Абласное свята “Ружанская брама” ў трэці раз запрасіла на гасцінную зямлю Пружаншчыны тых, для каго гісторыя роднага краю не пусты гук.
Мне пашчасціла далучыцца да гасцей і стаць адным з удзельнікаў пленэра разьбяроў. Разам з зямлячкай, жыхаркай Камянюкаў Ірынай Кушнярук, і яшчэ дзесяццю майстрамі з Брэста, Гродна, Гомеля, Мінска працаваў над групай драўляных скульптур. Іх яднала тэма надання мястэчку Ружаны Магдэбургскага права, у 1637 годзе Кароль польскі і Вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза уручыў яму адпаведны прывілей.
Аўтар гэтых радкоў ствараў вобраз каралевы Цыцыліі Ранаты Аўстрыйскай, а Ірына – фрэйліны. Давялося пагартаць кнігі, паглыбіцца ў гісторыю, каб усё ў нашых работах – ад тагачаснага адзення персанажаў да выразу іх твараў – было сапраўдным.
Гатовыя скульптуры пры дапамозе тэхнікі паставілі побач і ўмацавалі. Рады, што зрабіў свой унёсак у прыгажосць і самабытнасць Ружан, дапоўніў і без таго значны пералік іх скарбаў. Мясцовыя жыхары і госці падтрымлівалі нас, творцаў, сваімі цікаўнасцю і разуменнем. Яны пільна сачылі за працэсам, нават у праліўны дождж не спяшаліся дадому. Асабліва шмат было дзяцей, якія з радасцю паабяцалі сачыць за захаванасцю скульптур потым, пасля завяршэння свята. Упэўнены – наша творчасць у надзейных руках. У Ружанах умеюць захоўваць спадчыну.
Між тым, пленэр быў не адзіным пунктам у святочнай праграме. У свае сцены гасцінна запрашаў палацавы комплекс Сапегаў, кожны мог далучыцца да экскурсіі і на нейкую гадзіну перанесціся ў мінулае.
Аматараў прыгажосці, зробленай сваімі рукамі, вабілі гандлёвыя рады народных майстроў. Не сумавалі і аматары паспяваць і патанцаваць. Ні на імгненне не пашкадаваў, што завітаў на “Ружанскую браму”!
Анатоль ТУРКОЎ,
член Саюза майстроў народнай творчасці,
старшыня грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёна
“Белавежская пушча” і Брэстчыны “Тур”.
Это может быть интересно:
-
ПЛАНОВЫЕ ОТКЛЮЧЕНИЯ ЭЛЕКТРОЭНЕРГИИ В РАЙОНЕ
-
Чарговы адзіны дзень інфармавання насельніцтва адбыўся сёння ў Камянецкім ТЦСАН
-
Даниил Рыжков: «Горжусь, что прохожу службу в органах пограничной службы!»
-
Что такое народное ополчение? Рассказывает начальник штаба Каменецкого РОВД
-
От Став до Мачулищ: смотрим, как живет каменецкая торговля на селе