У мінулую нядзелю адбыліся матчы другога тура чэмпіянату раёна па футболе.
У Каменцы “Камянецкая Пушча” сустракалася з камандай “Высокае”. “Пушчанцы” з першых хвілін узялі ініцыятыву ў свае рукі і на працягу першай паловы тайма маглі адкрываць лік тройчы. Але не шанцавала: то мяч трапіць у штангу, то міма пустой “рамкі” ігрок прамахнецца. Затое высакаўчане выціснулі са сваіх момантаў усё магчымае. Пасля хвіліны 30-й ужо яны ўзялі ініцыятыву сабе, а на 37-й Дзмітрый Гуркін рашыўся на дальні ўдар і не прагадаў. Стрэл атрымаўся “смачны”, і мяч трапіў у дальнюю “дзявятку”. 1:0.
Пасля перапынку ў стане “пушчанцаў” з’явіўся галоўны снайпер чэмпіянату Дзмітрый Асташэня (пасля першага тура ён з шасцю мячамі ўзначальвае бамбардырскі спіс), і ўжо на 5-й хвіліне ён зарабіў пенальці, якое сам паспяхова і рэалізаваў. На экватары тайма Дзмітрый зноў на лініі агню: атрымаўшы мяч на флангу, ён працягнуў яго да цэнтра і бабахнуў з-за межаў штрафной – варатар, цягні мяч з сеткі. А 32-й хвіліне Дзмітрый афармляе хет-трык. І гэта не ўсё. На 44-й класную камбінацыю разыгралі Уладзімір Клімашын і Дзяніс Раманюк. Першы авалодаў мячом на лініі штрафной і пяткай паслаў яго на ход Дзянісу. Раманюк з межаў штрафной не прамахнуўся і ўстанавіў канчатковы лік.
У гэты ж дзень былі згуляны яшчэ два матчы. Абодва прайшлі ў Доўбізне. Спачатку аднайменная каманда прымала “Белавежскі” і саступіла. У першым тайме Антон Горбач закінуў мяч за шкірку варатару і адкрыў лік. У другім – Валерый Закржэўскі выйшаў сам-насам з галкіперам і падвоіў лік. Затым на полі з’явіліся каманды “Агра-Зарэчча” (Войская) і “Ніва” (Доўбізна). “Пенсіянеры” (так часам, жартуючы, называюць больш вопытных “ніваўцаў”) змаглі, у адрозненне ад сваіх “малодшых братоў” з “Доўбізна”, парадаваць мясцовую “тарсіду” і ўпэўнена разабраліся з гасцямі з Войскай. Пачатак разгрому паклалі Сяргей Васілюк і Яўгеній Федарук. Праўда, да перапынку Раман Іванюковіч скараціў адставанне, але і толькі… Дзяніс Абрамчук (двойчы), Іван Назарук і зноў Яўгеній Федарук у другім тайме давялі лік да 6:1.
У апошнім матчы тура, які быў праведзены ў Каменцы 19 чэрвеня, “Без праблем” прымаў “Аграпрадукт”. “Алейнікам” трэба было рэабілітавацца за “прыніжэнне”, якое яны атрымалі тыдзень таму ад “Камянецкай Пушчы”. “Безпраблемаўцы” таксама не гублялі надзеі разжыцца першымі ачкамі. Дарэчы, менавіта яны на 15-й хвіліне і мелі першую магчымасць адкрыць лік – але ігрок не трапіў у пустыя вароты. Затое на 18-й момант рэалізавалі “алейнікі”: Раман Саўчук скарыстаўся памылкай у абароне. А праз два абароты секунднай стрэлкі сваё “слова” сказаў Сяргей Асійчук. 2:0. Знайшоў Сяргей бясспрэчныя довады для капітуляцыі і яшчэ двойчы (на 22-й і 29-й хвілінах). Паставіў “кропку” ў матчы пасля перапынку Раман Саўчук. Шчаслівай аказалася 24-я хвіліна. Партнёры вывелі Рамана сам-насам з варатаром, юнак спакойна абыграў кіпера і накіраваў мяч у пустую “рамку”. 5:0. Ямайскі вірус, ды і толькі.
ВЫНІКІ: “Ніва” – “Агра-Зарэчча” – 6:1, “Доўбізна” – “Белавежскі” – 0:2, “Без праблем” – “Аграпрадукт” – 0:5, “Камянецкая Пушча” – “Высокае”– 4:1.
* * *
15 чэрвеня ў межах чэмпіянату Брэсцкай вобласці прайшло мясцовае дэрбі, у якім “Усход” з Навасёлак прымаў “Аграпрадукт” з Абяроўшчыны. Выявіць пераможцу каманды не змаглі. Нічыя – 1:1. На гол “усходаўца” Уладзіміра Ярашчука “алейнікі” адказалі трапным ударам Рамана Саўчука.
Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.
Это может быть интересно:
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF: Green – ФК «Высокое»
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF. Первый матч. Агро-Пелище — Мясокомбинат
-
Шибанова и Володина отправятся на республиканские соревнования по дзюдо
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу. Ответные матчи. Белтелеком-Брест – Агро-Пелище
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 ПО МИНИ-ФУТБОЛУ: Westbrook-Гефест – ФК «Высокое»