Баранкаўскі завітанак

DSC_4090Такую яркую назву атрымала свята вёскі, дзе ўсяго 19 жыхароў, а палова сядзіб – пад апекай дачнікаў-нашчадкаў, якія жывуць у гарадах, але не забываюць свае Баранкі, прыязджаюць сюды не толькі летам. Урачыстасць, на якую сабраў землякоў Відамлянскі сельскі Савет, была наладжана 11 жніўня на аграэкасядзібе “Тры калодзежы” Сяргея і Наталлі Раманюкоў (тая сядзіба таксама некалі перайшла ў спадчыну Сяргею ад бабулі).

Ідэя правядзення ў маленькіх вёсачках такіх мерапрыемстваў нараджалася паступова. Амаль тры гады назад у Відамлянскім сельскім Савеце была створана ініцыятыўная група, якая паставіла перад сабой складаную і перспектыўную задачу – укараненне на сваёй тэрыторыі стратэгіі ўстойлівага развіцця. Дзеля больш эфектыўнага вырашэння гэтай мэты пры падтрымцы “Фонду Еўразія” быў створаны інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці, аграэкатурызму і сельскаму прадпрымальніцтву, які згуртаваў ініцыятыўных, неабыякавых да праблем свайго рэгіёна людзей. Сярод накірункаў, якія імкнецца развіваць ініцыятыўная групаі яе лідар старшыня сельскага Савета Марына Каралюк, значыцца правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў, фестываляў у маленькіх населеных пунктах. Сёння гэта ўжо можна назваць традыцыяй у сельсавеце.

Усё, зробленае на сядзібе Раманюкоў (не без дапамогі мэтавага крэдыту “Белаграпрамбанка”), стала выдатным прыкладам для творчага пераймання, магчымасці стварыць бізнес і ў маленькай вёсцы. Гэта і ёсць адзін з аспектаў ўстойлівага развіцця рэгіёна.

Да ўсіх, хто завітаў у гэтую ўтульную мясціну, звярнулася старшыня сельскага Савета Марына Каралюк, найперш – са словамі ўдзячнасці жыхарам Баранкаў, якія, хоць і DSC_4025шаноўнага ўзросту, але трымаюць свае падворкі ў парадку. Простая мова западае ў душу, і, напэўна, на наступны год вёска будзе яшчэ больш квяцістай і вабнай. Эстафету “Грушаўскага світанка”, праведзенага летась, пераняў стараста Баранкаў Сцяпан Грачанік. А ідэю такіх сустрэч-фэстаў у вёсках, якіх на тэрыторыі сельсавета 25, найперш падтрымалі ААТ “Відамлянскае”, абласны і раённы камітэты прафсаюза работнікаў дзяржустаноў, старасты вёсак і іншыя неабыякавыя да свайго краю актывісты.

Апладысментамі было сустрэта паведамленне дырэктара ААТ “Відамлянскае” Міхаіла Страпко аб тым, што ў гаспадарцы завершана жніво, што намалочана больш за 10 тысяч тон зерня, што выкананы план продажу яго дзяржаве – 2,5 тысячы тон… Час ад часу вяскоўцаў запрашалі на імправізаваную “сцэну”: падарункі ўручылі тым, хто нямала год аддаў працы ў тутэйшым калгасе; адзначаны гаспадыня дбайна дагледжанай сядзібы Ганна Наўцэня і найпершы памочнік у вёсцы Сцяпан Грачанік… (Дарэчы, паводле яго досведу, Баранкі атрымалі сваю “смачную” назву ў той час, калі напрыканцы памятнага 1812 года адступаў на захад Напалеон; з той радаснай нагоды тутэйшыя сялянкі пяклі пірагі і гатавалі абваранкі-абаранкі). Напрыканцы ўрачыстасці сімвал вясковага дабрабыту – збан са збожжам – быў перададзены старасту Млыноў Рыгору Алексюку, дзе наступным летам адбудзецца не менш цікавая імпрэза.

DSC_4061Госці свята з задавальненнем слухалі выступленні вакальнай групы “Вечарынка” і дзіцячага фальклорнага гурта “Струмок”, прадстаўнікоў клуба творчай моладзі “Свой круг”, якія створаны пры Відамлянскім Доме культуры. Была арганізавана цікавая і карысная акцыя для дзяцей – майстар-клас па вырабу сувеніраў. Пакуль малодшае пакаленне асвойвала майстэрства гэтага рамяства, дарослыя перамясціліся на другую пляцоўку фестывалю – сядзібу старасты Сцяпана Грачаніка. Там была наладжана дэгустацыя Сцяпанавай рыбнай юшкі, баранкаўскіх пачастункаў, прысмакаў з Млыноў, гасцінцаў з Плянты (госці з суседніх вёсак прыехалі і прыйшлі не з пустымі рукамі). Былі падведзены вынікі конкурсу “Самы круты абаранак у свеце!”.

Паводле меркаванняў людзей, якія прыйшлі на свята, яно атрымалася. Гэта надае яго арганізатарам больш энтузіязму і жадання ў будучым развіваць гэты накірунак, каб, па словах Марыны Каралюк, у такіх прыгожых мясцінах гучалі не толькі птушыныя спевы, але і дзіцячыя галасы, звонкая музыка, каб збіраліся госці, многа гасцей, як на свяце ў Баранках.

 

Галіна НОВІК.

Фота Івана КАРАГОДЫ.

DSC_3992 DSC_3994 DSC_4124 DSC_4164

Добавить комментарий