Беларуси необходим сильный и стремительный рывок вперёд

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 мая, звяртаючыся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
«Нашы асноўныя прынцыпы і наш шлях нязменныя. Але гэта не значыць, што Беларусь назаўсёды застанецца ранейшай. Мяняецца час, і трэба смела ісці далей. Мы не павінны адстаць! Неабходны моцны, імклівы рывок наперад. Гэта датычыцца ўсіх сфер жыццядзейнасці дзяржавы. І перш за ўсё фундаменту – эканомікі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Галоўны ўрок сусветнага крызісу – жыць трэба па сродках. Нельга траціць больш, чым зарабіў. Ёсць грошы – траць іх. Няма – зарабляй. Друкаваць пустыя грошы або жыць у доўг – гэта шлях у тупік», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, каб надаць новую якасць усёй эканамічнай дзейнасці, у бліжэйшай перспектыве трэба сканцэнтраваць намаганні на некалькіх асноўных напрамках. Сярод іх мадэрнізацыя эканомікі, прыцягненне прамых інвестыцый, рост даходаў насельніцтва, павышэнне эфектыўнасці кіравання эканомікай, падтрыманне стабільнасці беларускага рубля, нарошчванне экспарту, імпартазамяшчэнне і эканомія, развіццё навукі і інавацый, аграпрамысловага комплексу, жыллёвага будаўніцтва.
Адной з найважнейшых задач Аляксандр Лукашэнка назваў стрымліванне росту цэн і аднаўленне дакрызіснага ўзроўню даходаў насельніцтва. «Нельга ўсё аддаваць рынку. Разумны кантроль за цэнамі павінен і будзе мець месца, цэнавага бязмежжа не будзе, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Мы паступова ідзём да ўсё больш свабоднага цэнаўтварэння. Але сёння патрэбна залатая сярэдзіна. Абсалютна жорсткае рэгуляванне прыводзіць да дэфіцыту і вывазу тавараў з краіны. А так званы свабодны рынак – да спекуляцыі, якая моцна б’е па кішэні простага чалавека».
«Мы не павінны дапусціць павелічэння спажывецкіх цэн больш як на 20 працэнтаў за год, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Тым больш што ні адна краіна свету не адмаўляецца ад іх рэгулявання».
«Шмат хто гаворыць аб тым, што ў нас цэны на прадукты харчавання паўзуць. Я адкажу на гэта проста: калі вы хочаце карміць увесь свет бясплатнымі беларускімі прадуктамі харчавання, самымі якаснымі і смачнымі, можна трымаць гэтыя цэны. Але вы бачыце, што адбывалася і што адбываецца да гэтага часу: у нас цэны ў два-тры разы ніжэйшыя, чым у суседзяў, граніцы не закрыеш сёння – Адзіную эканамічную прастору, нават Украіну не закрыеш. Таму тут свабодны ператок, і куды нашы танныя прадукты ідуць? Туды! Там іх па нармальных цэнах прадаюць, а грошы – у кішэню не толькі нашым беларусам», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў: «На жаль, мы вымушаны рэагаваць на тое, што адбываецца ў свеце, і баланс цэн павінен быць. У нас ніколі цэны не будуць вышэйшымі, чым ва Украіне і Расіі. Ніколі! Але яны павінны быць набліжаны да тых цэн, каб было нявыгадна скупляць і вывозіць… Мы на гэтым павінны зарабляць».
Гаворачы аб даступнасці тавараў для беларусаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба павышаць заработную плату. «Тады і людзі будуць спакойна рэагаваць на гэта і разумець, што калі цана крыху вырасла, дык і зарплата вырасла», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў дабіцца сярэдняй заработнай платы да канца года ў эквіваленце $500. «Мы павінны арыентаваць усе рэгіёны краіны, усіх кіраўнікоў, каб гэта задача была выканана», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў: «Наўрад ці ў бягучым годзе ўдасца дабіцца таго, каб зарплата $500 была ва ўсіх беларусаў, але выйсці на паказчыкі сярэдняй заработнай платы павінны, і мы ўжо недалёка ад гэтага». Тэмп росту эканомікі сведчыць аб тым, што да канца бягучага года Беларусь можа выйсці на гэты ўзровень, упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Тэма павышэння сярэдняга ўзроўню зарплаты ўзнята невыпадкова. «Сярод кіраўнікоў з’явілася тэндэнцыя, маўляў, няма прадукцыйнасці працы, няма і павышэння зарплаты, і гэтым пачалі апраўдвацца перад людзьмі. Аднак галоўная задача любога кіраўніка менавіта ў тым, каб узнімаць прадукцыйнасць працы на сваім прадпрыемстве», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неэфектыўную работу па прыцягненню перш за ўсё прамых замежных інвестыцый. Прэзідэнт запатрабаваў ад членаў урада, старшынь выканкамаў, усіх кіраўнікоў радыкальна змяніць стыль і метады работы з інвестарамі – як з замежнымі, так і беларускімі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі можа быць прыватызавана любое прадпрыемства на вызначаных і вядомых умовах. “Той, хто хоча нешта купіць у дзяржавы, павінен заплаціць справядлівую цану», – нагадаў Прэзідэнт. Пры гэтым галоўным пры прыняцці рашэнняў аб прыватызацыі будзе захаванне інтарэсаў работнікаў прадпрыемстваў.
Гаворачы аб сітуацыі на валютным рынку, кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў Беларусі будуць строга прытрымлівацца прынцыпу свабоднага фарміравання валютнага курсу. “Рэзкіх ваганняў абменнага курсу больш нельга дапускаць. І мы па-ранейшаму будзем строга прытрымлівацца прынцыпу – свабода фарміравання валютнага курсу ў выніку адкрытых, празрыстых біржавых таргоў”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кожны рубель, які знаходзіцца ў абарачэнні ў краіне, на 150 працэнтаў пакрыты валютнымі рэзервамі па бягучаму рыначнаму курсу. «Экспарт непасрэдна звязаны са стабільнасцю курсу. Менавіта ён прыносіць валюту ў краіну. Задача ўрада і мясцовых органаў улады на бягучы год – забяспечыць дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў памеры звыш $1 млрд. Больш таго, сёння на экспарт неабходна накіроўваць не менш як 65 працэнтаў ад вырабленай прадукцыі. Са з’яўленнем Адзінай эканамічнай прасторы ўсе ўмовы для гэтага створаны», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Але абмяжоўвацца АЭП нельга. Дзейнічаць трэба маштабна, па ўсім свеце, там, дзе дзяржаве гэта цікава, падкрэсліў ён. «На новыя рынкі трэба выходзіць не разрознена, а адзіным фронтам. Спачатку – вывучэнне кан’юнктуры пад эгідай МЗС і Мінгандлю. Затым – дэсант з прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў пры падтрымцы ўрада. Арганізацыя стабільнай работы праз гандлёвыя дамы і суб’екты ўласнай тавараправоднай сеткі. Не трэба кожнаму вытворцу ісці паасобку, усё павінна каардынавацца з аднаго цэнтра», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
У 2012 годзе па такой схеме неабходна выйсці на вялікія рынкі Аўстраліі, Новай Зеландыі, Бразіліі, ПАР, Індыі, Інданезіі, В’етнама і іншых краін Паўднёва-Усходняй Азіі, адзначыў Прэзідэнт. «Важна ісці туды, дзе нас чакаюць і гатовы працаваць з намі на прынцыпах дружбы і ўзаемнай павагі. Нашай краіне ёсць што прапанаваць сваім партнёрам», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, у Беларусі эфектыўнасць кіравання эканомікай з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў далейшага развіцця. “Для росту капіталізацыі дзяржаўных актываў, зніжэння затрат і павышэння эфектыўнасці кіравання мы ўзялі курс на стварэнне холдынгаў і буйных вытворчых аб’яднанняў у прамысловасці. Гэта, па сутнасці, дзяржаўныя карпарацыі. Тыя ж працэсы адбываюцца і ў сельскай гаспадарцы. У гэтым годзе мы практычна завершым узбуйненне і стварэнне аптымальных сельгаспрадпрыемстваў і холдынгаў там, дзе гэта магчыма”, – адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама чакае ад урада і НАН Беларусі прапаноў па змяненню сістэмы кіравання навукай і інавацыямі.
Яшчэ адзін з немалаважных напрамкаў эканамічнага развіцця – укараненне сучасных механізмаў стымулявання рэсурсазберажэння. «У 2012 годзе мы павінны забяспечыць зніжэнне матэрыялаёмістасці прадукцыі ў прамысловасці не менш чым на 2 працэнты, энергаёмістасці ВУП – на 3 працэнты, што сэканоміць амаль 1,5 млн.т умоўнага паліва. Кошт пытання – $1 млрд.», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні закрануў і такую сацыяльна значную тэму, як жыллёвая палітыка. «У 2012 годзе варта кардынальна павысіць эфектыўнасць дзяржаўнай жыллёвай палітыкі», – заявіў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, падтрымку «прамым рублём» за кошт дзяржавы атрымаюць толькі канкрэтныя катэгорыі грамадзян. «Па ўсіх заключаных дагаворах ільготнага крэдытавання дзяржава выканае свае абавязацельствы. Указ падпісаны, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Астатнім, як кажуць у народзе, «трэба даць не рыбу, а вуду. І прынцып просты: кожны чалавек павінен мець магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы, але льготнае, а ў многіх выпадках бясплатнае жыллё атрымаюць толькі тыя, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу: шматдзетныя сем’і, людзі, аб’ектыўна абмежаваныя ў даходах, і тыя, хто нясе павышаную адказнасць перад грамадствам».
Для тых, у каго грошы ёсць і хто можа іх зарабіць, будуць створаны самыя шырокія магчымасці вырашэння жыллёвага пытання. Яны даўно вядомыя ў свеце – іпатэчнае крэдытаванне, жыллёвыя будзберажэнні і іншыя інструменты. «Тут дзяржава таксама не адыдзе ўбок, – адзначыў Прэзідэнт. – Прадаставім ільготы ў выглядзе падатковых вылічэнняў, прывабных умоў камерцыйнага крэдытавання, бясплатнай зямлі пад індывідуальную забудову тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Бяры зямлю, атрымлівай падатковыя льготы і будуць свой уласны дом».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб недапушчальнасці раздачы сельгасзямель пад прамысловае будаўніцтва. «Лічыце, што ў нас накладзена практычная забарона на адвядзенне зямель сельгаспрызначэння пад прамысловае будаўніцтва», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Нараўне з гэтым Прэзідэнт даручыў стварыць цывілізаваны рынак арэнднага жылля, а ўсе дагаворы найму зрабіць празрыстымі і зразумелымі.
Закрануў у выступленні кіраўнік дзяржавы і тэму ўзаемаадносін Беларусі з Захадам. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «ў Еўрасаюзе разумеюць, што ў Беларусі не менш дэмакратыі, чым на Захадзе». «Беларусь часта крытыкуюць звонку за быццам бы недастатковую дэмакратычнасць. Гэтыя абвінавачанні даўно сталі рытуальнымі», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пры гэтым мала хто задумваецца аб галоўным – аб гістарычным шляху беларусаў, аб ментальнасці і традыцыях народа. Сёння дзейнічае змешаная эканоміка, у многіх галінах, ад гандлю да праграмавання, менавіта прыватныя фірмы занялі вядучае становішча. Паслядоўна змяняюцца роля і функцыі дзяржавы. Ужо не патрэбны ўсеагульны дырэктыўны кантроль. «Галоўнае прызначэнне дзяржавы сёння мы бачым у тым, каб стымуляваць прагрэс ва ўсіх сферах, забяспечваць сацыяльныя гарантыі грамадзянам, ствараць прававыя асновы жыццядзейнасці», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі няма варожасці ні да Еўрасаюза, ні да ЗША. «Таму што мы бачым у першую чаргу тое, што нас аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае. І пры гэтым мы глядзім у будучае», – дадаў ён.
«Зыходзячы з гэтага, Беларусь вылучае ідэю інтэграцыі інтэграцый. Яе мэта – стварэнне агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока», – заявіў Прэзідэнт. Ён дадаў, што аб гэтым гаворыць і цяперашні Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што стаўка на інтэграцыю – гэта свядомы выбар Беларусі. Агульны рынак прадастаўляе дадатковыя магчымасці па збыту прадукцыі, найперш высокатэхналагічнай. Праз такую інтэграцыю можна атрымаць роўны доступ да сыравінных і энергетычных рэсурсаў, без якіх не можа нармальна развівацца ніводная дзяржава. «Гэты шлях у поўнай меры адпавядае інтарэсам Беларусі і яе народа, паколькі нацэлены на ўмацаванне пазіцый беларускай дзяржавы ў сусветным маштабе і павышэнне дабрабыту грамадзян, – лічыць Аляксандр Лукашэнка. – Нашы структуры адкрыты для далучэння іншых краін і, адпаведна, для далейшага пашырэння сумеснага рынку. Але і гэта не мяжа. У парадку дня – стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза, да 2015 года ён будзе ўтвораны».
“Я неаднаразова гаварыў: у Беларусі няма геапалітычных амбіцый. Але мы павінны выразна бачыць сваё месца ў свеце і адстойваць усімі спосабамі нашы нацыянальныя інтарэсы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь не можа адмовіцца ад сваіх базавых прынцыпаў. «Стабільнасць у грамадстве і дзяржаве – наша важнейшая каштоўнасць. Многія зайздросцяць Беларусі менавіта таму, што ў нас няма разладу, канфліктаў і палітычных узрушэнняў. Мы гэтага не хочам і мы гэтага не дапусцім любой цаной», – падкрэсліў Прэзідэнт.
«Стабільнасць і адзінства нацыі – гэта наш сапраўдны здабытак, які абавязкова павінен захавацца. Без гэтага няма ні паспяховага развіцця эканомікі, ні проста нармальнага і спакойнага жыцця для людзей», – лічыць кіраўнік дзяржавы.
У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што стабільнасць ні ў якай меры не азначае застой. «Мы нацэлены на далейшае паслядоўнае і спакойнае ўдасканаленне грамадска-палітычнага жыцця ў нашай Беларусі», – заявіў ён.
Асобна кіраўнік дзяржавы ў выступленні спыніўся на ролі парламента ў жыцці нашай дзяржавы.
«Краіне патрэбны моцная заканадаўчая ўлада і моцны парламент. Таму развіццё парламентарызму з’яўляецца адным з асноватворных элементаў станаўлення беларускай дэмакратычнай дзяржавы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, дзеючае скліканне парламента адыграла важнейшую ролю ва ўмацаванні дзяржавы. «Восенню ў нас павінны адбыцца чарговыя парламенцкія выбары. Вядома, для краіны важна захаваць пераемнасць. Калі частка дэпутатаў цяперашняга склікання ўвойдзе ў новы парламент, а мы гэту практыку ўжо напрацавалі, гэта створыць найлепшыя ўмовы для прадаўжэння карпатлівай заканадаўчай работы», – адзначыў Прэзідэнт.
«Гарантую, што маючая адбыцца выбарчая кампанія пройдзе на высокім узроўні і ў строгай адпаведнасці з законамі і Канстытуцыяй нашай краіны», – падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку Прэзідэнта, новы парламент павінен стаць цэнтрам энергічнай заканатворчасці. «Дэпутаты павінны быць людзьмі, здольнымі «пайсці ад зямлі» і суаднесці кожнае палажэнне закона з рэальным жыццём, з пільнымі патрэбамі людзей», – дадаў ён.
Прэзідэнт лічыць, што Беларусі неабходна далейшае развіццё палітычнай сістэмы. Ён заўважыў, што абнаўленне, якое дыктуецца жыццём, немінуча закранае ўсе сферы дзяржавы і грамадства.
«Відаць, настаў час, калі нам трэба мяняць адносіны да жыцця, сябе, дзяржавы. А нашы партнёры на Захадзе павінны зразумець: грамадзянская супольнасць і дэмакратыя не нараджаюцца росчыркам пяра на прэзідэнцкім указе. Яны зараджаюцца і прарастаюць у розумах мільёнах адказных грамадзян. Такое не адбываецца за дзень. Для гэтага патрэбны гады», – лічыць Прэзідэнт.
«Беларусь цвёрда ідзе да гэтай мэты. Але падганяць і панукваць нас на гэтым шляху бессэнсоўна і бескарысна», – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адной важнай тэмай, на якой акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, з’яўляецца развіццё інфармацыйных тэхналогій. На думку Аляксандра Лукашэнкі, для Беларусі бурнае развіццё Інтэрнэту адкрывае выдатныя перспектывы. «Для Беларусі бурнае развіццё Інтэрнэту, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій адкрывае выдатныя перспектывы. Інтэлект нашых людзей, нашай моладзі пачынае прыносіць значны прыбытак краіне. У далейшым гэта галіна можа і павінна стаць адной з ключавых у эканоміцы», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб развіцці праваахоўнай і судовай сістэмы, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь пачала сур’ёзнае ўдасканаленне работы праваахоўнай сістэмы і ў цэлым усяго сілавога блока.
Стварэнне Следчага камітэта Аляксандр Лукашэнка назваў абсалютна правільным крокам. «І гэта першае, але не апошняе рашэнне на шляху паступовага, але паслядоўнага рэфармавання нашай праваахоўнай сістэмы», – рэзюмаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускім праваахоўнікам неабходна пераадолець абвінаваўчы ўхіл у сваёй дзейнасці. “Суд не павінен станавіцца ні на чый бок. Ён заўсёды павінен кіравацца выключна законам, выносіць справядлівае рашэнне», – сказаў ён.
«Нам неабходна зрабіць больш гуманным крымінальнае заканадаўства і судовую практыку па эканамічных злачынствах. Далёка не заўсёды пазбаўленне волі – адэкватная мера пакарання і перавыхавання. Генеральнай пракуратуры і Следчаму камітэту неабходна дасканала прааналізаваць практыку прымянення такой меры стрымання, як заключэнне пад варту», – лічыць кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду аператыўна падрыхтаваць праект закона аб амністыі, якую можна будзе прымеркаваць да галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці.
Гаворачы аб кантрольнай дзейнасці, Прэзідэнт канстатаваў, што дабіцца рашучага пералому тут не ўдалося: колькасць праверак празмерная, яны маюць не папераджальны, а карны характар.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў ураду, Адміністрацыі Прэзідэнта і Камітэту дзяржаўнага кантролю ўжо ў першым паўгоддзі выпрацаваць дадатковыя меры па аптымізацыі кантрольна-праверачнай дзейнасці. «Доўгія гады мы прытрымліваліся прымаўкі: «Давярай, але правярай». Магчыма, настаў час пераставіць словы месцамі», – рэзюмаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўсё, што робіцца ў дзяржаве, робіцца не дзеля лічбаў і паказчыкаў. «Эканоміка і палітыка – сродкі для дасягнення найважнейшай і вышэйшай мэты: павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей. Усе гэтыя гайкі, балты, малако, мяса толькі тады маюць сэнс, калі гэта накіравана да чалавека. І новыя падыходы ў эканоміцы не адмяняюць галоўнага: Беларусь – гэта дзяржава для народа», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у сацыяльнай сферы ўжо дасягнула многага. Па якасці адукацыі Беларусь займае 20-е месца ў свеце, па ахове здароўя – 30-е, па сацыяльнаму капіталу – 20-е сярод усіх краін свету.
«Асноўныя напрамкі сацыяльнай палітыкі, развіцця медыцыны, адукацыі, культуры, іншых сфер, якія закранаюць інтарэсы чалавека, зацверджаны Усебеларускім народным сходам. І незалежна ад фінансавай і эканамічнай сітуацыі ў краіне мы ні на крок не адступім ад намечаных планаў», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на праблемах сістэмы адукацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякіх новых рэформ і эксперыментаў у сярэдняй школе не будзе. Прэзідэнт таксама даручыў у бліжэйшы час вырашыць праблему дэфіцыту месц у дашкольных дзіцячых установах. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў Беларусі неабходна істотна палепшыць і пашырыць сістэму падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна, запатрабаваных на рынку працы. Ён даручыў Міністэрству эканомікі разам з Міністэрствам адукацыі ўважліва вывучыць праблему і скарэкціраваць планы падрыхтоўкі спецыялістаў розных узроўняў.
Гэты год абвешчаны Годам кнігі, і ў гэтым закладзены глыбокі сэнс. Галоўная задача – адрадзіць любоў усёй нацыі, перш за ўсё маладога пакалення, да літаратуры. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў міністэрствам культуры і інфармацыі асаблівую ўвагу ўдзяліць камплектацыі бібліятэк: больш актыўна прыцягваць да гэтага пытання прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, сумесна са СМІ прапагандаваць кнігу.
Яшчэ адзін важны напрамак у развіцці духоўнасці беларускай нацыі – адраджэнне знакамітых слуцкіх паясоў. «Адраджэнне значных культурных і гістарычных сімвалаў, выхаванне патрыятызму, любові і павагі да сваёй Радзімы на аснове багатага культурнага і гістарычнага багажу краіны, якім усе беларусы павінны заслужана ганарыцца, – гэта важная частка фарміравання і развіцця нацыянальнай ідэі», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
На заканчэнне выступлення Прэзідэнт адказаў на пытанні парламентарыяў. Было зададзена паўтара дзясятка пытанняў.
У кіраўніка дзяржавы ў тым ліку пацікавіліся, ці будзе ў Беларусі па прыкладу іншых краін штогод зацвярджацца графік пераносу рабочых дзён. «Я атрымліваў такія прапановы. Урад у бліжэйшы час падрыхтуе праект указа, і да канца года ён будзе падпісаны, каб людзі загадзя ведалі», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пытанні парламентарыяў датычыліся таксама кампенсацыі савецкіх укладаў, вяртання будаўнікоў у Беларусь, магчымасці пашырэння існуючых у Беларусі сацыяльных ільгот, дапамогі слабаабароненым сем’ям у падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года, павышэння зарплат дзяржслужачым. Прэзідэнт падрабязна спыніўся на перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, адзначыўшы, што рэалізуемыя ў нашай краіне сумесныя праекты – у інтарэсах перш за ўсё Беларусі.

2 thoughts on “Беларуси необходим сильный и стремительный рывок вперёд

Добавить комментарий