Бяспечная дарога ў школу

детиЗ мэтай папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, актывізацыі работы па бяспецы дарожнага руху сярод дзяцей і ў сувязі з пачаткам навучальнага года ў раёне з 26 жніўня да 6 верасня праводзяцца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы “Увага – дзеці!” У межах іх 30 жніўня пройдзе Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Бяспечная дарога ў школу”.

Супрацоўнікі райаддзела міліцыі наведаюць працоўныя калектывы і ўстановы адукацыі, правядуць прафілактычныя гутаркі па гэтай праблеме. Будуць арганізаваны рэйды па кантролі за захаваннем дзецьмі правілаў паводзін на дарозе, каля ўстаноў адукацыі – дзяжурства нарадаў дарожна-патрульнай службы.

Як сведчыць статыстыка, асноўныя прычыны ДТЗ з удзелам дзяцей і падлеткаў тыя ж, што і з удзелам дарослых пешаходаў: пераход праезнай часткі дарогі ў неўстаноўленым месцы, раптоўнае з’яўленне перад блізка едучым транспартам і неасцярожная язда на веласіпедах і мапедах. На Брэстчыне ўдзельнікамі ДТЗ, часцей за ўсё, становяцца дзеці і падлеткі ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, прычым 75% – хлопчыкі. 66% ад агульнай колькасці пацярпелых дзяцей – малалетнія пешаходы.

Звяртаю ўвагу вадзіцеляў: будзьце асабліва ўважлівымі і асцярожнымі пры праездзе каля школ, дзіцячых садоў і іншых месцаў магчымага з’яўлення дзяцей.

Паважаныя бацькі! Будзьце самі дысцыплінаванымі на вуліцы. Каб захаваць Вашаму дзіцяці здароўе і жыццё, прывучайце яго да дарожнай дысцыпліны, выхоўвайце пачуццё асцярожнасці пры пераходзе праезнай часткі, штодзённа напамінайце яму пра неабходнасць выканання правілаў пешаходнага руху, прышпіліце на верхняе адзенне дзіцяці святловяртальныя элементы.

Асаблівая асцярожнасць датычыць малых-дашкалят. Не пакідайце іх без нагляду на вуліцы. Памятайце, што нават адзін няправільны крок дзіцяці на праезнай частцы дарогі, дзе магчымы рух транспарту, можа прывесці да няшчасця. Будзьце прыкладам для сваіх малалетак у захаванні правілаў дарожнага руху.

Штодзённа, адпраўляючы дзіця ў школу, напамінайце яму, што праезную частку трэба пераходзіць па пешаходным пераходзе або толькі на зялёны сігнал святлафора, хадзіць толькі па тратуары, пешаходнай або веласіпеднай сцежцы, а калі іх няма, – па абочыне. Перш чым перайсці дарогу, – уважліва паглядзець налева і направа, пераканацца, што няма машын. Строга забаронена выбягаць на праезную частку з-за аб’ектаў, якія перашкаджаюць вадзіцелю своечасова ўбачыць небяспеку, гуляць на дарогах, ездзіць на веласіпедах па праезнай частцы дзецям да 14 год без суправаджэння паўналетняй асобы. А таксама неабходна пастаянна насіць флікеры або святловяртальныя палоскі, у цёмны час сутак менавіта яны дапамогуць зберагчы жыццё на дарозе. Калі Ваша дзіця ідзе ў першы клас, абавязкова правядзіце яго ў школу і патлумачце пра небяспечныя месцы, а таксама – як сябе паводзіць у складаных дарожных сітуацыях.

Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі! Выкананне гэтых нескладаных правілаў дапаможа захаваць вашу бяспеку на вуліцах і дарогах: пераходзьце дарогу толькі па пешаходным пераходзе; там, дзе рух рэгулюецца святлафорам, пачынайце пераход пры зялёным сігнале; не перабягайце вуліцу перад блізка едучым транспартам; не ладзьце гульні на праезнай частцы і каля яе; аматары веласіпедных прагулак, ведайце, што язда па вуліцах і дарогах дазваляецца асобам не маладзей за 14 год.

Паважаныя дарослыя! Яшчэ раз звяртаюся да вас. Калі ўбачыце дзяцей, якія гуляюць на праезнай частцы дарогі або каля яе, не заставайцеся раўнадушнымі, зрабіце малым заўвагу, прыміце меры, каб ізаляваць іх ад патоку транспарту.

Паводле пункта 166.9 Правілаў дарожнага руху, у светлы час сутак для абазначэння едучага транспартнага сродку павінны быць уключаны бліжняе святло фар або дзённыя хадавыя агні (пры іх наяўнасці) у перыяд правядзення Міністэрствам унутраных спраў рэспубліканскіх спецыяльных комплексных мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, якія прадугледжваюць рух транспартнага сродку ў светлы час сутак з уключаным бліжнім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі. За гэтае парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – папярэджанне або штраф да 2 базавых велічынь (200 тыс. руб.).

У час спецыяльных комплексных мерапрыемстваў “Увага – дзеці!” дзяржаўтаінспекцыя пераканаўча просіць рухацца на транспартным сродку з уключаным бліжнім святлом фар.

Яўгеній ПІСАРЧУК,

намеснік начальніка РАУС.

Добавить комментарий