Быў лёс… Была вайна…

Прачытаўшы загаловак, нехта адкіне гэты нумар газеты ўбок і абурыцца: “Зноў пра вайну! Колькі можна?!” Я часта пішу пра яе, хоць, магчыма, не маю на гэта ніякага аб’ектыўнага права. Я не бачыла яе сапраўдную, на шчасце (толькі – кадры кінахронік і мастацкіх фільмаў), не дыхала попелам і дымам (толькі – свяшчэнным пылам старых пісьмаў з фронту і пахаванак, прысак ад якіх, калі спаліць, будзе пахнуць смерцю), не чула сігналаў паветранай трывогі і ляскатання вінтовачных затвораў (толькі – плач званоў Хатыні). Гэта мала ці многа? Я не ведаю. І яшчэ – я не ведаю сапраўднай вайны. Таму, напэўна, так цягне мяне (невыносна!) пра яе пісаць. Пісаць, каб асэнсаваць. Гэта ТРЭБА.

Паспрабуем… І дапаможа мне ў тым гісторыя жыцця аднаго, асобна ўзятага чалавека, такога, як мы з вамі, Уладзіміра Навумавіча Бядулі, які нарадзіўся ў 1915 годзе (сёння яго ўжо няма з намі) і зведаў усё, што ўвабрала ў сябе бязлітаснае ХХ стагоддзе. Зведаў, перажыў дастойна і застаўся чалавекам. Яшчэ Высоцкі гаварыў некалі ў адным з інтэрв’ю: «В герои своих песен мне интереснее брать людей, которые находятся в самой крайней ситуации: в момент риска, когда в следующую секунду можно заглянуть в лицо смерти. Короче говоря: людей на самом краю пропасти, на краю обрыва – шаг влево или шаг вправо…» А што такое вайна, калі не бездань? Яна ставіць чалавека перад выбарам. Жыццё ці смерць? Дабро ці зло? У такі момант людзі паказваюць сапраўдныя свае твары, якіх да гэтага звычайна не ведаюць самі. Хто мы?

Вайна першая

А мы не станем памяти перечить

И вспомним дни далекие, когда

Упала вам на слабенькие плечи

Огромная недетская беда.

Была земля и жесткой,

и метельной.

Была судьба у всех детей одна.

У вас и детства не было отдельно,

А были вместе детство и война.

И вас большая Родина хранила,

И вам Отчизна матерью была.

Она детей от смерти защитила,

Своих детей для жизни сберегла.

Года прошли, но эти дни и ночи

Придут в сердца не раз

тебе и мне.

И пусть вы были

маленькими очень.

Вы тоже победили в той войне.

Р.Раждзественскі.

Уладзімір Навумавіч Бядуля нарадзіўся ў жніўні 1915-га на тэрыторыі Расіі, куды Першая сусветная вайна ўжо паспела выгнаць сям’ю яго бацькоў з вёскі Падомша, што на Камянеччыне. Там у той час лютавала эпідэмія брушнога тыфу, ад якога чамусьці паміралі выключна дарослыя, пакідаючы сваіх дзяцей сіротамі.

Хвароба не абмінула і дом Бядуляў, дзе іх прытулілі расіяне… Злеглі бацькі. Нічога добрага чакаць не даводзілася, але ў сваёй бядзе беларусы не засталіся адны. Аднавяскоўцы рэгулярна пакідалі ля дома Бядуляў разнастайныя прадукты (мяса, сыр, масла, бульбу…), не даючы хворым і іх дзецям памерці ад голаду. Заходзіць баяліся, каб не заразіцца.

Калі маленькаму Валодзю было ўсяго толькі два тыдні, яго маці і тата пакінулі гэты свет, вялікую частку якога ўжо паспела апанаваць вайна. І зноў-такі на чужой зямлі да асірацелых дзяцей аднесліся, як да родных. Усіх чацвярых (Нічыпара, Зофію, Фёдара і Валодзю) пасялілі ў прытулку, дзе было не голадна, не холадна і, самае галоўнае, амаль, як дома. Амаль…

Калі вайна ўрэшце рэшт скончылася, старэйшы брат Нічыпар вырашыў вярнуцца дадому, у родную Падомшу (Уладзіміра узяць з сабой не атрымалася – ён быў яшчэ зусім маленькі і патрабаваў догляду, які ў дарозе, няпростай і далёкай, наўрад ці наладзілі б). На шчасце, ёсць усё ж Бог на свеце, дом Бядуляў у Беларусі захаваўся. Ён, дарэчы, стаіць і сёння, у ім да самай смерці жыў Нічыпар. Менавіта ён, на той час ужо жанаты, накіраваўся праз некаторы час назад у Расію. Неспакойна было на сэрцы, пакуль малодшы падрастаў недзе на чужыне зусім адзін, бы цявінка ў полі. Якімі няпростымі былі пошукі і сама дарога да брата, гісторыя замоўчвае, але ўявіць гэта ўсё можна.

Уладзімір вярнуўся дадому. Вось, здавалася б, і шчаслівы фінал, але… Жонка Нічыпара адразу неўзлюбіла хлопчыка, злавалася, што з’явіўся ў іх доме яшчэ адзін рот. Нават аднавяскоўцы заўважалі, як жорстка абыходзіцца маладая жанчына з дзіцем.

А ў гэты самы час у суседняй вёсцы Унучкі (два кіламетры ад Падомшы) жыла заможная сям’я Дарашукоў, у якой панавалі лад ды згода, але дзеці чамусьці паміралі маленькімі адзін за адным. Дзесяцярых пахавалі няўцешныя бацькі Міхаіл Піліпавіч і Праскоўя Іванаўна. Аднойчы яны даведаліся аб тым, што ёсць у вёсцы па суседстве хлопчык, якому нялёгка жывецца, і ўзялі яго ў сваю сям’ю. Пазней Уладзімір Навумавіч расказваў ужо сваім дзецям аб тым, што заўсёды лічыў добрага, чулага Міхаіла Піліпавіча сваім бацькам і да канца жыцця будзе ўдзячны яму за шчаслівыя гады дзяцінства.

Хлопчык прыйшоў у дом Дарашукоў вельмі слабым і хворым на рахіт, у яго быў вялікі, уздуты жывот. Суседзі дзівіліся, пыталі: “Нашто вы ўзялі яго? Усё адно не выжыве.” Уладзімір амаль нічога не еў, увесь час яго цягнула ў сон. Але новыя бацькі будзілі свайго маленькага гадаванца, укладвалі ў руку цёплую грудку бульбяной таўканіцы – з’яўляўся апетыт. Так яны і выратавалі яго, паставілі на ногі, зрабілі моцным і здаровым, а ўсё гэта так спатрэбіцца Уладзіміру! Лёс яго не песціў, хоць і шанцавала яму на добрых людзей…

Падросшы, хлопчык стаў падпаскам, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Калі названаму сыну споўнілася 15 гадоў, Дарашукі праводзілі яго ў самастойнае жыццё. Уладкаваўся на работу ў Белавежскую пушчу на валку і апрацоўку дрэваў. Там адбылася сустрэча з будучай жонкай Кацярынай Якаўлеўнай Сядун (дзённікавыя запісы яе бацькі Якава Седуна ўжо друкаваліся летась у раёнцы пад назвай “Далоў вайну!”). Сілы Уладзіміру Навумавічу пазычаць не было патрэбы. Ён паднімаў за адзін канец бервяно, якое за другі з цяжкасцю паднімалі пяцёра маладых хлопцаў. Нават і не верыцца, што пішу гэта пра таго рахітнага хлопчыка, якога прывезлі з Падомшы ва Унучкі…

Дарэчы, сям’і Дарашукоў Бог аддзячыў за іх дабрыню да сіраты, – у 1930 годзе ў іх нарадзілася дачка Праскоўя, а ў 1932-м – яшчэ адна – Яўгенія, якая да гэтай пары жыве ва Унучках і на пачатку лістапада адзначыла 80-гадовы юбілей.

Вайна другая

По диким степям Забайкалья

Бродяга, судьбу проклиная,

Тащился с сумой на плечах…

На нем рубашонка худая

Со множеством разных заплат,

Шапчонка на нем арестанта

И серый тюремный халат.

Бежал из тюрьмы темной ночью,

Идти дальше нет уже мочи.

Он грустную песню заводит,

Про родину что-то поет.

Бродяга Байкал переехал.

Навстречу родимая мать.

«Ах, здравствуй, ах, здравствуй,

родная…»

(з рускай народнай песні)

Жыццё ўваходзіла ў сваю каляіну, але лёс рыхтаваў Уладзіміру, як і мільёнам ні ў чым не вінаватых людзей, новае выпрабаванне… Новую вайну…

У 1937-1939 гадах Уладзімір праходзіў ваенную службу ў польскай арміі ў Брэсцкай крэпасці, не паспеў дэмабілізавацца, адразу трапіў на фронт – вадзіцелем у шосты батальён сапёраў. Разам з аднапалчанамі трапіў у акружэнне і быў паранены ў шыю..

Далейшае падаецца нейкім дзікім, пачварным сном. Сем дзён з куляй у шыі, у стайні ў Брандэнбургу, сярод гною, без вады і ежы Уладзімір Навумавіч ляжаў побач з іншымі параненымі і чакаў сваёй смерці. Вочы яго нічога ўжо не бачылі… Нясмелая думка аб немінучасці канца пераходзіла ва ўпэўненасць, але на восьмыя суткі на дапамогу зноў прыйшоў добры чалавек, які ў гэты дзень трапіў у палон. Васілій Савельевіч Кулік з Чарнакоў. Ён пазнаў земляка і падзяліўся з ім апошнімі кавалкам хлеба і глытком вады. Уладзімір пачаў ачуньваць.

Немцы ў гэты час пераглядалі ўсіх параненых, шукаючы, каго можна было б вывезці ў Германію на прымусовыя работы. Уладзіміра Бядулю яны палічылі прыдатным і дасталі кулю з яго шыі. Так наш герой разам з сябрам Васіліем трапіў на працу да аднаго з баўэраў (лёс, відаць, вырашыў не разлучаць землякоў, каб былі яны падтрымкай адзін аднаму).

Гаспадар аказаўся вельмі жорсткім. Ніякай ежы, акрамя гнілой бульбы, ваеннапалонныя не бачылі. І аднойчы Уладзімір Навумавіч рашыўся на ўцёкі. Васілій не змог далучыцца, бо нямецкі палон моцна аслабіў яго здароўе. Цяжка было пакідаць сябра, але імкненне вярнуцца дадому стала неадольным.

Абдзерты, галодны, без дакументаў… Ісці такім праз Еўропу, не ведаючы замежных моў і хоць бы прыкладнага маршруту, было больш чым рызыкоўна, але Уладзімір Навумавіч рашыўся.

Уявіце толькі! Брысці немаведама куды, у любое надвор’е, без ежы, пераважна ноччу, пазбягаючы вялікіх дарог, баючыся кожнага куста, бо за ім можа хавацца вораг ці той, хто цябе яму здасць. Як можна было такое здзейсніць? Невядома. Але ён ЗМОГ. Дайшоў да беларуска-польскай мяжы недалёка ад Чарнаўчыцаў. І тут яго злавілі па­гранічнікі…

Пачалося наступнае кола пакут. І замкнулася яно ў турме, куды Уладзіміра пасадзілі на няпэўны тэрмін да выяўлення асобы. У Кацярыны Якаўлеўны запатрабавалі дакументы, фатаграфіі, пісьмы мужа з палону, не тлумачачы, для чаго яны патрэбны. Справа расцягнулася на 9 доўгіх месяцаў… Родны дом быў вельмі-вельмі блізка, але яму, спакутаванаму, даводзілася зноў чакаць. І вось, нарэшце, дома! 24 красавіка 1941 года.

Кацярына Якаўлеўна не пазнала мужа. Ад яго засталіся, як кажуць, скура ды косці. І толькі вочы, родныя, каханыя, былі ўсё тыя ж, як да вайны. Зноў разам! Жонка не магла нарадавацца, старалася накарміць мужа смачным, але ён прасіў толькі бульбы. Проста бульбы…

Зусім нядоўга пажылі яны яшчэ шчаслівым, спакойным жыццём, а потым пачалася нямецкая акупацыя 1941-га. 29 ліпеня 1944 года, калі немцаў прагналі, Уладзімір Навумавіч зноў трапіў на фронт. Жонка была ў гэты час цяжарная. Без мужчыны ў гаспадарцы было цяжка, але яна сціскала зубы і сама жала жыта. У той час, калі нарадзіўся сын Фёдар (25 жніўня), бацька яго ўдзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, быў радавым кулямётнага разліку. Цяжкая кантузія пад Варшавай зноў падводзіць яго да мяжы паміж жыццём і смерцю. І зноў ён выжывае і на санітарным цягніку едзе на Радзіму. А канчаткова папраўляецца пад наглядам каханай жонкі, побач з сынам. Пазней у сям’і нарадзіліся тры дачкі: Вера, Ніна і Жэня.

З кельмай і гармонікам

Уладзімір Навумавіч быў нядрэнным будаўніком, працаваў мулярам і тынкоўшчыкам, пасля – пажарным. “Колькі дамоў у розных месцах пабудаваў ён!” – не без гонару гаварыла Кацярына Якаўлеўна дзецям.

У вёсцы Відамля да гэтай пары стаіць сведчанне такога таленту нашага героя – мясцовы Дом культуры, пабудаваны ім некалі без спецыяльнай адукацыі (цяпер ён рэканструяваны), па чарцяжах, якія дапамагалі разбіраць старэйшыя дзеці, што вельмі добра і старанна вучыліся. Уладзімір Навумавіч і Кацярына Якаўлеўна былі адоранымі ад прыроды людзьмі, няхай і не атрымалі, па волі лёсу, адукацыі і заўсёды марылі пра тое, каб дзеці імкнуліся да ведаў. Сын і дочкі, безумоўна, не падвялі.

Фёдар працаваў у Камянецкай механізаванай будаўнічай арганізацыі, узнагароджаны двума Ордэнамі Працоўнай Славы, знакам “Настаўнік моладзі”. Дачка Вера атрымала дзве музычныя адукацыі, працавала ў музычнай школе ў Бярозаўскім раёне, у Камянюцкай СШ, школах Каменца. Ніна скончыла інстытут лёгкай прамысловасці ў Маскве, працавала ў Брэсце на фабрыцы верхняга трыкатажу (спачатку – начальнікам аддзела кадраў, потым – начальнікам цэха). А Жэня прысвяціла сябе педагогіцы, яна – кандыдат педагагічных навук.

Усе дзеці без выключэння атрымалі ад бацькі ў спадчыну любоў да музыкі. Душа Уладзіміра Навумавіча не счарсцвела пасля ўсіх жыццёвых выпрабаванняў. Ён быў аптымістам і нават у абласную бальніцу, куды прывяло аднойчы (у апошні раз) падарванае здароўе, узяў з сабой гармонік, каб узнімаць настрой іншым хворым. Там, на бальнічным ложку, ён і памёр, а інструмент пазней урачы вярнулі родным ….

Самай любімай песняй Уладзіміра Навумавіча Бядулі была руская народная “Бродяга Байкал переехал…”, якую ён часта спяваў, падыгрываючы сабе на гармоніку. У ёй якраз і былі тыя словы, што вынесены ў эпіграф да нашага аповяду пра Другую сусветную вайну ў лёсе Уладзіміра Навумавіча. І калі ўчытацца ў іх, міжволі праводзіш не адну паралель… Тут і палон. І доўгая дарога дадому. І туга па бацьках, якіх ніколі не бачыў. Дзве радзімы былі ў нашага героя: Беларусь і Расія…

Лёс аднаго чалавека немінуча звязаны з лёсамі іншых. Гэтыя сувязі часам губляюцца, а потым, калі раптам знаходзіш танюткую нітачку-повязь, вяртаюцца ўспаміны. І кожнаму, хто сустрэўся на тваім шляху, трэба сказаць дзякуй, бо без іх, гэтых людзей, ты быў бы зусім не ты, а, магчыма, цябе проста не было б. Так сталася і з Уладзімірам Навумавічам Бядулем. Дзве гісторыі, два лёсы шчыльна звязаны з яго жыццём. Давайце ж вернемся крыху назад. Хоць бы для таго, каб сказаць той самы дзякуй…

Нітачка першая

Размотваць яе мы пачалі разам з дачкой Уладзіміра Навумавіча – Вера Семчынай. Далей з яе слоў:

– Аднойчы, вяртаючыся з работы, з Камянюцкай школы, праязджала праз Унучкі. Нечакана прыйшла думка: па гэтай жа зямлі некалі хлопчыкам хадзіў мой тата! Я ведала, што Міхаіла Піліпавіча і Праскоўі Іванаўны Дарашукоў, якія выгадавалі яго, даўно няма ў жывых, але думка знайсці хоць нейкія бацькавы сляды не пакідала мяне. Звязаўшыся з жыхарамі Падомшы і Унучак, я даведалася, што дом, дзе вырас тата, усё яшчэ стаіць, а жыве ў ім Яўгенія Міхайлаўна, дачка Міхаіла Піліпавіча і Праскоўі Іванаўны. Як можна было ўтрымацца ад спакусы зайсці ў госці? Тым больш, што гаспадыня аказалася цудоўным, добразычлівым чалавекам, вельмі падобным на сваіх бацькоў. Я ўвайшла і адразу адчула, што энергетыка гэтага дома нясе толькі дабрыню, якую тут ад­далі некалі хлопчыку-сіраце. Мы, дзеці, заўсёды павінны быць удзячнымі нават другому пакаленню той сям’і, якая выхавала нашага бацьку.

1 лістапада мы з Верай Уладзіміраўнай накіраваліся ва Унучкі, каб, па-першае, павіншаваць Яўгенію Міхайлаўну з 80-годдзем, а па-другое, паслухаць яе ўспаміны. Пра Уладзіміра Навумавіча яна расказвае з пяшчотай. Як часта наведваў сваіх названых бацькоў, як дапамагаў чым мог…

Нітачка другая

бярэ свой пачатак у Брандэнбургу, дзе беларускі хлопец Васілій з Чарнакоў выратаваў жыццё земляку Уладзіміру Бядулю. Потым яна губляецца на шмат гадоў, каб знайсціся ў 2011-м. У гэты час у доме, пабудаваным Уладзімірам Навумавічам, дзе раслі яго дзеці, Вера Уладзіміраўна сабрала знаёмых і сяброў сваёй маці на святкаванне яе 100-гадовага юбілею. Кацярыны Якаўлеўны ўжо не было ў жывых, але прысутнасць яе ў той дзень адчувалася. Столькі добрых словаў было сказана! Усе помнілі гэтую жанчыну як вельмі жыццярадаснага, мудрага чалавека глыбокай душы, які заўсёды з усімі знаходзіў агульную мову. Шмат гадоў Кацярына Якаўлеўна працавала ў Камянецкім ГДК.

– Ніхто не мог сказаць пра яе дрэннага слова, – расказала мне Галіна Уладзіміраўна Бядуля, якая была бухгалтарам у той жа ўстанове культуры.

І па волі лёсу менавіта тады, на святкаванні юбілею, нечакана знайшліся сляды таго самага Васілія Куліка, які выратаваў колісь нашага героя. Аказалася (якое непрадказальнае жыццё!), што сястра яго, Валянціна Савельеўна, жыве ў Каменцы. Гэта стала вядома ад Надзеі Васільеўны Раманчук, яшчэ адной добрай сяброўкі Кацярыны Якаўлеўны. Вера Уладзіміраўна пачала падтрымліваць сувязь з Валянцінай Савельеўнай, а зусім нядаўна пазнаёміла з ёю мяне. Хацела б намаляваць для сябе і вас, паважаныя чытачы, партрэт чалавека, які нічога не пашкадаваў для земляка…

У сям’і Кулікаў з Чарнакоў было шасцёра дзяцей, Валянціна – самая малодшая. У яе з Васіліем было 8 гадоў розніцы, але гэта не перашкаджала ім любіць адно аднаго.

– Ён ласкавы быў, харошы, – успамінае Валянціна Савельеўна. – Да вайны служыў у Польшчы, калі ў водпуск прыязджаў, заўсёды цукеркі прывозіў. Там яго вайна і застала. Трапіў у палон, дзе і памёр ад таго, што сэрца спынілася. Аднекуль памятаю гісторыю, нібы напярэдадні таго ён з іншымі палоннымі ў карты гуляў, а раніцай сябры заўважылі, што Васі не стала. Мама плакала вельмі, калі даведалася, здаецца, прыйшло паведамленне аб смерці… Шкада, што не можам цяпер магілку брата наведаць. Дзе яна? Дачка мая, Васева пляменніца, казала: паехала б абавязкова…

Сапраўды, дзе тая магіла?.. Ці лёгка жыць з такім пытаннем, калі адказу на яго няма? Нялёгка. Ды, дзякаваць Богу, цуды яшчэ здараюцца! Пакуль ёсць на свеце неабыякавыя, чулыя людзі, такія, як Вера Уладзіміраўна Семчына.

– Напружваючы памяць, – расказвае яна, – я згадала, як некалі тата расказваў нам, дзецям, аб сваім знаходжанні ў палоне і ўцёках. Малодшая сястра рабіла тады нейкія запісы. І ў мяне бліснула здагадка, што ў іх магла быць назва ТАГО НАСЕЛЕНАГА ПУНКТА, у якім былі ў нямецкім рабстве Васілій Кулік і мой тата. Не маючы амаль ніякай надзеі на поспех, я пачала шукаць той аркуш паперы ў клетачку, спісаны почыркам Жэні. Ён быў менавіта ў клетку. Я памятала! І.. літаральна нядаўна, калі гэты матэрыял для газеты ўжо рыхтаваўся, я знаходжу ў бацькоўскім доме пацёрты лісточак сярод старых папер, якія не раз пераглядала. А ў ім – бясцэнны запіс – «вёска Хольбітто ля Штутгарта».

Ці існуе яна сёння, нам, на жаль, невядома, але надзеі губляць не варта. Не верыце? Тады перачытайце яшчэ раз апісанае вышэй!

Дарэчы, у тым сваім аповядзе, запісаным дачкой, Уладзімір Навумавіч узгадвае яшчэ аднаго салдата – Сцяпана Галенца (Галіцкага?), з якім разам былі ў палоне і сем сутак ляжалі ў той самай стайні побач. Магчыма, знойдуцца родныя людзі і гэтага чалавека? Можа, адшукаецца трэцяя нітачка?..

Настасся НАРЭЙКА.

Фота з сямейнага архіва Бядуляў.

Добавить комментарий