Бадзёрыя. Разумныя. Смелыя. Маладыя

OLYMPUS DIGITAL CAMERAДАВЕДКА

Аксана ВЫСАГРОЦКАЯ, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”.

Па натуры – халерык. Яшчэ падчас вучобы ў Навіцкавіцкай СШ выдзялялася актыўнай жыццёвай пазіцыяй. На выдатна скончыла Гродзенскае вучылішча мастацтваў па спецыяльнасці “арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў вольнага часу”. Працавала дырэктарам Хадасоўскага сельскага Дома культуры, педагогам-арганізатарам Навіцкавіцкай СШ. Актыўна супрацоўнічала з моладдзю, лёгка знаходзячы з ёй агульную мову, што пазней прыдалося ў рабоце. У Беларускім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна завочна атрымала юрыдычную адукацыю.

У 2005 годзе змяніла на пасадзе першага сакратара райкама БРСМ Ларысу Семянюк, чые словы “Паспрабуй! Гэта работа для цябе!” сталі прароцкімі. Пяць гадоў плённай працы (да дэкрэтнага водпуску, які нядаўна скончыўся) поруч з другім сакратаром Таццянай Чыжык прынеслі немалы плён, што пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды. Вяртанне да любімай работы з новымі ідэямі і свежымі сіламі абяцае моладзі Камянеччыны шмат цікавага і захапляльнага.

Напярэдадні раённай справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая адбудзецца 17 красавіка, пагутарым з Аксанай Аляксандраўнай аб…

– Якую з пярвічак БРСМ раёна выдзяляеце асабліва?

– Зладжана працуюць у школах №1 у Каменцы, Пелішчанскай, Навасёлкаўскай, Хадасоўскай… Шчыра дзякую за актыўнасць педагогам і вучням, а асабліва – начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Віктару Грыцуку. Апошнім часам радуе і пярвічка камянецкай школы пад нумарам два. Выдатным сакратаром тут стала пераможца сёлетняга конкурсу “Камянецкая вясна” Вольга Рэй. Было б цудоўна, каб у кожнай школе быў такі маладзёжны лідар! Радуе таксама пярвічная арганізацыя БРСМ Высокаўскага сельгаскаледжа. Прынамсі, усіх не пералічыш…

– А што датычыцца рабочых пярвічак?

– Тут называю тую, што дзейнічае ў ААТ “Белавежскі”. Яна самая вялікая па колькасці і самая актыўная. Гэтаму спрыяе многае, у тым ліку і падтрымка генеральнага дырэктара гаспадаркі Юрыя Мароза, якому вельмі ўдзячна.

– Райкам актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях БРСМ. А якія ўласныя праекты ўвасабляеце ў жыццё?

– Напрыклад, вышэйзгаданы конкурс прыгажосці “Камянецкая вясна”, што праходзіў у інтэрнэце, быў нашай ідэяй. Не забываем і пра Год гасціннасці… Сёння на старонцы райкама ВКонтакте ідзе галасаванне за самую значную славутасць раёна, лідзіруе Камянецкая вежа. Прыжылася таксама і традыцыя ўручэння членскіх білетаў БРСМ на пагранічных заставах. Іх у нас шэсць, плюс адна воінская часць. Наведванне іх, знаёмства з буднямі ваеннаслужачых выхоўваюць патрыятызм. Акрамя таго, з 2007-га штогод ладзіцца святочнае прысвячэнне ў маладыя спецыялісты “Белавежскага”, пачынальнікам якога таксама быў райкам.

– У якіх накірунках сёння працуе раённы камітэт?

– Перш-наперш у грамадзянска-патрыятычным, гэта асабліва актуальна напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нядаўна, напрыклад, прайшоў суботнік, падчас якога БРСМаўцы прыбралі вуліцу, што носіць імя героя Вялікай Айчыннай, – Пятра Піўненкі. З мэтай духоўна-маральнага выхавання праводзім сустрэчы маладых людзей са свяшчэннікамі, у бліжэйшы час прапануем сваю дапамогу ў веснавой уборцы ля Свята-Сімяонаўскай царквы ў Каменцы. Акрамя таго, ладзім працоўныя і спартыўныя акцыі, падтрымліваем валанцёрскі рух, прапагандуем здаровы лад жыцця.

– Чым, на Ваш погляд, вабіць моладзь БРСМ?

– Актыўны малады чалавек, які хоча быць карысным, мае шмат ідэй і энергію ўвасабляць іх у жыццё, знаходзіць прымяненне ўсяму гэтаму ў нашым аб’яднанні. Мы дапамагаем рэалізавацца, спазнаць шмат новага, знайсці сяброў-аднадумцаў. Дрэннаму дакладна не навучым. (Усміхаецца.)

– Як знаходзіце агульную мову з маладымі?

– Стараюся паказаць, што мы роўныя. Заклікаю ўсіх прыходзіць, дзяліцца набалелым. Шчырасць збліжае…

– Якая, на Ваш погляд, сучасная моладзь?

– Разумная, “продвинутая”, як цяпер кажуць, але, на жаль, часта безыніцыятыўная. Гэтаму спрыяе і інтэрнэт. Навошта некуды ісці і нешта арганізоўваць, калі можна бавіць час перад маніторам? Такая логіка мне не вельмі падабаецца.

– Як жа адцягнуць маладога чалавека ад камп’ютара?

– Прапанаваць дастойную замену, чым БРСМ і займаецца.

– З якімі пачуццямі пойдзеце на справаздачна-выбарную канферэнцыю, дзе давядзецца падводзіць вынікі працы за тры гады?

– З упэўненасцю, надзеямі на вырашэнне праблем і вялікімі планамі.

– Якія праблемы маеце на ўвазе?

– Недастаткова добра арганізавана ў нас работа з працоўнай моладдзю. У бліжэйшы час планую ўшчыльную заняцца пярвічнымі арганізацыямі асобных сельгаспрадпрыемстваў. Там ёсць база для плённай грамадскай работы, нельга губляць шанц. Акрамя таго, трэба больш працаваць з “цяжкімі” падлеткамі.

– Што яшчэ ў планах?

– Магу дадаць, што хутка зоймемся арганізацыяй летняга працаўладкавання моладзі, каб змаглі і адпачыць, і зарабіць. Сярод сем’яў, што працуюць у вёсцы, будзем выбіраць “Уладара сяла”. Правядзём спаборніцтвы каманд Клуба вясёлых и знаходлівых.

– Як бы Вы расшыфравалі абрэвіятуру БРСМ?

– Бадзёры. Разумны. Смелы. Малады.

Добавить комментарий