Днямі ў рэдакцыю звярнулася наша чытачка з просьбай назваць найбольш дас-
тупныя варыянты абнаўлення бульбы на прысядзібных участках – іншымі словамі: дзе набыць насенку высокіх рэпрадукцый? І сапраўды, рэкамендуецца праз кожныя 3-4 гады замяняць яе на клубні з больш высокім патэнцыялам.
У раёне – тры бульбаводчыя гаспадаркі (“Александрыя-Агра”, “Каленкавічы”, “Усход-Каменец”), што працуюць паводле дзяржаўнай праграмы “Бульбаводства”, якая ў тым ліку прадугледжвае і садзеянне сортаабмену бульбы на прысядзібных участках грамадзян. Апошнія гадоў пяць у той дзеі актыўны ўдзел бярэ гандаль: праз цэнтр падтрымкі фермерскіх і ўласных гаспадарак (магазін – у Каменцы, па вул. Чкалава) з ранняй вясны абавязкова пачынаецца продаж насення папулярных сартоў – эліты, 1-й рэпрадукцыі, – закупленага ў “бульбяных” гаспадарках раёна. Рэалізуюць яго і на веснавых кірмашах. Такі цэнтралізаваны продаж выглядае найбольш цывілізаваным. Праўда, да адпускной цаны гаспадаркі дадаюцца яшчэ гандлёвая надбаўка і падатак на дабаўлены кошт. Сёлетняй вясной 1 кг такой насенкі абыходзіўся вяскоўцам і дачнікам у 3700 рублёў, і рэалізавалі яе каля дзвюх тон.
Многія едуць па насенную бульбу непасрэдна ў гаспадаркі – як каму больш зручна. Некаторыя запасаюцца “новай” бульбай з восені. Але ў тых жа “Каленкавічах” цяпер рэалізуюць толькі нетаварную (па 800 рублёў) і сталовую (па 3 тыс.) – усю насенную збіраюцца пакінуць для пасадкі ў сваёй гаспадарцы. У Агародніках (“Александрыя-Агра”) доўжыцца актыўны продаж бульбы сталовай (пакуль па 2 тыс. 700 рублёў), дробнай нестандартнай – па 500. Насенная ж у сучасным бульбасховішчы будзе чакаць свайго часу рэалізацыі да вясны.
Карысную “падказку” атрымала ад агранома Мікалая Андрасюка ва “Усходзе-Каменцы”, дзе пакуль – да закладкі ўласнага насеннага фонду – насенку не рэалізуюць. У час ранейшай працы на Шчучынскай эксперыментальнай базе бульбаводства не раз цікавіўся вынікам у сялян, якія нядорага куплялі дробную бульбу пасля ўборкі супер-суперэлітных сартоў. І эліта, нават дробная, не падводзіла – з яе сяляне затым мелі і буйную бульбу, і пасадачны матэрыял…
“Апельсінавыя” соткі
Ад бульбаводаў сёння патрабуецца павышэнне якасці (у асобных выпадках – крухмалістасці) і ўраджайнасці бульбы, зніжэнне яе сабекошту, каб другі хлеб быў канкурэнтаздольным на рынку. Год на год не падобны. І сёлета ўраджай бульбы больш сціплы, чым у апошнія два гады. Аптавікі купляюць яе ў гаспадарках амаль утрая даражэй, чым летась. Цана дарасла да 3 тыс. за 1 кг клубняў сталовых сартоў. Максімальную закупачную цану зацвердзіў аблвыканкам райспажыўтаварыству – 2 тыс. 300 рублёў (ад зыходнай закупачнай пазней будзе залежаць і рознічная цана бульбы). Супрацоўнічаюць з насельніцтвам. Але бульбяныя соткі з кожным годам усё звужаюцца, бо калі на падвор’і селяніна няма ні каня, ні трактарка, сабекошт стратэгічнага прадукта імкліва падрастае. Сёлета толькі выворванне 1 соткі бульбы аратыя ацэньвалі да 50 тыс. рублёў. Калі ўлічыць усе іншыя выдаткі, на выхадзе яна атрымліваецца ці не па цане апельсінаў. Але ж які смак! Жаданне мець уласны натурпрадукт зноў вядзе нас вясною на дачу ці ў поле. Ды не ўсіх. Дзе-хто з гаспадароў, калі трымае ў хляве жыўнасць, лічыць за лепшае купіць увосень і дробную бульбу, каб не траціць час і сродкі на догляд сотак. “Калі ўсе будуць такія разу-у-умныя…” – не без скептыцызму заўважыць хтосьці з нашых чытачоў. Але ж фуражная, пэўна, не звядзецца, а вось за сталовую бульбу “ручной работы” як за экапрадукт з часам напэўна давядзецца плаціць асобую цану.
Перапрацоўшчыкі
ў чаканні…
За апошнія тры гады на абнаўленне абсталявання на Вярховіцкім крухмальным выдаткавалі амаль 3 млрд. рублёў з уласных сродкаў. Да цяперашняга сезона былі гатовы зараней. Аднак на прадпрыемства, дзе на працягу года здольныя перапрацаваць 9-10 тыс. тон бульбы, пакуль прывезлі толькі 700 тон яе з “Каленкавічаў”, “Белавежскага”, “Александрыі-Агра”, “Усхода-Каменца”, хоць у полі засталася ўжо менш як трэць ураджаю. Прычыны такога становішча дырэктар завода Мікалай Панасюк бачыць нават не ў меншай ураджайнасці, але ў тым, што сяляне цяпер не толькі не вязуць дробную бульбу ў Вярховічы, але і самі купляюць яе на месцы, у гаспадарках. На прадпрыемстве спадзяюцца, што больш высокая цана (з 1 кастрычніка за 1 кг бульбы тут плацяць па 500-510 рублёў) некалькі актывізуе нарыхтоўку.
* * *
Зрэшты, скарачэнне бульбяных палеткаў у прыватным сектары сацыёлагі тлумачаць як пазітыўны знак: найбольш бульбы людзі садзяць у цяжкі час сацыяльных катаклізмаў (гэта своеасаблівы індыкатар дабрабыту). І змяншэнне яе сёння ў нашым рацыёне, выходзіць, – дадатны факт?
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Каменецкая гимназия собрала представителей профсоюза образования и науки разных поколений
-
Прокуратура Каменецкого района поддержала в суде гособвинение по уголовному делу о смертельном ДТП
-
Александр Лукашенко подписал закон, комплексно корректирующий Кодекс об образовании
-
ОБЗОР МАТЧА «АГРО-ПЕЛИЩЕ» – «БЛЭКУЭЛ»: ЗЕМЛЯКИ ЗАБИРАЮТ ПЕРВЫЕ ОЧКИ МИНИ-ФУТБОЛЬНОГО ТУРНИРА
-
Мошенники рассылают вирусы под видом фото в Telegram