Буда? Гэта ля Пашукоў

IMG_9463Гартаючы тэлефонны даведнік, не раз “спатыкалася” аб назву вёскі Пашуцкая Буда. Вызначальнае слова зразумелае: недалёка ад Пашукоў. А вось другое… Ва ўяўленні найперш узнікае цыганская буда на колах або старая хата, што баіцца ветру.

На мінулым тыдні, атрымаўшы дазвол на наведванне гэтай вёскі ў запаведнай зоне Белавежскай пушчы (уезд праз прапускны пункт, з паведамленнем мэты візіту), пабывалі ў Пашуцкай Будзе. Яна сустракае прыгожым будынкам Пашуцкага лясніцтва. Побач – два дзвюхкватэрныя дамы для яго работнікаў, а праз засень соснаў і бяроз віднеюцца вясковыя хаты. Ад некалькіх гаспадыняў іх і пачула тлумачэнне назвы вёскі: маўляў, даўным-даўно збудаваў тут нехта першую хатку, ды такую малую, што называлі яе будай… Пасля такой легенды канчаткова ўпэўнілася, што найбольш верагодным паходжаннем імя вёскі стаў занятак тамтэйшых сялян, якія працавалі на лясных промыслах (будах): нарыхтоўвалі дрэва, гналі смалу, дзёгаць…А праз многія гады лясныя буды – як часовае жыллё буднікаў – ператварыліся ў звычайныя вёскі. Так, мабыць, і з’явіліся на Беларусі шматлікія Буды як назвы паселішчаў…

На папялішчы

У 1942-м Пашуцкая Буда – лясная вёска – была спалена фашыстамі, а яе жыхары вымушаны перасяліцца на Кобрыншчыну, дзе жылі “па людзёх”. Тады ж згарэла там і колішняя піларама, вузкакалейка ад якой вяла ў Белавежу, – сёння гэтае ўрочышча мае назву “тартак”, а пра пілараму нагадваюць рэшткі фундаменту. На родныя папялIMG_9506ішчы сяляне вярнуліся ў 1949-м. Такі ж лёс напаткаў і жыхароў суседняй вёскі Лавы. Разам выязджалі ў невядомасць, адначасова вярталіся на пажарышчы, будаваліся. Але калі пачалася электрыфікацыя вёсак раёна, электралінія Лавы абмінула, і свае новыя збудаванні сяляне перавезлі ў іншыя вёскі, найбольш – у Камянюкі. А Лаваў не стала.

Буда ж адрадзілася. Таму няма ў вёсцы старых спарахнелых хат, усе яны пасляваенныя – са смалістага дрэва, з пацямнелымі ад часу неашаляванымі сценамі. З дрэвам тут было больш проста, бо многія гаспадары працавалі ў лясніцтве. Як і муж Вольгі Ульянаўны Буснюк. Уласны дом яны будавалі побач з бацькоўскім, які на папялішчы ўзняўся ў вёсцы першым. Гадавалі траіх дзяцей. Аднак рана Вольга аўдавела. У новай хаце паднімала дзяцей адна, працавала ў калгасе. Сёння ёй 86. Акружана клопатам дачкі і сыноў, дарослых унукаў. Як ні ўтульна зімой у гарадской кватэры, вясною просіцца Вольга Ульянаўна назад, у Пашуцкую Буду. “Я тут ажываю, хворае сэрца менш аб сабе нагадвае, а ў Брэсце задыхаюся ад выпарэнняў асфальту, навокал жа адны машыны. Лясное паветра мяне лечыць”, – зазначае яна. Дзеці, унукі і праўнукі едуць у Буду з вялікай ахвотай; унучка, што працуе ў турыстычным агенцтве, нярэдка аддае перавагу адпачынку тут, у бабулі. А дачка-гараджанка Вольгі Ульянаўны пасля выхаду на пенсію бачыць сябе жыхаркай толькі Пашуцкай Буды.

Пад аховай

Запаведнасць гэтых мясцін надае ім сваю адметнасць. Трапіць сюды без пропуску немагчыма, асабліва летам, у пажаранебяспечны сезон. У ягады-грыбы проста так не пойдзеш. Да ляснога возера ў колішніх Лавах, дзе дазволена платная рыбалка, на аўтамашыне не паедзеш – яе даводзіцца пакідаць ля шлагбаўма… Але, дзякуючы той строгасці, што нас часам раздражняе, і захоўваецца гэта невыказная пушчанская прыгажосць. Ёю не перастае захапляцца і 53-гадовая Ганна Дацкевіч, што жыве ў Драгічыне, а свой настаўніцкі водпуск праводзіць на бацькоўскай сядзібе, дзе і вада ў калодзежы самая смачная, і блізкі лес самы зялёны. Здавалася б, павінна ўжо прывыкнуць да такой раскошы, ды эмоцыі і сёння праз край. Аня ў тым узросце, калі асабліва адчувальная непарыўнасць сувязі з той мясцінай, дзе нарадзілася. І калі часам выпадковы турыст задае ёй правакацыйнае пытанне: “Няўжо падабаецца людзям жыць у такой глухамані?”, – яе лаканічны аргументаваны адказ пазбаўляе незнаёмца ахвоты працягваць гаворку на гэтую тэму. Глыбокая паважлівасць да бацькаўшчыны бачыцца і ў імправізаваным дамашнім “музеі”, які Аня з любоўю асталявала ў апусцелай прыбудове: дзедаўскія жорны, ступа, ліхтар і іншае не згубяцца пад плотам. Вельмі шкадуе, што пасеклі на дровы бабуліны кросны, на якіх яе маці – Вера Фадзееўна – выткала нямала ходнікаў і посцілак, што і сёння надаюць утульнасці хаце. Бо ў іх – цеплыня рук. Вера Дацкевіч – родам з Пашукоў. У Буду выйшла замуж, калі мела толькі 16 гадоў і сем класаў адукацыі. У восьмы клас трэба было выпраўляцца ўжо ў Дзмітровічы, да якіх сем кіламетраў. З той прычыны і пакінула школу. У паляводчай брыгадзе працавала два гады, а затым – у гандлі: у магазіне ў Падбельскіх Агародніках – да абеду, а пасля апоўдня – у хаце-лаўцы ў Пашуцкай Будзе. Дарэчы, яе тут закрылі толькі з год назад. Цяпер сюды прыязджае аўталаўка.

Больш чым спадчына

IMG_9530Зімуюць у Пашуцкай Будзе шасцёра чалавек. Вера Фадзееўна, якая аўдавела шэсць гадоў назад, таксама на зіму едзе да дачкі. А летам насельніцтва тут больш амаль удвая, бо вяртаюцца ад дзяцей да роднага парога састарэлыя старажылы, сярод якіх, на вялікі жаль, ужо няма нікога з дзядоў. Нешматлікія дачнікі, што стаміліся ад гарадскога тлуму, час ад часу наведваюцца ў вёску.

Ганну Фёдараўну Ляўчун з яе ўнучкай і праўнучкай засталі на сядзібе выпадкова. Толькі на некалькі дзён завіталі яны ў хату па просьбе бабулі, якая вельмі сумуе па родным краі, – зноў забяруць яе з сабою, у горад, бо з-за хваробы не можа яна заставацца адна. Па тым, як хораша дагледжана сядзіба, як утульна ў хаце, дзе і бываюць зрэдчасу, можна меркаваць, наколькі любяць дзеці і ўнукі тую мясціну, што выбралі некалі іх абачлівыя продкі.

Адметная асаблівасць: на продаж тут няма ніводнай хаты. Тыя, што апусцелі цягам жыцця, шануюць нашчадкі, зберагаюць бацькоўскія сядзібы для сваіх дзяцей і ўнукаў, як і навакольнае хараство. Яны будуць удзячныя мудрым прадзедам за такую раскошу.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

3 thoughts on “Буда? Гэта ля Пашукоў

  1. Поняла, что старожилы Пашуцкой Буды перечислили жителей деревни, упустив из виду семьи работников лесничества, которые получили жильё от Национального парка. Простите.

Добавить комментарий