Уладзімір Гніламёдаў… Яго імя сёння, бадай, у кожнага ў нашым грамадска-культурным асяроддзі выклікае бясспрэчнае прызнанне заслуг і павагу. Выдатны літаратуразнаўца і крытык, класік сучаснай беларускай навукі пра літаратуру, дасведчаны, харызматычны, мудры педагог, што выхаваў не адно пакаленне кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі — кандыдатаў і дактароў навук, якія паспяхова працуюць на гуманітарнай ніве Беларусі і шмат што вызначаюць у развіцці яе філалагічнай навукі.

А ў апошнія гады знакаміты даследчык прыгожага пісьменства надзвычай ярка праявіў сябе і як празаік. Унікальнай з’явай на этапе навейшай літаратурнай гісторыі Беларусі стала сямейная хроніка пісьменніка. Яго раманы «Уліс з Прускі» (2006), «Расія» (2007), «Вяртанне» (2008), «Валошкі на мяжы» (2014), «Вайна» (2014), «Пасля вайны» (2021), «Праўда жыве пасярэдзіне» (2022) заключаюць у сабе адзнакі вялікага нацыянальнага беларускага эпасу.
Раманная эпапея Уладзіміра Гніламёдава — гэта гімн роднай зямлі і яе народу, гімн духоўна-філасофскім традыцыям і каштоўнасцям беларусаў. Вельмі цікава і павучальна разам з самім пісьменнікам ці з яго дапамогай зазірнуць у творчую лабараторыю аўтара, пазнаёміцца з характэрнымі прынцыпамі яе работы, важнымі чыннікамі яго працы.
— Уладзімір Васільевіч, з чаго ўсё пачалося? Калі ў вас з’явілася жаданне выказацца, напісаць пра тое, што вы ведаеце, адчуваеце і бачыце?
— Падспуднае амбіцыйнае жаданне падзяліцца сваімі думкамі з’явілася ў мяне даўно, яшчэ ў студэнцкую пару, калі я назіраў за лёсамі людзей, за тым, як ставіцца да чалавека свет. Стрымлівала сціпласць і рэгламентаваная эстэтыка, якую мала каму з пісьменнікаў удавалася парушыць, не ставала творчай свабоды. Я імкнуўся шырэй глядзець на свет, не спыняўся перад горкай праўдай. Ёсць безліч выказванняў, што такое літаратура, але няма вызначэння вычарпальнага. Лепш за ўсіх сказаў Данііл Гранін: «Ніхто не ведае, што такое літаратура». Проза, асабліва раман, тлумачыць жыццё, імкнецца ўстанавіць ісціну, даць пісьменніку магчымасць выказацца. Праз літаратуру, з дапамогай літаратуры адбываецца нейкая важная камунікацыя паміж пакаленнямі, і ў гэтым яе незаменнасць.

— Чым вы кіраваліся, ад чаго адштурхоўваліся, беручыся за свайго «першынца» — раман «Уліс з Прускі», які, памятаецца, гэтак здзівіў і ўразіў чытача?
— Альбер Камю — класік ХХ стагоддзя — у сваёй Нобелеўскай прамове сказаў: «У маіх вачах мастацтва — не адасобленая насалода для выбраных. Яно з’яўляецца сродкам выклікаць хваляванне ў найбольшай колькасці людзей, прапаноўваючы ім выключныя вобразы пакутаў і радасці, уласцівыя ўсім. Значыць, яно падпарадкоўвае сябе праўдзе — самай сціплай і самай усеагульнай».
Гэта тое, даруйце за нясціпласць, чым я кіраваўся
— Калі не сакрэт, хто падтрымаў вас, можа быць, падбадзёрыў на першых, мабыць, самых складаных этапах практыкі празаіка?
— Пісьменнік выкарыстоўвае свой жыццёвы досвед, у аднаго гэта больш прыкметна, у другога менш, на што звярнуў маю ўвагу Уладзімір Калеснік, чые лекцыі я слухаў у Брэсцкім педінстытуце і з кім (хаця і не блізка) знаўся. Ён першы пасля адной з нашых шчырых сустрэч сказаў мне: «Пішы!» Потым, пасля часопіснай публікацыі, падтрымалі мяне Іван Навуменка, Алег Лойка, Віктар Каваленка, Васіль Жураўлёў, малады тады Анатоль Казлоў, які надрукаваў мяне ў «Маладосці». Пісаць падштурхнула «перабудова» 1980-х гадоў, якая рэзка пашырыла сектар творчай свабоды.

— Уладзімір Васільевіч, мы ведаем, што ніводзін з пісьменнікаў не пачынае, так бы мовіць, з чыстага аркуша паперы, на яго ў той ці іншай ступені ўплываюць вопыт папярэднікаў, традыцыі. На якія творчыя ўзоры вы арыентаваліся, чаму абралі менавіта раманную жанравую форму аповеду? Для мяне, напрыклад, гэта было вельмі нечаканым…
— Прызнаюся, калі працаваў над «Улісам з Прускі», спрабаваў прыгледзецца і ўчытацца ў славуты джойсаўскі «Уліс». Магчыма, нешта пераняў, у чым, аднак, не ўпэўнены. Хацеў быць маторным і лаканічным, але мае намеры асаджваў сам матэрыял. Я не палічыў патрэбным вынаходзіць нейкія новыя формы, новыя словы. Зрэшты, мне гэта не пад сілу. Зразумеў аднак, што раманаў столькі ж, колькі раманістаў. Гэтым, як сёння кажуць, мэмам і кіраваўся. Апроч усяго, дапамагаў, як ні дзіўна, і сам жанр. Раман, як вядома, валодае сваёй, не падкантрольнай аўтару, логікай і сілай. Гэта адчуваеш у час працы.

— Нашы даследчыкі ў сучаснай беларускай літаратуры вылучаюць некалькі відаў ці тыпаў раманнага жанру. Які тып рамана вы вырашылі развіваць і чаму, што хацелі зрабіць у ім асноўным?
— Мы з вамі неаднойчы гаварылі пра тое, што беларуская літаратура спрадвеку збівалася на трэн, на плач, я імкнуўся пазбягаць жаласных нотаў, захаваць бадзёрасць і аўтэнтычнасць. Памятаў аднак словы Пушкіна пра Радзішчава: «Нет убедительности в поношениях, и нет истины, где нет любви». Працуючы, зразумеў, што пісьменніцтва — ледзь не адзіная магчымасць захаваць адыходзячы, павернуты ў мінулае, асуджаны на знікненне і на вачах знікаючы свет, аднак мінулае, пражытае патрабавала аналітычнага ўспрымання, «незамыленага», як цяпер кажуць, погляду, а нярэдка і перайначвання агульнавядомага.
Ад нашага, і не толькі ад нашага, пакалення была схавана, утоена гісторыя Беларусі. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, скажу толькі, што гісторыя нашага народа — гэта ў значнай ступені ланцуг паразаў, але ён выжыў. Я імкнуўся да інфармацыйнай насычанасці, хацеў стварыць сваю суб’ектыўную версію нашай навейшай гісторыі на падставе асабістага досведу і досведу свайго пакалення. Некаторыя чытачы мне казалі: ты хочаш стварыць нацыянальна-культурны код Беларусі. Мне гэта не па сілах, аднак, думаецца, што асобныя тыповыя і паказальныя трэнды часу я ўлавіў.

Мой дзядуля Лявонцій Міхайлавіч Сцепанюк у маладосці, на пачатку ХХ стагоддзя, кінуўся ў ЗША, прабыў там сем гадоў, з 1906-га па 1913-ты. Працаваў цяжка, але здолеў расплаціцца з даўгамі, якія накапіліся, калі будаваў хату, — васемсот рублёў царскімі. Высылаў праз банк. У дзяцінстве і пазней я часта чуў яго ўспаміны. Дзе толькі ні працаваў! Паказаў сябе чалавекам трывалым і жыццястойкім. У Штатах сустрэў нямала цікавых людзей, у тым ліку земляка свайго Андрэя Кляновіка. Лявон Кужаль і Андрэй Кляновік — людзі новага часу — зразумелі: каб жыць, трэба дзейнічаць. Але жылі і дзейнічалі кожны па-свойму. З гэтага я і пачаў. Кожны займаецца сваім, робіць сваё. Свет — сукупнасць магчымасцей.
— У чым вы бачыце, калі можна так сказаць, сваю асноўную заслугу як пісьменніка?
— Мае раманы — не «аўтафікшн». Я не спыняўся і перад тым, каб інвеставаць у творчы працэс розныя думкі і фантазіі, таму што без выдумкі раман засыхае. Галоўную сферу пісьменніцкай увагі бачыў найперш у чалавеку, у яго характары, думках і ўчынках, у яго лёсе. Пры гэтым мяне цікавіла і гармонія чалавечага духу, і яго цёмныя глыбіні. Сучаснае мастацтва, у тым ліку і літаратура, часта адрасуюцца на ўспрыманне падсвядомасцю. Я пайшоў больш традыцыйным шляхам, арыентуючыся на рэалізм. Архаіка ў маёй свядомасці змагалася з мадэрнам і наадварот. Што ўрэшце атрымалася, меркаваць вам.
Зараз геніяў не відаць, але агмень у родным доме не павінен гаснуць і астываць, каб, калі хто аб’явіцца, не пачынаў на голым месцы. Рады буду, калі мае меркаванні з’явяцца нагодай для дыскусіі як матэрыял і інструмент міжасобасных навуковых стасункаў.

— Над чым вы працуеце зараз?
— Цяпер працую над апошнім, заключным творам пад умоўнай назвай «Дарагое жыццё», у якім дзейнічаюць і тыя ж, і новыя героі.
— Вялікі дзякуй вам, дарагі Уладзімір Васільевіч, за шчырыя і глыбокія адказы! Сардэчна віншую вас з юбілеем і жадаю новых навуковых і творчых здабыткаў!
Мікола МІКУЛІЧ
Источник: https://zviazda.by/be/news/20221226/1672054669-bez-vydumki-raman-zasyhae-uladzimiru-gnilamyodavu-85