя дзякуючы апо­ве­дам бабуль. Гэта было даўно…

І вось літаральна днямі адбылося другое маё знаёмст­ва з Ванэсай, больш падрабязнае. Прапаноўваю далучыцца да яго і вам, паважаныя чытачы. Будзе цікава! Хаця б з той прычыны, што мінуў час і сёння Ванэса Карпава жыве ў Мінску, працуе 2D-мастаком у ІТ-кам­паніі і… Прынамсі, не будзем раскрываць усіх сак­рэ­таў адразу – дадзім слова ёй самой.

“Трэба дома бываць часцей…”

– Я пачала па-сапраўднаму любіць і шанаваць сваю малую радзіму, калі трошкі пакаталася па свеце, паглядзела іншыя краіны і гарады… Тады зразумела: месца, дзе я вырасла, – казачнае! Нідзе больш няма такіх прыгожых захадаў сонца, такога неверагоднага шырокага зорнага неба, такой цудоўнай атмасферы, такіх класных, творчых, адкрытых людзей, з якімі я на адной хвалі.

Калі я гавару пра малую радзіму, маю на ўвазе Бе­ла­вежскі, Высокае і Брэст. У мяне да іх аднолькава цёплыя па­чуцці, магчыма, з той прычыны, што тут прайшлі мае дзя­цінства і юнацтва. Не шкадую аб тым, што пасля 9 класа пайшла вучыцца ў каледж у Нясвіжы, а пасля яго заканчэння перабралася ў Мінск. Але, безумоўна, жаданне пры­язджаць дадому як мага часцей не пакідае мяне ніколі. Атрымліваецца, на жаль, не заўсёды…

Школьныя гады

– Школ у мяне было дзве: агульнаадукацыйная і школа мастацтваў. У першай асаб­лі­ва імпанавалі ўрокі літарату­ры, дзе можна было чытаць пра людзей з цікавымі лёсамі, разбіраць характары персана­жаў, самой пісаць гісторыі, і фізкультуры, бо мне даспадобы разнастайныя спабор­ніцтвы.

У вольны ад урокаў час у мяне было столькі дадатковых заняткаў, што ледзьве на ўсе паспявала! І школа мастац­тваў, якую ўжо згадвала, і “Ця­вінка” з конкурсамі і выступ­леннямі, і разнастайныя гурт­кі… Са сцэнай я пазнаёмілася дастаткова рана дзякуючы ма­ім творчым бацькам (мама Ванэсы Ала Пятроўна кіруе “Белавежскай цявінкай” пры цэнт­ры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Высокім, а тата Сяргей Васільевіч працуе музычным кіраўніком Дома культуры ў Белавежскім. – “НК”.)

“Белавежская цявінка”

– З дзіцячага садка я назі­ра­ла, як мама збірае фальк­лор­ны матэрыял: ездзіць па вёс­ках, сустракаецца з іх жы­ха­рамі, часцей пажылымі, зды­мае на відэа і запісвае, уз­наў­ляе танцы, песні, гісторыі і нават мясцовую мову, каб потым перадаць гэта ўсё нам, вучням. Было відаць, што ма­ме падабаецца такая цікавая і адначасова няпростая работа, што гараць асаблівым святлом вочы рабят, якія ў яе вучацца. Тады я і зразумела: мама займаецца сапраўды важ­най справай, а спадчына нашага народа вельмі каш­тоўная!

Калі крыху падрасла і ў ка­лектыў прыйшлі дзеці майго ўзросту (адкрылася малодшая група), аказалася, што мяне і вучыць ужо асабліва няма чаму. Мама часта брала мяне з сабой на рэпетыцыі да старэйшых школьнікаў, і падчас іх я вывучыла ўсе танцы і песні, проста назіраючы.

…Пазней былі канцэрты і выступленні ў розных гарадах Беларусі, бітва за званне “ўзорнага” і неаднаразовае яго пацвярджэнне. “Цявінку” пачалі запрашаць у Польшчу, Італію, на розныя фестывалі і святы. Вялізны спектр эмоцый! А ў дадатак – знаёмства з людзьмі і культурай іншых краін. Былі выступленні на вя­лікіх сцэнах перад тысячамі гледачоў, парады і шэсці сярод іншых, не менш яркіх, калектываў. Мы праводзілі абрады і шанавалі традыцыі. Цяпер гэта ўсё ўспамінаю, як лепшыя моманты жыцця, самыя яркія і цудоўныя. Упэў­нена: іншыя думаюць так, як і я. Мама навучыла нас быць адзінай сям’ёй – мы і сёння абнімаемся падчас сустрэчы.

…Цяпер спяваю радзей, для сябе. Часам, на святах, ладзім сямейнае трыа: я, мама і тата.

Маляванне

Маляваць я пачала адразу, як толькі навучылася трымаць аловак. Бацькі аддалі мяне, 5-гадовую, у гурток. Ганне Паў­лаўне Чапялюк, маёй першай і любімай настаўніцы, прый­шлося са мной няпроста, бо я з усіх была самая маленькая. Потым у Белавежскім адкрылася школа мастацтваў, а пасля я паступіла ў Нясвіжскі дзяр­жаўны каледж імя Якуба Коласа.

З прафесіяй вызначылася выключна па пакліканні сэрца. На той час самай прасунутай прафесіяй, звязанай з маляваннем, быў дызайнер. Цвёрда вырашыла, што хачу яе атрымаць, і бацькі мяне падтрымалі.

Каледж у казачным Нясвіжы

– У Беларусі ўсяго 2 каледжы, дзе вучаць дызайну, у Мінску і Нясвіжы. Першапачаткова хацела ў сталіцу, але конкурс быў занадта вялікі – вырашыла не рызыкаваць. А ў Нясвіж паступіла адразу і на бюджэт, спецыяльнасць – “Графіч­ны дызайнер. Настаўнік”. Ак­рамя таго, аднойчы падчас пленэра мне ўжо даводзілася бываць у гэтым гістарычным горадзе, і ён здаўся вельмі прыгожым і казачным.

Уступныя экзамены працяг­валіся 3 дні. Падчас іх я жыла ў інтэрнаце, што размяшчаў­ся ў будынку 16 стагоддзя, які ў свой час быў кляштарам бенедыктынак. Тады пазнаё­мі­лася з Надзяй, з якой мы сябруем і сёння, разам здаючы няпростыя жыццёвыя “эк­замены”, як тады – уступныя дысцыпліны…

Студэнцтва

– Гэта былі самыя “безбашенные” 4 гады майго жыцця! Шмат цікавых знаёмстваў, па­ездак, бяссонных начэй, кон­курсаў, канцэртаў і мерапры­емстваў… Вучыцца любімай справе – чыстае задавальненне. І я вельмі любіла сваю Д-групу, з якой мы рэгулярна траплялі ў розныя прыгоды. Да гэтай пары не губляем адно аднаго…

Работа

– Свой працоўны шлях як дызайнер я пачала з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, потым на фрылансе працавала з ТАА “Медыя Норма”, Мініс­тэрствам спорту і турызму і сеткай рэстаранаў “Тэра Піца”. Увесь гэты час мая работа была звязана з тым, чаму ву­чылі ў каледжы, і ўсведам­ляць гэта было прыемна. Аднак… Неўзабаве я пачала ад­чуваць, што дасягнула “столі” ў сваім развіцці і вырашыла паспрабаваць сябе ў сферы IT. Пасля тэставага задання і паказу партфоліа прайшла сумоўе ў адпаведнай кампа­ніі. Яна зай­малася поўным афармленнем амерыканскай прадукцыі пад маркай “Arte­za” – гэта матэрыялы для любога творчага хобі, пачынаючы ад алоўкаў і заканчваючы вінілам, што наклейваецца куды заўгодна.

Мяне ўзялі на месца гра­фічнага дызайнера. Першы час было крыху складана, але вельмі цікава ў вясёлым маладым калектыве. Даводзі­ла­ся мець зносіны з амерыкан­скімі заказчыкамі і вырашаць самыя розныя задачы. За паў­года работы ў кампаніі я мно­гаму навучылася, а потым па­чала адчуваць выгаранне. Гля­дзела іншыя вакансіі і ўрэш­це рэшт знайшла сваю цяперашнюю працу. Я – 2D-мастак у гульнявой IT-кампаніі, дзе ствараю і распрацоўваю Digi­tal Art для гульняў і займаюся UI-ды­зайнам. Прасцей кажучы, малюю спецыяльныя ілюстра­цыі на гра­фічным планшэце, якія потым устаўляюць у гульні для камп’ю­тараў і смартфонаў. Часам іх даводзіцца анімі­ра­ваць. Мая новая работа пры­носіць мне задавальненне, бо маляванне мне бліжэй за афармленне рэкламы.

А для душы?

– Ужо даўно нічога не малявала на паперы, толькі ў ліч­бавай графіцы. Засталіся на памяць фатаграфіі з часоў ка­леджа – 2 любімыя пейзажы (гл. фота). Раней мне вельмі падабалася ствараць партрэты, чамусьці аддавала перавагу не фарбам, а алоўкам ці маркерам. Нейкі час мне нават удавалася зарабляць гэтым – мае маленькія выставы ладзі­ліся ў нясвіжскай ратушы.

А аднойчы мой старэйшы брат Багдан, удзельнік народнага ансамбля “Сябры”, прапа­наваў мне намаляваць парт­рэт Анатоля Ярмоленкі, і калі ён будзе добры, я змагу ўру­чыць яго артысту асабіста. Так і атрымалася.

Спорт і здаровы лад жыцця

– Першая мая любоў (пасля работы) – гэта фізічная актыў­насць, стараюся дадаваць яе ў кожны дзень, гэта карысна пасля доўгага працоўнага, цалкам “сядзячага”, дня. Раней было больш часу на трэніроў­кі, вечарам рэгулярна бегала, а цяпер стараюся да работы і назад дабірацца пешшу.

Каля 2 гадоў таму перайшла на вегетарыянства і нейкі час прымярала да сябе веганст­ва. Можна сказаць, што дасягнула мэты на 60%: ад мяса і малака адмовілася абсалютна, астатнія малочныя прадукты, рыбу і яйкі дазваляю сабе рэдка і, калі гэта адбываецца, не вінавачу сябе. Сачу за самаадчуваннем, рэгулярна п’ю вітаміны і выбі­­раю карысную ежу. Гэта не дыета. Гэта іншы погляд на жыццё.

Мара мая…

– Мару дапамагчы ўсім жывёлам на планеце і прыродзе ў цэлым. Калі б у мяне была дастатковая сума грошай, я адкрыла б свой прытулак для жывёл альбо зрабіла б дабра­чынныя ўзносы, якія падтрымаюць экалогію.

У сеціве інтэрнэту

– Выкарыстоўваю яго для ат­рымання інфармацыі, па пра­цы, напрыклад. Часам гляджу курсы. Ніколі не была залежная ад сацыяльных сетак, хутчэй – наадварот. Часам сяб­ры крыў­дзяцца, што не адказваю на іх паведамленні ты­днямі і сама не пішу, але мне на гэта прос­та не хапае часу. Тэлеграмам карыстаюся для тэрміновых зносін, чытаю там навіны, а ў Інстаграме гляджу, чым займаюцца таленавітыя людзі, – іх работы натхняюць. Акрамя таго, люблю назіраць за прыгодамі вандроўнікаў – гэта вельмі зараджае пазітыў­най энергіяй.

Музыка, кіно, кнігі

– Люблю культуру 80-90-х га­доў мінулага стагоддзя. Гэта маё натхненне, мой стыль. Тады песні былі лепшыя, больш душэўныя, рэчы – якасныя, адзенне – стыльнае, а людзі – вясёлыя, летуценныя і больш адкрытыя. Люблю ўсё, што звязана з тым часам.

Скажы мне, хто твой сябар…

– Сяброўства безумоўна існуе! Усе мае сябры – лепшыя. У кожным я ўпэўнена. Ёсць сябры, якія для мяне, як браты і сёстры. І яны пра гэта ведаюць.

Што ў імені тваім?

– Мяне назвалі Ванэсай дзякуючы крэатыўнаму тату. Усе сумняваліся, але ён стаяў на сваім варыянце. Мама хацела даць мне праваслаўнае імя Іаанна, у выніку так мяне хрыс­цілі ў царкве.

Памяншальна-ласкальнага варыянту ў майго імя няма, таму сябры і родныя прыдумваюць што толькі могуць – атрымліваецца арыгіналь­на і міла: Ваня, Нэса, Нэс.

Падчас знаёмства людзі звы­чайна адразу ж забываюць маё імя ці па тры разы яго перапытваюць. Гэта нармальна, я не крыўджуся.

І хто не згодзіцца пасля ўсяго вышэйрасказанага, што незвычайнае імя вымагае не­звычайнасці ад свайго нось­біта?

Запісала Настасся НАРЭЙКА.

Шукайце Ванэсу ў Instagram: @k__vanessa!