Бутэлька ў разрэзе

Изображение 852_resizeДзяржава зацікаўлена ў тым, каб як найменш шкла ішло ў невытворчыя адходы. Ды і шкляны посуд прызнаны найбольш экалагічным. З часам продаж піва ў пэт-бутэльках, як плануецца, будзе спынены. Тэндэнцыя прадказальная: шкляных адходоў з’явіцца яшчэ больш. А яны, перапрацаваныя, становяцца якаснай сыравінай для беларускіх шклозаводаў. Яшчэ і на экспарт у іншыя краіны зас-танецца. Гаворка ідзе ўжо аб пакрокавай даступнасці пунктаў прыёму шклатары.

Тым не менш, вочы нярэдка “спатыкаюцца” аб выкінутыя бутэлькі ўзбоч дарог і ля сметніц. У кагосьці, сабраныя ў скрыні, яны не першы год чакаюць вывазу на сметнік. У свой час, калі было ўведзена шмат абмежаванняў пры вяртанні посуду, і ля прыёмных пунктаў людзі пакідалі непрынятыя бутэлькі, кошт якіх быў сімвалічным, адбылося нейкае расчараванне: ці ёсць сэнс вазіцца з імі? Таму і стала цікава: а як цяпер? У кошт жа купленай намі прадукцыі вытворцамі закладзены залогавы кошт посуду. Ці больш проста пакупніку сёння вярнуць яго, незалежна ад таго, “вінтажная” бутэлька ці не, якога колеру, на якім заводзе зроблена? Па тлумачэнні звярнулася да таваразнаўцы райспажыў­таварыства Таццяны Абрамчук:

– У населеных пунктах, дзе няма нарыхтоўчых пунктаў, прыём шклатары ў нас не спынялі ў магазінах, якія вядуць нарыхтоўкі. Патрабаванні захаваліся ранейшыя, насельніцтва да іх ужо прызвычаілася. Кожны пастаўшчык, зразумела, бярэ назад толькі свае бутэлькі. Найбольш актыўна працуем з “Брэсцкім півам”, Брэсцкім лікёра-гарэлачным заводам, “Белавежскімі вінамі” (г.Пружаны) і іншымі беларускімі прадпрыемствамі. Аддаем ім амаль столькі ж посуду, колькі атрымліваем. Аўтамашына, што прывозіць іх прадукцыю, назад вяртаецца загружанай шклатарай. Бутэльку каньячную (0,5 л) і вінную (0,7 л) прымаем па 500 рублёў, вінтавую гарэлачную (0,5 л) – 550, піўную (0,5 л) – 300. Сапраўды, гэтыя грошы закладзены ў кошт прадукцыі, у адрозненне ад савецкага часу, калі кошт посуду ўлічваўся асобна. На жаль, бутэлькі замежнай вытворчасці – для нас яны нестандартныя – можна здаць толькі як шклабой, які прымаюць у нарыхтоўчых пунктах. Камянчане, у прыватнасці, шклатару здаюць у пункце прыёму па вуліцы Пралетарскай – ля магазіна “Мэбля”, а шклабой – у прыёма-нарыхтоўчым пункце, на так званым вадаёме.

Даведалася, што шклабой бяруць па 100 рублёў за 1 кг, а вось тарны “шклабой” (нестандартны посуд) – па 600. Гэта ж датычыць і бутэлек з-пад шампанскага, ігрыстых вінаў, якія паўторна не выкарыстоўваюцца. Як бачым, збор іх не пазбаўлены сэнсу. Запланаваны аб’ём нарыхтоўкі шклабою (20 тон) ужо перавыкананы, і ў асноўным за кошт узросшай актыўнасці насельніцтва. Дарэчы, у лістападзе аб’яднаннем “Белрэсурсы” у Брэсце, па вул. Інжынернай, адкрыта пляцоўка прыёму шклабою, чым вельмі задаволены і камянецкія нарыхтоўшчыкі, бо раней вазілі гэтыя адходы ў Пінск.

Значныя магчымасці ў зборы другаснай сыравіны мае жыллёва-камунальная гаспадарка. Не закопваць жа ў зямлю, у прамым сэнсе, тое, што можна перапрацаваць. Паводле слоў майстра санітарнай ачысткі раённай ЖКГ Ігара Рыжкоўскага, сёлета заданне на год па выемцы шклоадходаў – 80 тон. Ужо сабрана 70. План па нарыхтоўцы адходаў пластыку – 12 тон, на рахунку гаспадаркі ўжо 12,5 тоны.

Нагадаю, што станцыя сартавання палімераў працуе ў Каменцы, дзе пад прэсам сыравіна набывае выгляд блокаў, каб было больш зручна везці яе на перапрацоўку.

Адметна, што больш як палову гэтых другасных рэсурсаў “даюць” кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў, якія ўстаноўлены ўжо амаль і ў кожным аграгарадку раёна. Жыльцы шматкватэрных дамоў, як заўважаюць камунальнікі, ужо больш-менш прывучыліся раскладваць шкло, пластык і паперу паасобку. Праўда, апошняй трапляе ў кантэйнеры не так многа. Здараецца, што іх забіваюць і смеццем. У плане бытавой культуры нам яшчэ расці і расці… Выбіраюць камунальнікі шкло і пластык як другасную сыравіну і на палігонах цвёрдых бытавых адходаў. Даведзены дзяржзаказ па іх нарыхтоўцы напэўна выканаюць. Дапаможам ім у гэтым, а заадно – і сабе. А наконт дзяржзаказу не памылілася: сёлета ён упершыню быў уведзены ў адносінах збору другасных рэсурсаў.

Не сакрэт, што ў самых багатых краінах Еўропы ўжо 30-40 гадоў назад было нормай (у двор заязджае спецаўто) збіраць асобна бляшанкі з-пад кансерваў, накрыўкі ад малочных бутэлек і нават асколкі шкла. І мы не настолькі бедныя, каб грэбаваць гэтым.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий