Біёлаг-чараўнік

Кожны год 1 верасня Вайскоўская сярэдняя школа гасцінна расчыняе дзверы сваім вучням, настаўнікам, у тым ліку маладым спецыялістам. І сёлета на лінейцы “Добры дзень, школа!” нам прадставілі чатырох новых настаўнікаў, дакладней, настаўніц. Пра адну з іх раскажу.

Біялогія… Раней, калі чула гэтае слова, станавілася адразу і сумна, і нецікава. Цяпер магу цвёрда сказаць: гэта захапляльны прадмет. Дапамагла мне змяніць сваё меркаванне пра біялогію маладая настаўніца Ганна Мікалаеўна Шэлягейка.

Адразу нам стала вядома пра яе толькі тое, што нарадзілася і вырасла ў Брэсце, сёлета скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, вучылася на настаўніка хіміі і біялогіі і па размеркаванні прыехала працаваць у Вайскоўскую школу. А мяне цікавіла: чаму яна выбрала менавіта яе? (Другім варыянтам была Відамлянская СШ.) Спытала аб тым у Ганны Мікалаеўны і вось што пачула ў адказ:

– Мае бацькі родам з Лісоўчыцаў, а тут жылі сваякі. Мне было цікава даведацца, чым яны жылі, убачыць іх настаўнікаў, якія, дарэчы, працуюць і сёння.

Не расчараваліся пасля ўбачанага?

– Ніколькі! Калі была маленькай, мама часам расказвала пра сваю вёску і школу. Прыехаўшы ўлетку знаёміцца з Войскай, вырашыла наведаць і Лісоўчыцы. Убачыла стары дом маіх бацькоў, адразу ўспомніла матуліны апавяданні, і пачуццё дэжавю перапоўніла душу. Таму і засталася тут.

Вы пра далёкае мінулае. А давайце аб тым, што было некалькі гадоў назад, пра навучанне ва ўніверсітэце…

– Адразу было цяжка вучыцца, але ўжо на другім курсе зразумела, што тое, чым я займаюся, чаму вучуся, МАЁ. Я сапраўды хацела быць настаўнікам хіміі і біялогіі. За добрую вучобу ўсе пяць гадоў была старастай групы. Ва ўніверсітэце здаралася ўсялякае, але зараз, калі я і мае аднакурснікі знайшлі сябе і свой шлях, успамінаю толькі добрыя моманты. Хачу выказаць словы ўдзячнасці сваім выкладчыкам за тое, што аддавалі веды, неабходныя нам у жыцці.

Што робіце, каб зацікавіць сваімі прадметамі вучняў?

– Я не магу быць строгім настаўнікам, бо яшчэ толькі пачынаю, але часам даводзіцца. Кніжнай лексікай стараюся карыстацца радзей, “перакладаю” на больш зразумелую для вучняў мову. Імкнуся на ўроках выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі навучання.

Можа, успомніце цікавы выпадак падчас урока?

– Запомнілася знаёмства з 11-ым класам, асабліва – тры вучні, якія прадставіліся так: “Максім Іванавіч”, “Я-Ілья” і “Проста Сяргей”. Успамінаючы гэта, заўсёды ўсміхаюся.

Спецыяльнасць у Вас “настаўнік хіміі і біялогіі”. Але ў школе таксама выкладаеце геаграфію, з’яўляецеся класным кіраўніком 10 класа, у якім 11 чалавек, а яшчэ загадваеце кабінетам біялогіі. Не цяжка сумяшчаць столькі абавязкаў?

– Геаграфія – цікавы і захапляльны прадмет. Яшчэ ў школе ён быў адным з маіх любімых. Калі прапанавалі выкладаць, акрамя хіміі і біялогіі, яшчэ і геаграфію, згадзілася не задумваючыся. А сумяшчаць усё не складана. Хоць, бывае, стамляюся. Калі на ўроках бачу зацікаўленыя вочы вучняў, разумею, што стараюся недарэмна.

– А як Вас сустрэлі вучні, настаўніцкі калектыў?

– Цудоўна! З дзецьмі адразу знайшла агульную мову і імкнуся ім ва ўсім дапамагаць. А з калегамі адносіны склаліся спакваля. У кожным жа калектыве свае парадкі. Але потым зразумела – мне тут рады. Таму з вялікім задавальненнем і добрым настроем іду ў школу.

Бачу, у Вайскоўскай школе Вам вельмі ўтульна. Застанецеся пасля двухгадовай “адпрацоўкі”?

– Не магу сказаць дакладна, за два гады можа многае змяніцца.

Вы нядаўна развіталіся са студэнцкім жыццём, а я зусім хутка з ім пазнаёмлюся. Якія парады далі б абітурыентам?

– Галоўнае – не ленавацца і імкнуцца да сваёй мэты. Не нервавацца з-за дробязяў і цаніць кожны момант жыцця. Паступіўшы ў навучальную ўстанову, радавацца студэнцтву. Будзе цяжка, але трэба пераадольваць гэта, і добрыя вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць. Працавітасць заўсёды ўзнагароджваецца.

На гэтым наша размова скончылася. І я засумавала. Таму што нашы з Ганнай Мікалаеўнай шляхі сышліся толькі зараз, калі я ўжо ў 11-ым класе. Але цвёрда ведаю, што, уступаючы ў дарослае жыццё, буду памятаць, як пры ўваходзе ў кабінет настаўніца вітала нас сваёй добрай усмешкай. З якой цікавасцю слухаў яе ўвесь клас… Як урокі здаваліся падарожжам па чароўнай краіне хіміі, біялогіі і геаграфіі. І як шкада, што гэта падарожжа працягваецца ўсяго толькі 45 хвілін!

Наперадзе яшчэ тры навучальныя чвэрці, і я мяркую: Ганна Мікала­еўна ў нас не расчаруецца. Жадаю ёй на пачатку прафесійнага шляху паслухмяных і ўдзячных вучняў, добразычлівых калег, шчырых усмешак і асабістага шчасця.

Надзея ТКАЧОВА, в.Войская.

Фота аўтара.

1 thought on “Біёлаг-чараўнік

Добавить комментарий