Бацькоўскі парог Ярашукоў

P8018830За ўзорнае ўтрыманне свайго дома і прыдамавой тэрыторыі летась Падзячным пісьмом райвыканкама адзначана сям’я Ярашукоў. Гэта сядзіба па вуліцы 1-е Мая ў Каменцы прыемна радуе вока – ладны домік, і вакол яго парадак, дагледжаныя дарожкі, прыгожая альтанка, летам у двары – мноства кветак.

Нават агароджа, хоць і ажурная, але незвычайная – зверху дошчачкі, кожная з якіх прымацавана вінцікамі.

Святлана Мікалаеўна і Анатоль Сямёновіч Ярашукі – жыхары Брэста. У спадчыну гэты дом дастаўся жонцы. І адразу паўстала пытанне, што з ім рабіць: прадаць, як робяць многія, ці захаваць, а, значыць, даглядаць і перабудоўваць…

– З чаго ўсё пачалося? – адрасую пытанне гаспадарам.

– З сямейнага савета, – адказала Святлана Мікалаеўна. – Сыну Яўгену тады было 27, у яго сям’і – двое дзяцей, жыве ён таксама ў Брэсце, падпалкоўнік МНС. А ў свой час атрымаў у вну спецыяльнасць інжынера-механіка. Увогуле, ён майстар на ўсе рукі. І Яўген сказаў: “Прадаць дом заўжды можна… А куды паедзем на адпачынак? Хай застанецца, гэта ж памяць аб продках”…

Так і зрабілі. Не пакінулі сядзібу на волю лёсу, а пачалі пакрысе перабудову. Найперш знеслі старыя хлеўчукі. Пачалі перапланіроўку самога дома, яго аздабленне – дзе гіпсакардонам, дзе іншымі матэрыяламі.

 Хоць праведзена цэнтральнае ацяпленне, печкі пакінулі…

– Святлана Мікалаеўна, некаторыя кажуць, што, маўляў, абы мець грошы, тады з любой хаты можна зрабіць палац…

– Каб мы спадзяваліся толькі на свае зберажэнні, да гэтай пары яшчэ вялі б рамонт… Так, будаўнічыя матэрыялы дарагія, але толькі на іх і трацілі грошы: усё майстравалі-прыладжвалі сваімі рукамі. Працавалі і дарослыя, і падлеткі, усе выхадныя ў нашым двары круцілася бетонамяшалка. Галоўны майстар, вядома, сын. Хоць ён, як спецыяліст, адзначаў, што лягчэй будаваць новае, чым перарабляць старое. Кожная плітка, кожная дошчачка прымацавана яго рукамі. Урэшце, тое і цэніш па-сапраўднаму, што сам вырабіў.

– Вы ж не толькі майстры, але і агароднікі, кветкаводы…

– Агародам ўсе пакрысе займаемся, – адзначыў Анатоль Сямёнавіч. – А галоўныя кветкаводы – жонка і нявестка Вікторыя. Вядома, можна было б купляць і агуркі, і памідоры, і бульбу ў магазіне, на рынку. Але ж сваё – заведама чыстае, ды і вырошчваць самім – карысны занятак для пенсіянераў. Невыпадкова кажуць: рух – гэта жыццё…

Мне паказалі здымкі з прэзентацыі сядзібы, і з гэтага “дасье” ўражанне аб Ярашуках стала больш глыбокім. Аказваецца, у іх разнастайныя і цікавыя захапленні: сын – не толькі майстар-тэхнік, спецыяліст МНС, ён – умелы рыбалоў. Яго настаўленне для малодшых – “Рабі, як я, рабі лепш за мяне!” І кожны ў сям’і – кветкавод, агароднік і грыбнік, у тым ліку ўнукі гаспадароў сядзібы – 15-гадовая Дар’я і 14-гадовы Кірыл. А яшчэ запомнілася назва аднаго з раздзелаў камп’ютарнага сямейнага альбома – “Робім з задавальненнем!” Пэўна, у гэтым і сакрэт поспеху: калі на сваёй сядзібе, у доме праца – не абуза, а задавальненне, – усе цяжкасці можна адолець.

Апошняе з намечаных загадзя пытанняў пра тое, хто ж прадоўжыць трымаць лад на сядзібе, агучваць не было патрэбы: стала відавочным, што спадчына – у надзейных руках. І сын, яго дзеці, для якіх тут кожны куточак – родны, будуць берагчы і шанаваць зробленае сваімі рукамі. І гэта, бадай, галоўнае: берагчы і памнажаць здабыткі свайго роду, свайго дома, з якога пачынаецца Радзіма.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий