Будзе сад багаты!

Сёння гаворка пойдзе пра фермераў, якія сваю энергію ўкладваюць у зямлю. Дарэчы, зараз у раёне зарэгістраваны 35 фермерскіх гаспадарак, асноўны накірунак якіх – раслінаводства. Адны з іх ужо сталі брэндамі на ўнутраным рынку краіны (і не толькі), а другія стаяць на пачатку сваёй фермерскай дзейнасці.

Дзве фермерскія гаспадаркі займаюцца вырошчваннем пладаягадных культур і дрэваў крыху больш за год. “АматСад” і “АматБуг” пачалі сваё існаванне ў маі 2011-га. Сёлета іх уключылі ў комплексную Праграму па развіцці бульбаводства, агародніцтва і пладаводства на 2011-2015 гады.

Фермерскія гаспадаркі “АматСад” і “АматБуг” – гэта дзве розныя арганізацыі, якія займаюцца адной агуль­най справай. Іх тэрыторыя – 115 гектараў зямлі ля Падбрадзян, якія пакуль да канца не засаджаны, але плануецца іх запоўніць фруктовымі дрэвамі і кустамі да канца бягучага года. А зараз, на 70-і гектарах растуць чарнаплодная рабіна, вішні, чорныя парэчкі, маліна. Гэтай вясной, каб зямля не прастойвала без справы, вырашылі пасадзіць на астатняй тэрыторыі цыбулю, пасеяць грэчку, нават спрабавалі эксперыментаваць з кавунамі, але апошнія большай часткай для сябе.

Сёлета ўжо здымалі першы ўраджай. Сабралі 35 тон чарнаплоднай рабіны, якую напрамую здавалі на завод. Збор ураджаю праходзіў механізавана. Калі б пераклалі ўсю працу на чалавечыя рукі, то атрымалася б, што справіцца з заданнем змаглі б 50 (!) чалавек.

Як зазначыў дырэктар “АматСада” Дзмітрый Матуцкі, калі ўзнікла думка заняцца фермерскай справай, то хацеў бачыць плантацыю, засаджаную пладовымі дрэвамі. Атрымалася па-іншаму. Але Дзмітрый Сяргеевіч не губляе надзеі на тое, што некалі спраўдзіцца яго запаветная мара – стаць уладальнікам такіх зя­мель, на якіх будуць радзіць яблыні. Віталій Ляшук (яго бацька – дырэктар “АматБуга”) поўнасцю падтрымлівае свайго сябра…

Вернемся да таго, што ёсць на полі ля Падбрадзян на сённяшні дзень. Усе расліны, што зараз растуць на пладовай плантацыі, куплялі па-за межамі краіны. Але тыя гектары, якія будуць дасаджаны сёлета, запоўняцца дрэвамі з беларускіх гадавальнікаў. Дарэчы, у названых гаспадарках ёсць свой, у Ранях, але пакуль ён не такі, як хацелася б гаспадарам. Усяму свой час, так лічаць і Дзмітрый Сяргеевіч, і Віталій Васільевіч.

На маё пытанне, як мужчыны прыйшлі да рашэння заняцца такой нялёгкай справай, адказ знайшоўся адразу: “Мы – класічны прыклад людзей, якія не прывыклі марнаваць свой час і сродкі на непатрэбныя рэчы. Тым больш, што ёсць каму перадаць бізнес у будучым – дзецям, якія працягнуць справу бацькоў…”

Але мала быць ініцыятыўным чалавекам з пачатковым капіталам, прычым немалым. У такой справе патрэбна мець надзейную апору ў выглядзе мясцовай улады. Так і атрымалася. Падтрымку знайшлі ў старшыні райвыканкама Андрэя Пісарыка, які разгледзеў у маладых людзях патэнцыял і цягу да працы. Таксама заўсёды ідзе насустрач у плане дапамогі сельгастэхнікай дырэктар мясцовай гаспадаркі – адкрытага акцыянернага таварыства “Агра-Пелішча” – Мікалай Брынчук…

Яшчэ пацікавілася ў субяседнікаў, ці заканчвалі яны спецыяльныя ўстановы па вывучэнні раслінаводства, але атрымала адмоўны адказ. “Галоўнае, захацець, але яшчэ патрэбна мець сяброў, якія, як ніхто іншы, заўсёды дапамогуць. І такія ёсць, у Польшчы і Германіі. Вось яны і раяць, што і як зрабіць у нашым пакуль яшчэ маленькім садочку…”

Планаў шмат… Усё яшчэ наперадзе… Але, галоўнае, у дадзенай сітуацыі імкнуцца да намечанай мэты, і тады ўсё спраўдзіцца…

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий