Багатыя не толькі драўнінай

Напярэдадні прафесійнага свята наш карэспандэнт гутарыў з ляснічым Камянецкага лясніцтва І.М. МАЦЮШЫКАМ, які ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гас-

падаркі Рэспублікі Беларусь.

– Ігар Міхайлавіч, раскажыце, што ўяўляе сабой Камянецкае лясніцтва?

– Утворана яно ў 1939 годзе. Лясны фонд займае 7,3 тысячы гектараў (гэта два майстарскія ўчасткі і 10 абходаў). Сярэдні ўзрост дрэў – 51 год, з іх 73,4% – хвойныя пароды. Па ўзроставай структуры маладнякоў – 20%, сярэднеўзроставага лесу – 61,3%. Больш падрабязна пра  нашы лясныя ўгоддзі расказвае таблічка ля ўваходу ў лясніцтва.

–  Так, пра лес уяўленне маем. Але ж лясніцтва – найперш людзі, яго работнікі…

– Па штаце ў нас да 30 чалавек, на летні сезон набіраем больш. Назаву ветэранаў працы, якія ўжо на заслужаным адпачынку. Гэта леснікі Уладзімір Сідаравіч Ярашук, Міхаіл Данілавіч Кушнярук, Аляксандр Ігнацьевіч Грыцук. Сярод працуючых – ляснік з 20-гадовым стажам, абход якога ля Пелішча, Пётр Іванавіч Шамчук. Такі ж стаж і ў лесніка Рыгора Аляксеевіча Піскура, яго абход бліжэй да Каменца. Майстар лесу Рыгор Піліпавіч Хамічук шчыруе ўжо 23 гады. Вызначыліся ў працы і другія работнікі. Так, неаднаразова заахвочваўся адзін з лепшых у Брэсцкім лясгасе трактарыст  па тралёўцы і вывазцы лесу Віктар Краўчук, граматы лясгаса ўдастоены вадзіцель лесавоза Васілій Казлюк. Маладыя не адстаюць: сярод вальшчыкаў лесу лепшыя Васілій Сабалеўскі і Вячаслаў Фісюк,  апошняму ўсяго 28 гадоў, а ён ужо неаднойчы заваёўваў прызавыя месцы на конкурсах сярод сваіх калег у лясгасе.

– Пэўна, поспехамі ў працы сустракае прафесійнае свята і ўвесь калектыў лясніцтва?

– Так. Сёлета два кварталы запар займаем другія месцы ў лясгасе па вытворчых паказчыках. Сёлета мала вялося пасадак маладняку, у асноўным,  даглядаем лес. Але радуюць вока падросшыя пяцігадовыя ўжо дрэўцы ля Каменца (у 33,8 га) – там сёлета насельніцтва  масава збірала грыбы. Лес – гэта не толькі драўніна, але і лясныя дары, і фітанцыды, гэта, урэшце, зона адпачынку. Таму звяртаюся да мясцовых жыхароў – будзьце сябрамі лесу, беражыце яго ад агню і не засмечвайце – сюды прыйдуць адпачываць вашы дзеці і ўнукі…

– Скажыце, а якія паслугі насельніцтву аказвае лясніцтва?

– І насельніцтву, і жыллёва-камунальнай гаспадарцы, і райпалівазбыту найперш нарыхтоўваем драўніну – у асноўным, на дровы,  каля 12 тысяч кубаметраў штогод. Гэта не значыць, што сячэм  лес без разбору – найперш, шмат драўніны даюць высечкі догляду. І з улікам маладых пасадак у нас штогод лес прырастае. Сёлета таксама нарыхтавалі і рэалізавалі 70 тон бярозавага соку, напрыканцы мінулага года – 2600  навагодніх ёлак, прадаём лазневыя венікі і гаспадарчыя мётлы… Да нас можа звярнуцца кожны, чаго няма сёння, нарыхтуем заўтра…

– Напрыканцы Вашы пажаданні…

– І  калегам па працы, і ўсім жыхарам раёна зычу добрага здароўя, шчасця, дабрабыту. І яшчэ – каб кожны атрымліваў радасць ад сваёй працы.

Гутарыў Георгій ПАРАФЯНЮК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий