Усё больш папулярнымі сярод камянецкіх пенсіянераў становяцца камп’ютарныя курсы. Аб’яўлены ў снежні мінулага года набор на навучанне новым інфармацыйным тэхналогіям паклікаў на заняткі ў студзені 2014-га.
У аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі спачатку пад кіраўніцтвам загадчыцы Святланы Парафянюк, а цяпер – спецыяліста па сацыяльнай рабоце Марыны Абрамчук працуе гурток па навучанні элементарным навыкам работы на камп’ютары пажылых людзей. Запісаліся 10 чалавек. Па аўторках, серадах і чацвяргах яны прыходзяць у ТЦСАН і на працягу адной гадзіны добрасумленна асвойваюць азы камп’ютарнай пісьменнасці. Навучанне бясплатнае. Настаўнікі аднадушна адзначаюць вялікі інтарэс сваіх вучняў з сівымі скронямі да сучасных тэхналогій зносін і пошуку інфармацыі.
Падчас нашага знаёмства з работай гуртка за камп’ютарамі працавалі Лідзія Яфімаўна Сахарчук і Людміла Аляксандраўна Гапоненка. Першая з іх адзначыла, што хоча купіць ноўтбук, каб мець зносіны з унукамі, якія жывуць у Мінску, Маскве, Днепрапятроўску. А пакуль на занятках вучыцца шукаць інфармацыю ў Інтэрнэце, карыстацца электроннай поштай, ствараць свае “папкі” і друкаваць, рэгістравацца ў сацыяльных сетках і ў скайпе.
А Людміла Аляксандраўна не без гонару зазначыла, што мае “круты” планшэт (зяць падарыў). Ёсць вэб-камера. Калі нявестка была ў Італіі, бачылі яе і гаварылі з ёю кожны дзень. Вельмі добрая тэхніка! Хуткімі тэмпамі асвойвае яе, каб і навіны пачытаць, і кінафільм сучасны паглядзець, і электронную пошту атрымаць ад дзяцей: сын – у Маскве, дачка – у Мінску… Калі што дома ў праграме “накруціць”, на дапамогу кліча Максіма Ізотава, які прадае камп’ютарную тэхніку ў магазіне “Онікс” у Доме быту, і той кансультуе жанчыну па ўзнікаючых пытаннях.
Гурток таксама наведваюць камянчане Святлана Аляксееўна Хамікава, муж і жонка Георгій Андрэевіч і Вольга Іосіфаўна Данілюкі, з Ліпны са сваім ноўтбукам прыязджае Вольга Лявонцьеўна Ліцкевіч… Мэты ва ўсіх розныя: знайсці аднакласнікаў, мець зносіны з дзецьмі і сябрамі, якія жывуць у іншых гарадах, скарыстаць камп’ютарныя тэхналогіі для свайго ўдасканалення, каб можна было знайсці патрэбную інфармацыю.
Асвойваць камп’ютар у такім шаноўным узросце не зусім проста. Але, як адзначаюць выкладчыкі гуртка, у іх вучняў трэба павучыцца мэтанакіраванасці і адказнасці, з якімі тыя прыходзяць на заняткі. Каб не адставаць ад сучаснасці.
Праўда, для заняткаў з пенсіянерамі выкарыстоўваюцца толькі два старэнькія камп’ютары, якія даволі часта псуюцца. І тады ўжо і настаўнікам, і іх вучням не да вучобы. Магчыма, знойдуцца добрыя спонсары: пры набыцці ў свае офісы новай тэхнікі падораць спісаную, якая яшчэ будзе карыснай для іншых.
Вера ІВАНЮКОВІЧ.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Узнаем с помощью теста, насколько хорошо вы знаете свой родной Каменецкий район
-
Радость в каждый дом: представители ОАО “Беловежский” поздравили детей в опекунских семьях
-
Фоторепортаж. Районные соревнования «Снежный снайпер» в Каменце. День первый
-
Единый день информирования прошел в Высоковском аграрном колледже
-
Ола – трагедия и боль белорусской нации