У апошнія гады ўсё больш і больш становіцца падлеткаў, для якіх лепшым сябрам з’яўляецца не футбольны мяч ці пазнавальная кніга, а алкаголь. Сёння ў Камянецкім раёне на дыспансерным уліку ва ўрача-нарколага – 30 падлеткаў, што ўжываюць алкагольныя напоі. Гэтая лічба не змянілася ў параўнанні з мінулым годам. Чаму так адбываецца?
Мяркуйце самі… Яркія, рознакаляровыя этыкеткі айчынных і замежных вінаў, піва так і кідаюцца ў вочы, варта толькі зайсці ў магазін. Рэклама спіртных напояў прываблівае, запрашае паспытаць. Акрамя таго, даступнасць і адносная таннасць іх ні для каго не сакрэт. Падлетак хоча выглядаць больш дарослым і самастойным, імкнецца нагадваць хоць нечым свайго куміра, убачанага ў кіно ці на эстрадзе, альбо яму проста не хочацца адбівацца ад кампаніі, у якой адмова ад спіртнога цягне за сабой непрыемныя наступствы, аж да выгнання з групы.
Вялікае значэнне маюць таксама і адносіны бацькоў да алкаголю. Калі ў сям’і штодзень ладзіцца калектыўная папойка, то дзіця ўспрыме гэта як норму і паводзіць сябе будзе аналагічна. Нягледзячы на тое, што алкагалізм не перадаецца ў спадчыну, п’янства хоць аднаго з бацькоў прыводзіць да нараджэння дзяцей з псіхапатычнымі і інтэлектуальнымі адхіленнямі, затрымкай у развіцці. Часта падлеткавы алкагалізм з’яўляецца ў няпоўных сем’ях, дзе дзеці прадастаўлены самі сабе і выхоўвае іх вуліца. Аднак, трэба ведаць, што і гіперапека можа прывесці да тых жа сумных вынікаў. Імкнучыся абараніць дзіця ад усяго на свеце, бацькі выхоўваюць маральна слабую, бязвольную істоту, якая лёгка паддаецца чужому ўплыву. На прапанову выпіць такі падлетак наўрад ці адкажа “не!”.
Далучэнне да алкаголю цягне за сабой змены сістэмы каштоўнасцяў і звычак падлетка. Ён ахвотней бавіць вольны час сярод сяброў, якія п’юць. Пры гэтым, на самаразвіццё і захапленні не знаходзіцца ні хвілінкі. Падлеткі, што п’юць, кніг амаль не чытаюць.
Нельга забываць пра тое, што арганізм падлетка больш адчувальны да алкаголю, чым арганізм дарослага: нават невялікая доза спіртнога выклікае вельмі моцнае ап’яненне. Ранняе ўжыванне такіх напояў прыводзіць да хуткага развіцця залежнасці і паражэння ўнутраных органаў, з’яўляюцца гепатыт і панкрэатыт, парушэнні работы сэрца, праблемы з артэрыяльным ціскам, расстройствы цэнтральнай нервовай сістэмы, лёгачныя хваробы, хваробы эндакрыннай сістэмы. Лечаць такіх падлеткаў у спецыяльных палатах ці аддзяленнях наркалагічных дыспансераў, каб выключыць сяброўства з дарослымі алкаголікамі.
Прафілактыка падлеткавага алкагалізму заключаецца перш за ўсё ў выхаваўчых і арганізацыйных мерах, накіраваных на тое, каб малады чалавек ведаў пра шкоднае ўздзеянне алкаголю і імкнуўся пазбягаць кантакту з тымі, хто ўжывае яго. Важна заняць нечым карысным вольны час падлетка. А бацькам трэба быць прыкладам здаровага, цвярозага ладу жыцця і памятаць, што няшкодных для арганізма падлетка спіртных напіткаў не існуе! Тыя, хто схільны да алкаголю, павінны быць пад пастаянным наглядам урача-нарколага. Акрамя бацькоў і медыкаў, дапамагчы такім юнакам і дзяўчатам могуць іх равеснікі, якія строга адмоўна настроеныя ў адносінах да спіртных напояў.
Падлеткаваму алкагалізму шмат увагі ўдзяляецца на старонках газет, на радыё і тэлебачанні, праводзяцца гутаркі, лекцыі, паказы кінафільмаў. Эфектыўнасць гэтых сродкаў вельмі розная. Паводле апытання, праведзенага сярод падлеткаў, самыя эфектыўныя – тэлеперадачы і кіно. Для таго, каб выдаліць алкаголь з жыцця падлеткаў, трэба даць ім нешта ўзамен, тое, што аб’яднала б кампанію, падняло настрой, дало сілу і здольнасць праявіць сябе.
Мікалай СМІРНОЎ,
урач-нарколаг
Камянецкай райбальніцы