1.
Дзядулю было 90 гадоў. І апошнія пяць з іх ён пражыў адзін у старой вясковай хаце, якую сам пабудаваў калісьці для любімай жонкі Лідачкі. Тысячу разоў сын прапаноўваў бацьку пераехаць у горад да сям’і, да ўнучкі, але адказ заставаўся заўсёды нязменным: “Не магу я, Віця. Тут маці твая. Тут кожная рэч пра яе нагадвае: ці то гэты кошык для рукадзелля, – яго дрыжачая рука пяшчотна краналася клубочкаў усіх колераў вясёлкі, – ці то гэтая кніжка з кулінарнымі рэцэптамі, ці то гэты драўляны грабеньчык, якім я расчэсваў колісь яе доўгія валасы…” Вочы яго ўвільгатняліся, і Віктар адступаў, пераставаў угаворваць. Яны абнімаліся на развітанне, і серабрыстая машына павольна выязджала на прасёлачную дарогу (ехаць хутчэй перашкаджалі слёзы).
Жонка з дачкой сустракалі на парозе і па змучаным твары Віктара чыталі ўсё. Дваццацігадовая Ніна моўчкі брала бацьку за руку і, як дзіця, вяла на кухню, дзе чакаў чай. Яны сядзелі за круглым сталом і ўсе, як адзін, глядзелі на чацвёрты свабодны стул.
– Я з’езджу да дзядулі.
Віктар здрыгануўся, калі ўпэўнены голас дачкі прагучаў у аглушальнай цішыні.
– Цябе адвезці?
– Не, дзякуй. Я сама…
2.
У аўтобусе Ніна села ля акна і абедзвюма рукамі абняла сваю сумку, з якой так смачна і спакусна пахла піражкамі. Бабуля… Памяць вяртала ў шчаслівую пару дзяцінства, калі кожнае лета было суцэльным святам, бо праходзіла яно ў вёсцы. Тут так соладка спалася на мяккай падушцы, навалачку для якой вышывала бабуля, тут так ахвотна елася раніцой, бо ніхто не ўмеў пячы такіх блінцоў, як бабуля, тут так цікава праходзілі вечары, калі цёплай пуховай хусткай ахіналі чароўныя казкі, безліч якіх ведала бабуля.
Ніна ледзь чутна ўсхліпнула і хутка перавяла позірк на тонкія дрэўцы, што беглі за акном, каб ніхто не ўбачыў слёз. Першыя клейкія лісцікі толькі-толькі з’яўляліся на іх. Вясна… Так называлася і дзядулева вёска. Ніна здалёк прачытала прыгожую назву на прыпынку і лёгка саскочыла з прыступкі аўтобуса.
Дзядуля быў у садзе. Ён радасна памахаў унучцы і знакам паказаў ёй, каб ішла ў хату. Там за піражкамі і чаем з самавара яны доўга гаварылі аб усім на свеце, пазбягаючы толькі адной, самай хвалюючай тэмы. Дзядуля нагадаў пра яе сам:
– Ну што, Ніначка, зноў будзеш у горад клікаць?
Яна спужалася на імгненне, а потым прамовіла:
– Буду.
Дзядуля ўсміхнуўся, устаў з-за стала і са словамі “Глядзі, што пакажу” накіраваўся да буфета. Праз хвіліну на стале перад Нінай ляжала невялікая чорна-белая фатаграфія, а на ёй…
– Гэта Лідачка. Ёй тут столькі ж, колькі табе цяпер. Я з гэтай фатаграфіяй усю вайну прайшоў, насіў на сэрцы, таму і не закранула яго варожая куля.
Ніна глядзела на тоненькую дзяўчыну з доўгай касой у белай сукенцы і не магла гаварыць, не магла думаць. Як?
– Вы вельмі падобныя, – падказаў унучцы дзядуля.
– Вельмі…
– Я чалавек ужо немалады, Ніначка. Пяць гадоў без яе жыву і не жыву. Чакаю. Я павінен быць тут, калі яна прыйдзе па мяне. Ты даруй, і бацькі няхай даруюць.
– Не трэба, дзядуля.
3.
У самым пачатку чэрвеня з Вясны прыйшла тэлеграма. “Дзед Алёша памірае.” Тры словы. Коратка і ясна. Тэлефонаў у вёсцы не было, таму тым жа вечарам, калі даведаліся, яны паехалі да дзядулі.
У хаце мітусілася суседка цётка Арына, якая і прыслала тэлеграму.
– Як ён?
– Аей-аей…
Стрымліваючы слёзы, Віктар, Алена і Ніна ўвайшлі ў пакой хворага. Дзядуля ляжаў ля акна, а на тумбачцы стаяла, прыхінуўшыся да адной з бутэлечак, знаёмая фатаграфія.
– Прыехалі, дзеткі…
Словы з хрыпам вырываліся з яго грудзей.
– Час мне, дзеткі, у дарогу.
Віктар учапіўся рукамі ў спінку старога крэсла.
– Вы жывіце шчасліва. І я хутка шчаслівы буду. З Лідачкай. Кліча яна мяне.
Ніна моўчкі ўткнулася лбом у матуліна плячо.
Доктар так і не патлумачыў ім нічога, кінуў толькі: “Дні са два засталося.”
4.
Вечарам, калі дзядуля заснуў неспакойным, трывожным сном, Ніна на дыбачках увайшла ў яго пакой, асцярожна, каб не бразнуць нічым, узяла з тумбачкі фатаграфію, накіравалася да дзвярэй.
– Ніна? – тата, які змяніў маці ля ложка дзядулі, здзіўлена зірнуў на дачку.
– Дзядуля будзе жыць, – ціха, але ўпэўнена адказала яна.
5.
Цётка Марыя, якую Ніна ведала даўно, абшывала літаральна ўсю Вясну. Яна ўважліва выслухала аповяд дзяўчыны і, падумаўшы імгненне, кіўнула. У шафе сярод мноства адрэзаў тканіны знайшоўся і неабходны, белы, як снег. Швачка хутка накідала на паперы эскіз сукенкі, і разам яны ўзяліся за справу. Меркі, раскрой, стракатанне машынкі… У Ніны дрыжалі рукі, і цётка Марыя колькі разоў пяшчотна гладзіла яе па пушыстых, доўгіх валасах. У шэсць гадзін раніцы ўсё было гатова.
На парозе яны абняліся.
– Ідзі, дачушка.
Ніна кіўнула, давячыся слязамі, і пабегла назад. Да грудзей яна прыціскала лёгкі скрутак з сукенкай, у белых складках якой ляжала фатаграфія.
6.
Дзядуля спаў. Тата ўскінуў на Ніну чырвоныя ад слёз вочы.
– Як? – аднымі вуснамі спытала яна.
– Лепш.
– Дзякуй Богу!
Ніна ціхенька вярнула фатаграфію на месца і схавалася ў суседнім пакоі. Мама ўсё ўжо зразумела і асцярожна ўзяла пакунак з рук дачкі.
Сукенка была якраз. Ніна спынілася перад вялікім круглым люстэркам і скаланулася зноў, як тады. Мама запляла ёй касу, перакінула наперад, як на фатаграфіі.
У гэты момант рыпнулі дзверы.
– Пара, – Віктар усміхнуўся праз слёзы, пазіраючы на дачку.
Ніна бязгучна падышла да дзядулевага ложка, прысела на край і мякка дакранулася рукой да слабай рукі хворага.
– Алёша…
Стомленыя, яшчэ сонныя вочы павольна расплюшчыліся.
– Ліда…
Дзядуля прамовіў гэта імя так шчасліва, што страх, які вісеў у паветры, рассеяўся.
– Ты прыйшла па мяне.
– Не, – Ніна адмоўна пахітала галавой. – Я прыйшла прасіць, каб ты застаўся тут, Алёша. Ты патрэбны ім.
– Але…
– Ты патрэбны ім.
– Так… – ён пацягнуўся і лёгка пацалаваў яе руку. – Як скажаш.
Прамовіўшы гэта, дзядуля праваліўся ў сон. Ён прачнуўся ў наступны раз ужо не такім слабым і прамовіў з усмешкай:
– Віця, мне снілася Ліда. Яна сказала, што я павінен застацца з вамі. Я ёй абяцаў.
Чатыры ўсмешкі зацямнілі сабой сонца.
Настасся НАРЭЙКА
Это может быть интересно:
-
На Каменетчине прошла благотворительная кампания «Соберем детей в школу»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
Брестчина полностью готова к осенне-зимнему отопительному сезону
-
«Народная зарядка» ко Дню народного единства прошла в Каменце