“БелМорис” по-ряснянски

Напрыканцы верасня мінулага года ў Расне гасцінна адчыніў дзверы фірменны магазін “БелМорыс” адкрытага акцыянернага таварыства “Белавежскі”. Ён размясціўся ў тым жа будынку, дзе знаходзіцца комплексны прыёмны пункт.
Пяць дзён на тыдзень у магазін завозіцца мясная прадукцыя (акрамя выхадных – нядзелі і панядзелка). І кожны дзень, як аншлаг. Мала што застаецца з папярэдняга гандлёвага дня. А асартымент тут вельмі пашыраны: гатовай прадукцыі ў магазін пастаўляецца каля 80 відаў, а сырой – 50. Папулярнасцю карыстаецца ў Расне мясное рагу для любімых сабак і катоў. Не абмінаюць сваёй увагай жыхары шчакавіну, сэрцы, вушы свіныя… Не залежваюцца на вітрынах і шашлык, і каўбасы, і фарш. Увогуле, у “БелМорысе” можна набыць, што толькі душа пажадае.
Прадавец Святлана Савончык паказала мне накладную на той дзень, калі мы завіталі ў магазін. З мясакамбіната павінны былі прывезці каля 40 відаў гатовай прадукцыі. Як паведаміла Святлана Мікалаеўна, да наступнага дня мала што застанецца. І так кожны дзень. Безумоўна, дарагая каўбаса некаторым не па кішэні, але і яна знаходзіць свайго пакупніка.
Тым часам у калідоры жыхары якраз чакалі прывозу. Адна бабулька, мабыць, самая адважная, падышла і расказала нам аб тым, што вельмі рады людзі адкрыццю такога магазіна і ў іх вёсцы. Усе прысутныя не выказалі ніводнага негатыўнага водгуку, вось толькі… не ўсім хапае мяснога рагу. Але не адчайваецца вясковы народ, бо “можна і ліверкі купіць”.
Неўзабаве пад’ехала машына з надпісам “Белавежскі”, і ўсе сяльчане выстраіліся ў чаргу, мы перасталі іх цікавіць. Накіраваўшыся да машыны, нас аклікнула ўсё тая ж бабулька, і яшчэ раз паведаміла, каб напісалі, што вельмі добры магазін адкрыўся ў Расне. Мабыць, і сапраўды добры…

Наталля ГРЫЦУК
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий