Будзем з рэнтгенам!

У “Паштовай скрынцы” сёлета 5 мая было апублі-кавана пісьмо Станіслава Фіялкоўскага з Белавежскага, які паведаміў аб тым, што ні ў Каменцы, ні ў Высокім    не змог зрабіць рэнтген-здымак, давялося ехаць у Брэст. Многія чытачы цікавіліся, калі ж урэшце ў райцэнтры будзе ўстаноўлены новы рэнтгенапарат. І вось напрыканцы мінулага тыдня паступіла вестка, што такі апарат прывезены з Мінска.

Наш карэспандэнт звярнуўся з пытаннямі да загадчыка аддзялення прамянёвай дыягностыкі цэнтральнай раённай бальніцы А.Ф.КЕНДЫСЯ.

– Аляксандр Фёдаравіч, урэшце праблема з рэнтгенам будзе вырашана?

– Так, сапраўды апаратуру прывезлі з Мінска. А з канца чэрвеня знята яшчэ адна праблема – замест стацыянарнага флюарографа, якому спатрэбіўся рамонт, наладзілі перасоўны камп’ютарны кабінет “Пульмаскан-760-П”, атрыманы летась з абласной туббальніцы. Тэхніка не новая, нядзіва, што яна выходзіла са строю. На той час паломка адбылася і на рэнтгенапараце ў Высокаўскай гарбальніцы. Сапраўды, сітуацыя была складаная. Але ўсё перажылі. “Пульмаскан” працуе ў Каменцы, пакуль не адрамантуюць стацыянарны флюарограф. Дарэчы, менавіта для “Пульмаскана” закуплена камп’ютарнае абсталяванне, для ўстаноўкі на рабочым месцы ўрача. Перасоўны кабінет будзе шырока выкарыстоўвацца на выездзе, за год з яго дапамогай можна зрабіць да пяці тысяч даследаванняў.

– Гэта цудоўна, але цікава, які ж новы рэнтгенапарат атрымала раённая медыцына?

– Атрымалі не проста апарат, а рэнтгендыягнастычны комплекс, які мае назву “Космас Універсал Томо”. Мяркуючы па дакументах, вытворцы айчынныя, але яны супрацоўнічалі з італьянскай фірмай “Віжын”. Апаратура сучасная, на тры рабочыя месцы, дазваляе выконваць усе рэнтгендыягнастычныя працэдуры, уключаючы тамаграфію і рэнтгенаскапію. Кошт комплексу – 960 мільёнаў рублёў, да гэтай сумы трэба дадаць цану праявачнай машыны, абсталявання. Вядома, без дапамогі дзяржавы такія затраты былі б немагчымыя. Апарат набыты за сродкі рэспубліканскага бюджэту, згодна з адпаведнай праграмай. Да кошту самога комплексу дабаўце яшчэ сродкі, што былі выдаткаваны з раённага бюджэту на пераабсталяванне рэнтген-кабінета: з поўнай аховай ад рэнтгенаўскага выпраменьвання як для персаналу, так і пацыентаў. Свінцовы бар’ер у гэтым кабінеце ўсюды, пачынаючы з уваходных дзвярэй. Абноўлена фоталабараторыя, устаноўлены новае перагаворнае ўстройства, відэаназіранне, выдзелена памяшканне для медперсаналу, закуплена новая мэбля…

– Хто і калі ўстановіць новы комплекс?

– Устаноўка – гэта справа мінскай фірмы “Драйв”, яе спецыялізацыя. Тэрмін устаноўкі – да паўтара месяца. Усё ж такі аб’ект складаны і для вопытных спецыялістаў…

– Пэўна, новы рэнтгенкомплекс – не адзіная тэхнічная навінка бальніцы?

– Так, кіраўніцтва бальніцы з дапамогай раённай улады імкнецца аснасціць лячэбную ўстанову па максімуму. Да таго ж комплексу заказалі рэнтгенкасеты з узмацняючым экранам. Дарэчы, дадаткова закуплена і ахова ад выпраменьвання…. Заказаны і перасоўны палатны рэнтгенапарат айчыннай фірмы “Адані” для хірургічнага і рэанімацыйнага аддзяленняў, яго назва “Унікампакт”.

– А як з кадрамі?

– Праблем не будзе. У жніўні на работу прыедзе ўрач-рэнтгенолаг, малады спецыяліст. Дарэчы, яго жонка, урач, таксама будзе працаваць у нашай бальніцы – у лабараторыі. А чатыры рэнтгенлабаранты і дзве санітаркі – на месцы, яны сваю справу добра ведаюць.

– Значыць, больш праблем з рэнтгенам у раёне не будзе?

– Праблемы ёсць заўжды, але яны не ўсе адразу вырашаюцца. На новы тэхнічны ўзровень выходзіць бальніца ў Каменцы. Вось і паліклініка, новая і прыгожая, набывае свае абрысы. Але ж там таксама яшчэ шмат работ з устаноўкай абсталявання, аснашчэннем кабінетаў. А мяне як раённага ўрача-рэнтгенолага хвалюе стан абсталявання ў Высокаўскай гарбальніцы – яно састарэлае, патрабуе замены. Але ж не сумняваюся: будзем з фінансамі – улада паклапоціцца і аб абнаўленні абсталявання ў самым заходнім беларускім горадзе.

Гутарыў

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий